Уэйн Грэцкi ступiць на лёд Мiнск-Арэны
Як вядома, у найблiжэйшую суботу на сталiчнай "Мiнск-Арэне" пройдзе матч "зорак" Кантынентальнай хакейнай лiгi. Гэта будзе другi па лiку матч хакейных зорак.
Як i ў першым паядынку сезона 2008-2009, каманда вядучых расiйскiх хакеiстаў на чале з капiтанам Аляксеем Яшыным (СКА), будзе змагацца супраць замежных гульцоў, якiя выступаюць у Чэмпiянаце КХЛ, iх капiтанам з'яўляецца знакамiты чэшскi гулец Ярамiр Ягр ("Авангард"). Захапляльнае супрацьстаянне найлепшых майстроў Лiгi, сабраных у "Камандзе Яшына" i "Камандзе Ягра" 10 студзеня 2009 года ў Маскве на Краснай плошчы завяршылася перамогай легiянераў — 7:6. Сустрэча ў сталiцы Беларусi стане грандыёзным святам спорту i рэальнай магчымасцю для каманды Аляксея Яшына ўзяць рэванш за леташняе крыўднае паражэнне год таму на галоўнай плошчы Расii. Матч-рэванш памiж двума калектывамi зорак сусветнага ўзроўню — падзея, вартая таго, каб стаць упрыгажэннем усяго хакейнага сезона Кантынентальнай хакейнай лiгi.
"Рашэнне правесцi другi ў гiсторыi Кантынентальнай хакейнай лiгi Матч зорак менавiта ў Мiнску — апраўданае i лагiчнае, — заявiў прэзiдэнт КХЛ Аляксандр Мядзведзеў. — У Беларусi хакей з'яўляецца нацыянальным вiдам спорту, i гэтая гульня стане сапраўдным святам для аматараў хакея, для ўсiх, каму неабыякавы спорт, здаровы лад жыцця".
Дарэчы, стала вядома (пра гэта паведамiў афiцыйны сайт пiцерскага хакейнага клуба СКА), што легендарны хакеiст Уэйн Грэцкi можа прыехаць у Мiнск на Матч зорак. Як сказаў галоўны трэнер СКА, амерыканец Бары Смiт, якi днямi размаўляў з Грэцкi, зорка сусветнага хакея (каранi яго менавiта ў Беларусi) збiраецца прыехаць у нашу краiну, каб наведаць гэты матч. "Тады ўсе разам мы зможам павiншаваць Уэйна з днём нараджэння", — сказаў Б. Смiт.
Кар. "Звязды".