Аляксандр Глеб вызвалены ад абавязкаў капітана футбольнай зборнай
У беларускай футбольнай зборнай будзе новы капітан.
Як паведаміла прэс-служба Беларускай федэрацыі футбола, 9 лютага галоўны трэнер зборнай Бернд Штанге наведаў футбольны клуб «Штутгарт», дзе сустрэўся з Аляксандрам Глебам і галоўным трэнерам Крысціянам Гросам. Адбылася гутарка аб цяперашнім і наступным выступленні Глеба за клуб і зборную. Удзельнікі размовы «прыйшлі да высновы, што беларускаму паўабаронцу неабходна сістэмна працаваць над паляпшэннем фізічнай формы».
Каб поўнасцю сканцэнтравацца на паляпшэнні сваіх паказчыкаў у клубе, футбаліст папрасіў Штанге вызваліць яго ад пасады капітана нацыянальнай зборнай. Пры гэтым Глеб «падкрэсліў, што хоча максімальна дапамагчы камандзе ў адборачным раундзе чэмпіянату Еўропы-2012».
Штанге прызначыў Глеба капітанам зборнай перад пачаткам адборачнага раунда чэмпіянату свету-2010.
Новы капітан беларускай каманды будзе аб"яўлены перад першым афіцыйным матчам гэтага года.