Генадзь ГРЫШЫН: “Я паставіў свечку за перамогу сына, а яго жонка глядзела спаборніцтвы на каленях”

Источник материала:  
Генадзь ГРЫШЫН: “Я паставіў свечку за перамогу сына, а яго жонка глядзела спаборніцтвы на каленях”Бацька алімпійскага чэмпіёна Аляксея ГРЫШЫНА -- Генадзь Геньевіч расказаў “Народнай Волі”, як іх сям’я ў Мінску дапамагала сыну перамагаць на Алімпіядзе ў Ванкуверы.-- Не спалі з маці ўсю ноч, -- прызнаецца Генадзь Геньевіч. -- З задавальненнем назіралі за перамогай Аляксея, непрыемна было, што Дзіма Дашчынскі няўдала скокнуў у першай спробе… Парадаваў Цімафей Слівец -- для яго восьмае месца -- вельмі нават добры вынік. Але, безумоўна, уся ўвага была скіравана на сына. Ён планаваў залаты медаль, хоць ведаю, што многія не верылі ў гэта. Шмат хто абмяркоўваў “фантастычныя” задумкі Аляксея, казалі, што ўсё гэта нерэальна. Тым не менш атрымалася так, як ён задумваў.

-- А ў вас было прадчуванне таго, што сын стане першым?

-- Калі шчыра казаць, то была цвёрдая ўпэўненасць, што проста заваюе медаль. Не залаты. Але думаў, што да “серабра” дабярэцца. Хоць Лёша казаў толькі аб “золаце” -- аб меншым і не марыў. Відаць, сам адчуваў гэта. Я напярэдадні Алімпіяды ў тэлефоннай гутарцы нават па-добраму параіў яму менш казаць аб першым месцы. “Не, -- адказвае, -- будзе “золата”. Ну золата дык золата -- хто ж супраць!

-- Адкуль у яго такая ўпэўненасць была?

-- Напэўна, верыў у сябе і свае магчымасці. Таму што другі складаны скачок у Аляксея яшчэ падчас трэніровак атрымліваўся цудоўна. Ён мне не аднойчы аб гэтым казаў. Што з ім можна скласці канкурэнцыю каму заўгодна.

-- Балелі з Аленай Леанідаўнай эмацыянальна?

-- Эмацыянальна я магу балець, калі гляджу футбол ці хакей. А тут мы сядзелі моўчкі. Можа, гэта нейкі жывёльны страх, каб не напалохаць сына нават на адлегласці. Адным словам, калі Лёша выконваў сваю праграму, мы з маці сядзелі так ціха, што словамі не перадаць. І нават пасля таго, калі ўжо стала зразумела, што наш сын -- алімпійскі чэмпіён, мы з жонкай яшчэ з паўгадзіны не маглі нічога сказаць. Як у шокавым стане былі! Толькі затым пачалі бегаць, мітусіцца, нешта шукаць… Нехта нешта не туды паклаў, не там забраў. Я спачатку тэлефон згубіў, затым акуляры. Пасля знайшоў іх, пасля зноў згубіў... І вось так да сямі раніцы -- усё бегалі і нешта шукалі.

-- Жонка сына балела асобна?

-- Так, на гэты раз яна вырашыла нікога не запрашаць. Глядзела трансляцыю, стоячы на каленях…

-- Вы сур’ёзна?

-- На поўным сур'ёзе! Не Богу малілася, але на каленях стаяла. Хто ведае -- можа, і дапамагло. Як кажуць, флюіды.

-- У вас нейкія прыкметы ёсць, калі сын выступае?

-- Безумоўна, але не буду іх раскрываць. Няхай гэта будзе маё асабістае. Скажу толькі, што перад выступленнем Аляксея я праводжу шэраг абавязковых дзеянняў. Хоць не буду скрываць, што абавязкова хаджу ў царкву і стаўлю свечкі Георгію Пабеданосцу, Мікалаю Цудатворцу і Госпаду Богу. Перад фіналам гэта таксама зрабіў.

-- А ў якую царкву ходзіце?

-- Ёсць такая невялічкая мінская цэркаўка на вуліцы Кнорына. Там вельмі добразычлівыя людзі, заўсёды падказваюць, якую малітву мне трэба прачытаць, бо, шчыра кажучы, я чалавек не асабліва веруючы. Але традыцый прытрымліваюся.

-- Неяк ваш сын сказаў у інтэрв’ю, што яму ўжо не аднойчы казалі: маўляў, ты ўсё роўна больш нічога не дасягнеш у спорце, сыходзь з дыстанцыі…

-- Было і такое, але Лёша заўсёды хацеў выступіць яшчэ і на Алімпіядзе ў Сочы. Не ведаю, як там атрымаецца далей.

-- Аляксей заявіў у Ванкуверы, што зараз, пасля перамогі на Алімпіядзе, ён марыць аб папаўненні ў сям’і. Як вы да гэтага ставіцеся?

-- Даўно пара ўжо!

-- Сын, акрамя спорту, займаецца яшчэ і бізнесам?

-- Наколькі мне вядома, у яго сябра -- кампанія, нечым там дапамагае.

-- Як будзеце сустракаць алімпіёніка?

-- Заказалі чатырохкілаграмовы торт, на якім будзе напісана: “Ванкувер-2010. Аляксей Грышын”. І залаты медаль няхай прыгожы зробяць… Трэба ж і нам паспрабаць яго на смак.

←Дарья Домрачева привезла «бронзу» Олимпиады на родину

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика