Сцяганосцам на Алiмпiядзе будзе хакеiст або бiятланiст

Источник материала:  

Першыя прадстаўнiкi нашай дэлегацыi сёння накiравалiся ў Ванкувер

48 беларускiх спартсменаў па 6 вiдах спорту выканалi квалiфiкацыйны алiмпiйскi нарматыў i атрымалi допуск на Гульнi-2010 у Ванкувер. Пра гэта паведамiў шэф беларускай мiсii, намеснiк мiнiстра спорту i турызму Дзмiтрый Шычко.

23 хакеiсты, 10 бiятланiстаў, 6 лыжнiкаў i столькi ж фрыстайлiстаў, 2 гарналыжнiкi i адзiн канькабежац паспрачаюцца за медалi Ванкувера-2010. Мяркуецца, што разам з трэнерамi, медыцынскiм i абслуговым персаналам у Канаду ад Беларусi паедзе 101 чалавек. Як растлумачыў Дзмiтрый Шычко, у некаторых вiдах спорту беларускiя спартсмены знаходзяцца ў лiсце чакання, i ў вынiку адмовы супернiкаў могуць паехаць на Алiмпiяду. Так што цалкам магчыма, што наша каманда павялiчыцца за кошт прадстаўнiкоў лыжнага цi канькабежнага спорту, двубоя i фiгурнага катання.

4 лютага першымi ў алiмпiйскую вёску заселяцца беларускiя бiятланiсты. 9 лютага ў алiмпiйскай вёсцы Ванкувера будзе падняты дзяржаўны сцяг Беларусi — цырымонiя прызначаная на 15 гадзiн, разам будуць узнятыя сцягi Германii i Іспанii. Аднымi з апошнiх заселяцца ў алiмпiйскую вёску хакеiсты — Мiхаiла Захарава з падапечнымi чакаюць у Ванкуверы 11 лютага. А 12 лютага ўрачыста адчыняцца XXI зiмовыя Алiмпiйскiя гульнi.

Паколькi наша каманда збярэцца толькi ў Ванкуверы (многiя спартсмены прыязджаюць туды адразу з замежных збораў), нiякага ўрачыстага сходу дома не будзе. Аднак як паведамiў вiцэ-прэзiдэнт НАК Генадзь Аляксеенка, пажаданнi на дарогу спартсмены атрымаюць ад кiраўнiка дзяржавы i Нацыянальнага алiмпiйскага камiтэта Аляксандра Лукашэнкi. Яны будуць у спецыяльных буклетах, якiя атрымаюць члены алiмпiйскай дэлегацыi. Пажаданнi ад Мiнiстэрства спорту ўдзельнiкi Алiмпiяды ведаюць даўно. Дзмiтрый Шычко агучыў, што кожны спартсмен павiнен паказаць у Ванкуверы свой найлепшы вынiк. Асаблiвыя надзеi ў нас звязваюць з фрыстайлам, якi i прыносiў медалi на дзвюх апошнiх Алiмпiядах, вялiкiя спадзяваннi тут на Антона Кушнiра, пераможцу трох этапаў Кубка свету. Не спiсаны з рахункаў i бiятлон разам з самай яркай айчыннай яго прадстаўнiцай Дар'яй Домрачавай. Магчыма, удасца заявiць пра сябе i лыжнiкам, у прыватнасцi, самаму вопытнаму спартсмену ў камандзе Сяргею Далiдовiчу. Задача-мiнiмум для хакеiстаў — трапiць у васьмёрку наймацнейшых, аднак, як яшчэ неаднаразова падкрэслiваў Генадзь Аляксеенка, змена трэнера пайшла не на карысць камандзе i, паводле яго меркавання, у Ванкуверы падапечным Мiхаiла Захарава, як i самому галоўнаму трэнеру, будзе надзвычай няпроста. Хто панясе нацыянальны сцяг на цырымонii адкрыцця, таксама пакуль не вызначана — каманда збярэцца ў Канадзе i там будзе абраны капiтан i сцяганосец. Iм, хутчэй за ўсё, стане хтосьцi з хакеiстаў цi бiятланiстаў, паведамiў шэф беларускай мiсii.

Нашы дэлегацыi на многiх Алiмпiядах, як зiмовых, так i летнiх, не абыходзiлi допiнг-скандалы. Як запэўнiлi спартыўныя чыноўнiкi, цяпер да гэтых пытанняў у нас асаблiвая ўвага. Кожны спартсмен перад вылетам у Канаду пройдзе допiнг-кантроль. Як запэўнiў Генадзь Аляксеенка, наша праца ў гэтым кiрунку была заўважаная нават Мiжнародным алiмпiйскiм камiтэтам, якi на апошнiм кангрэсе ў Капенгагене паставiў нашу краiну ў прыклад астатнiм. Каб не паўтарылася сумная практыка пекiнскай Алiмпiяды, калi нашых лiдараў правяралi ледзь не перад самым стартам, у Ванкувер едзе дырэктар нацыянальнага антыдопiнгавага агенцтва, якi будзе сачыць за выкананнем кодэкса i антыдопiнгавага заканадаўства.

Тым часам, якраз пазаўчора ў спартыўным арбiтражным судзе ў Лазане пачалiся слуханнi па справе беларускiх малатабойцаў Iвана Цiхана i Вадзiма Дзевятоўскага. Сёння яны павiнны завяршыцца, i Генадзь Аляксеенка паведамiў, што спадзяецца на рашэнне на карысць нашых спартсменаў. Праўда, рашэнне могуць агучыць на працягу трох месяцаў.

Алена АЎЧЫННIКАВА.

←Встречайте звезд!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика