Воўк Люты, Рысь і Бульбаш. З падачы чытачоў “НГ” гэтыя персанажы прэтэндуюць на званне сімвала хакейнага чэмпіянату-2014
Яшчэ ў канцы мінулага года наша выданне аб’явіла конкурс “Ідэя — ваша, талісман — народны”, ці “Пошукі свайго “алімпійскага мішкі”. Як высветлілася, беларусам не абыякавы лёс сімвала лядовага форуму, які ўпершыню пройдзе ў Мінску. Чытачы “Народнай газеты” актыўна далучыліся да пошуку народнага героя, які б падкрэсліваў: краіна — гаспадыня чэмпіянату свету-2014 менавіта Беларусь.
Нагадаем варыянты талісманаў, з якімі мы вас ужо знаёмілі (глядзіце нумары за 28 лістапада 2009 года і 6 лютага 2010-га). Гэта чалавечыя сімвалы з беларускіх песень і казак — Ясь і Яніна, Несцерка, Дзед Барадзед, а таксама так званы легіянер — іншапланецянін Айс. Сярод прапанаваных “НГ” талісманаў былі і прадстаўнікі раслінна-жывёльнага свету: бульбачка Буліт, конь на каньках, зубраня, бусел і вавёрка. На гэты раз мы прадстаўляем вам новыя ідэі. Аказалася, сярод беларусаў шмат кемлівых і крэатыўных, бо варыянты не паўтараюцца.Наш чытач інжынер Андрэй Барджэеў прапанаваў у якасці талісмана ваўка. Сваю версію мінчанін абгрунтаваў так: “Са старажытных часоў татэмнай жывёлай ліцвінаў-люцічаў, якія склалі аснову беларускага этнасу, з’яўляўся воўк-лют. Акрамя таго, культ гэтага звера не сустракаецца ў нашых суседзяў”. Ідэя нам спадабалася, бо такіх версій нашаму выданню яшчэ не дасылалі, ды і воўк па мянушцы Люты — арыгінальны народны сімвал беларускага чэмпіянату свету, улічваючы, што хакей у нашай краіне амаль нацыянальны зімовы від спорту, а люты — якраз адзін з зімовых месяцаў.Зацікавіла нас таксама і прапанова даўняй сяброўкі “Народнай газеты”, дырэктара Лепельскага дома рамёстваў Алены Барадзейка. На яе думку, лепшы талісман чэмпіянату свету ў Мінску — рысь, якая ўключана ў Чырвоную кнігу Беларусі. “Гэтая жывёла характэрна для нашай краіны, ёсць рысі і ў нашым Бярэзінскім біясферным запаведніку, — тлумачыць Алена. — Ды і глядзецца на трыбунах гэты драпежнік будзе вельмі прыгожа, бо ў яго насычаны колер, мяккая поўсць, а на вушах — прывабныя “кутасікі”. Лепяльчанка мае рацыю: рысь сапраўды — адзін з лепшых кандыдатаў стаць талісманам лядовых баталій. Нездарма гэты звер — сімвал хакейнага клуба “Гомель”. Сталічны фатограф Андрэй Ганчар вырашыў адысці ад тыповай для талісманаў звярынай тэматыкі. Ён бачыць у якасці аптымальнага народнага талісмана Бульбаша. Маўляў, беларусаў ва ўсім свеце ведаюць як вялікіх аматараў бульбы, таму і прадстаўляць чэмпіянат планеты ў Мінску павінен менавіта гэты каларытны персанаж. Паводле слоў Андрэя Ганчара, Бульбаш знешне нагадвае гнома, прычым у яго абавязкова павінны быць добрыя вочы.
Выбіраем талісман разам!Увага! Вы можаце далучыцца да народнага конкурсу нашага выдання “Ідэя — ваша, талісман — народны”. Умовы вельмі простыя. Дасылайце нам свае варыянты малюнкаў ці паведаміце, якім вы ўяўляеце сімвал чэмпіянату свету па хакеі. Усе падрабязнасці — на нашым сайце www.ng.by. Далучайцеся!
А як у суседзяў?Для расійскіх ігракоў удачлівым сімвалам аказваўся мядзведзьНездарма кажуць, як лодку назавеш, так яна і паплыве. На ўсіх маскоўскіх чэмпіянатах свету, дзе талісманам з’яўляўся стылізаваны пад фігурку хакеіста мядзведзь (у 1973, 1979, 1986 і 2007 гадах), зборная СССР святкавала перамогу, а Расіі — уваходзіла ў тройку прызёраў. Калі ж у 2000 годзе турнір прымаў Санкт-Пецярбург, яго сімвалам стаў лось: выступленне гаспадароў завяршылася правалам —11-е месца сярод шаснаццаці ўдзельнікаў. Можа, і беларусам трэба выбраць у якасці талісмана класічнага для нашай краіны звера?