Беларускi сцяг узняты ў Ванкуверы

Источник материала:  

Нацыянальны сцяг беларускай дэлегацыi падняты ў галоўнай Алiмпiйскай вёсцы ў Ванкуверы на XXІ зiмовых Алiмпiйскiх гульнях. Склад беларускай дэлегацыi на гэтай цырымонii быў невялiкiм. Спартсменам далi час на адпачынак i трэнiроўкi, i вырашылi не везцi iх з Вiстлера — другой алiмпiйскай вёскi ў гарах, дарога да якой складае 120 км. Цырымонiю знаёмства з дэлегацыямi адкрыла трыа iндзейцаў, якiя бiлi ў барабаны i выконвалi старажытныя песнi. Пасля мэр алiмпiйскай вёскi павiншаваў нашых спартсменаў са святам — адкрыццём Алiмпiйскiх гульняў. Па камандзе ганаровая варта ўнесла сцяг Беларусi, якi быў узняты на флагштоку побач са сцягам Мiжнароднага алiмпiйскага камiтэта. Пасля гэтага прагучаў гiмн нашай краiны.

Беларускiя хакеiсты абгулялi швейцарцаў

У ноч з аўторка на сераду нацыянальная зборная Беларусi па хакеi правяла ў Вiнiпегу адзiн з двух таварыскiх матчаў супраць швейцарцаў. Як i ў снежнi на турнiры ў Славакii, перамогу ва ўпартай барацьбе зноў атрымалi беларусы. Першую шайбу закiнуў Аляксандр Макрыцкi, а за 4 секунды да завяршэння авертайма пераможны гол забiў Алег Антоненка. На гэту гульню Мiхаiл Захараў выставiў наступны склад: Коваль; Макрыцкi—Караў, Усенка—Антонаў, Коласаў—Стасенка, Радзiнскi—Касцючонак, Дзянiсаў; Антоненка—Задзялёнаў—Кальцоў, Мялешка—Стась—Кулакоў, Угараў—Мiхалёў—Захараў, Дзямагiн. Адметна, што некаторыя абаронцы ў гэтым матчы выходзiлi ў нападзеннi. А Аляксей Калюжны з-за недастаўленай авiякампанiяй экiпiроўкi вымушаны быў назiраць за падзеямi на лёдзе з трыбуны. Галоўны трэнер беларускай каманды Мiхаiл Захараў застаўся задаволеным тым, як хакеiсты адпрацавалi ў гэтай гульнi, нягледзячы на рознiцу ў часе, доўгi пералёт i iншыя памеры пляцоўкi. Асобна трэнер вылучыў Коваля, гэтак жа, як i арганiзатары, якiя назвалi яго лепшым гульцом сустрэчы.

Сцяганосцам будзе Алег Антоненка

Упершыню нацыянальны сцяг на адкрыццi Алiмпiйскiх гульняў панясе хакеiст. Гэта будзе самы ўзроставы ў нашай камандзе ўдзельнiк Гульняў 38-гадовы Алег Антоненка. Сваю спартыўную кар'еру гэты адметны хакеiст пачынаў яшчэ ў чэмпiянаце СССР, першай яго Алiмпiядай сталi Гульнi ў Нагана-98. Яшчэ адным кандыдатам у сцяганосцы сёлета быў капiтан нашай хакейнай дружыны Руслан Салей. Дагэтуль такога гонару быў удастоены выключна бiятланiсты. У 1994 годзе сцяг нёс Яўген Рэдзькiн, у 1998 i 2006 гадах Аляксандр Папоў, у 2002-м — Алег Рыжанкоў.

У Ванкуверы не хапае снегу

Сталiцы зiмовых Алiмпiйскiх гульняў па-ранейшаму не хапае снегу. У рэгiёне ўсталявалася анамальна цёплае надвор'е, i горш за ўсё iдуць справы з правядзеннем спаборнiцтваў па сноўбордзе. Гульнi стартуюць праз дзень, i ўлады спадзяюцца, што капрызнае надвор'е не адаб'ецца на iх планах. Яны iмкнуцца выправiць сiтуацыю самастойна — да месца правядзення спаборнiцтваў на верталётах i грузавiках дастаўляюць тоны снегу з горных раёнаў краiны.

←Три новости

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика