Егіпет – пераможца Кубка Афрыкі
Зборная Егіпта стала пераможцам футбольнага Кубку афрыканскіх нацый, які прайшоў у Анголе.
У фінальным матчы 31 студзеня «фараоны» перамаглі зборную Ганы з лікам – 1:0 (Гедо, 85).
Зборная Егіпта трэці раз запар заваявала гэты трафей, што павінна крыху падсаладзіць іхны пралёт міма Чэмпіяната свету па футболе, што пройдзе нашым «летам» у Паўднёвай Афрыцы (у чэрвені – ліпені, як вядома, у паўднёвым паўшар’і – зіма). Ад Афрыкі на ЧС едуць Алжыр, Нігерыя, Кот Д’Івуар, Гана і Камерун.
Сёлетні Кубак Афрыканскіх нацый быў азмрочаны сітуацыяй вакол зборнай Тога,
аўтобус якой быў абстраляны сепаратыстамі, калі зборная ехала на турнір, у ангольскім анклаве Кабінда.
Памочнік галоўнага трэнера і прэс-аташэ тады загінулі. Зборная Тога пасля доўгага ўзважвання сітуацыі і кансультацый з кіраўніцтвам сваёй краіны знялася з турніру, хоць яе потым дыскваліфікавалі на два наступныя турніры (2012, 2014).
Напад баевікоў, што змагаюцца за незалежнасць правінцыі Кабінда, паставіў пад сумнеў наогул гарантыі бяспекі і падчас будучага Чэмпіянату свету па футболе.