Ірына Іванаўна НОВІКАВА: “Усім бы маці такія бяссонныя ночы!”

Источник материала:  
Ірына Іванаўна НОВІКАВА: “Усім бы маці такія бяссонныя ночы!”Маці аўтара алімпійскай сенсацыі ў Ванкуверы Сяргея НОВІКАВА Ірына Іванаўна распавяла “Народнай Волі”, як віншавалі ў Чавусах яе сына, а жонка Ганна расказала, чым будзе частаваць мужа па яго прыездзе ў Магілёў.

…На наступны дзень, пасля таго як Сяргей Новікаў стаў сярэбраным прызёрам Алімпіяды, Чавусы, што ў Магілёўскай вобласці, святкавалі перамогу земляка. Бацька спартсмена Валянцін Фёдаравіч да гэтага часу працуе ў мясцовай дзіцяча-спартыўнай школе, дзе і пачынаў займацца спортам сын. Маці Сяргея Ірына Іванаўна зараз на пенсіі.

-- Ідуць журналісты і ідуць, -- уздыхае Ірына Іванаўна. -- Ды і, лічыце, цэлую ноч не спала. Тое, што сын заваяваў “серабро”, стала вядома, калі ўжо было каля гадзіны ночы па нашым часе, але ж віншаванні працягваліся.

-- Да якога часу тэлефанавалі?

-- Амаль да трох ночы. Тры гадзіны паспала -- і зноў званкі.

-- Дык вы і не паспалі?

-- Усім бы маці такія бяссонныя ночы.

-- З кім глядзелі біятлон?

-- З мужам удваіх. Больш нікога не запрашалі.

-- Калі зразумелі, што сын стане медалістам?

-- Калі фінішаваў. Было такое прадчуванне, і яно мяне не падвяло.

-- А ў Сяргея перад Алімпіядай не было такога прадчування?

-- Можа, і было, але казаў толькі: “Як Бог дасць!”

-- Сын веруючы?

-- Як і ўсе. Перахрысціцца можа, але царкву пастаянна не наведвае.

-- А вы не хрысціліся, калі сачылі за выступленнем?

-- Фігу скруціла, калі Сяргей страляў. Мы ж з бацькам думалі, што за шчасце будзе, калі сын у дзесятку мацнейшых патрапіць, а тут ён -- як рване! Малайчына.

-- А хто больш эмацыйны балельшчык -- вы ці Валянцін Фёдаравіч?

-- Я, бо магу і закрычаць: “Ся-ро-жа!” Не стрымліваю эмоцыі.

-- Уся спартыўная школа ў Чавусах таксама, напэўна, заходзілася ад радасці за земляка?

-- Так, ён жа яе выхаванец. У 13 гадоў пачаў тут займацца, пасля пераехаў у Магілёў у вучылішча алімпійскага рэзерву. Прыязджаў на пятніцу, суботу, нядзелю дадому.

-- Хто Сяргея накіраваў у біятлон?

-- Бацька, а я ж вельмі не хацела. Маленькі сын зусім быў, худзенькі, шкадавала яго. Але ж муж сам біятлонам займаўся.

-- Не галадаў у Магілёве?

-- Казаў, што нармальна кармілі. Але я таксама давала яму з сабой у дарогу агурочкі, сала. Праўда, сын не асабліва хацеў усё гэта цягнуць з сабой.

-- Хто яшчэ ў вашай сям’і, акрамя Сяргея?

-- Дзве старэйшыя дачкі.

-- Не крыўдзілі маленькага-худзенькага?

-- Мірна жылі.

-- Дадому збіраецца прыехаць пасля Алімпіяды?

-- Так, абяцаў наведацца напрыканцы лютага.

-- Чым частаваць будзеце?

-- Дранікаў нараблю, галубцоў.

-- Віншуюць вас у Чавусах?

-- Усе да аднаго! Знаёмыя і незнаёмыя.

-- Можа, які-небудзь невялікі помнік у Чавусах Сяргею паставяць?

-- Ой, ды што вы! Абавязкова напішыце, што не трэба ніякага помніка. Мы простыя, сціплыя людзі.

Сяргей з жонкай Ганнай жывуць у Магілёве, але апошняя таксама прыехала ў Чавусы раздзяліць радасць з бацькамі.

-- Уражанняў -- мора, адны эмоцыі, -- радасна кажа яна.

-- Пагутарылі з мужам адразу пасля перамогі?

-- Безумоўна. Гадзіны праз дзве яму нейкія рэпарцёры далі тэлефон, каб мог пагутарыць са мной.

-- Даўно вы пажаніліся?

-- Вясной мінулага года, хоць знаёмы пяць гадоў.

-- Як рыхтуецеся да сустрэчы мужа?

-- О, няхай гэта будзе маленькім сакрэтам! Галоўнае, каб хутчэй прыехаў. Так хочацца пацалаваць і прыціснуцца… Нават калі б і медаль не заваяваў.

←Могилевский школьник завоевал серебро на чемпионате мира по лыжному ориентированию в Румынии

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика