Мегазорка сусветнага хакею Уэйн Грэцкі прыляцеў у Мінск
Адзін з самых вядомых спартсменаў XX стагоддзя, легенда сусветнага хакея канадзец Уэйн Грэцкі прыехаў у Мінск.
У сталіцы Беларусі ён мае намер абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва дзвюх самых моцных сусветных хакейных ліг — КХЛ і НХЛ, а таксама наведаць 30 студзеня матч зорак КХЛ у «Мінск-Арэне».
Як паведаміў Уэйн Грэцкі 30 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, ён паспеў азнаёміцца з выдатнымі мясцінамі беларускай сталіцы, даведацца пра яе гісторыю. Разам з тым з-за шчыльнага графіку ў яго не было магчымасці сустрэцца са сваімі сваякамі, якія жывуць у Беларусі.
Уэйн Грэцкі паведаміў, што яго бацька мае намер прыехаць у Беларусь летам, каб убачыць сваякоў.
Таксама падчас свайго знаходжання ў Мінску Грэцкі паспеў згуляць у хакей з Аляксандрам Лукашэнкам і галоўным трэнерам алімпійскай зборнай Беларусі Міхаілам Захаравым. Гаворачы пра ўражанні ад гульні, Грэцкі іранічна адзначыў: «Я спадзяюся, што як трэнер алімпійскай зборнай Міхаіл Захараў лепшы, чым як гулец».
Уэйн Грэцкі быў прыемна здзіўлены тым, што яго вобраз будзе скарыстаны на афіцыйнай эмблеме па хакеі 2014 года, які пройдзе ў Беларусі.
Адказваючы на пытанне, ці збіраецца ён зноў згуляць за каманду прафесіяналаў, як гэта зрабіў нядаўна ў адным з матчаў КХЛ Вячаслаў Фяцісаў, 49-гадовы знакаміты канадзец адказаў, што «занадта стары для гэтага».
У сваю чаргу прэзідэнт КХЛ Аляксандр Мядзведзеў заявіў, што ад удзелу такіх людзей, як Уэйн Грэцкі, у наладжванні ўзаемадзеяння паміж КХЛ і НХЛ будзе залежаць развіццё сусветнага хакея. Пытанне заключэння комплекснага пагаднення пра такое ўзаемадзеянне паміж лігамі будзе абмяркоўвацца падчас Алімпіяды ў Ванкуверы. Гэта пагадненне будзе ахопліваць пытанні трансферу гульцоў, а таксама супрацоўніцтва на клубным узроўні.
***
Уэйн Дуглас Грэцкі — легендарны канадскі хакеіст, цэнтральны нападаючы. У 1978 годзе перайшоў у клуб «Эдмантан Ойлерз», з якім чатыры разы выйграў Кубак Стэнлі. У Нацыянальнай хакейнай лізе, дзе Грэцкі атрымаў мянушку «Вялікі», ён устанавіў 61 рэкорд і неаднаразова заваёўваў індывідуальныя прызы лігі (уключаючы 9 прызоў самаму каштоўнаму гульцу і 10 — лепшаму бамбардзіру сезона).
Уэйн Грэцкі мае беларускія карані. У пачатку XX стагоддзя дзед Грэцкі — Антон — імігрыраваў у Канаду з-пад Гродна.