Вікторыя Азаранка выйграла стартавы матч на Australian Open
У Мельбурне працягваецца першы ў сезоне тэнісны турнір серыі «Вялікага шлема» — Australian Open.
У першым раўндзе адзіночнага разраду беларуска Вікторыя Азаранка (7‑ы нумар сусветнага рэйтынгу) атрымала ўпэўненую перамогу над францужанкай Стэфані Каэн‑Аларо (116) у двух сэтах з лікам 6:2, 6:0.
Наступнай суперніцай найлепшай беларускай тэнісісткі будзе швейцарка Стэфанія Фогель (74), якая перамагла ў стартавым паядынку венгерку Мелінду Чынк (38) — 7:5, 6:7, 9:7.
У парным разрадзе беларуска Дар’я Кустава і ўкраінка Марыя Карытцава саступілі амерыканцы Лізе Рэйманд і аўстралійцы Рэнаце Стабс — 4:6, 1:6 і завяршылі выступленні. У спаборніцтвах пар згуляюць яшчэ тры нашы суайчынніцы: Вікторыя Азаранка разам з расіянкай Святланай Кузняцовай сустрэнецца з эстонкай Каяй Канепі і немкай Жасмін Вер, Вольга Гаварцова і яшчэ адна беларуска Таццяна Пучак згуляюць супраць пары Агнеш Саваі (Венгрыя) — Раберта Вінчы (Італія).
У мужчынскім парным разрадзе згуляе самы вопытны беларускі тэнісіст Максім Мірны, партнёрам якога будзе індыец Махеш Бхупаці.
Беларуска‑індыйскі тандэм, пасеяны ў Мельбурне пад 4‑м нумарам, у першым матчы сустрэнецца з германа‑фінскім дуэтам Міхаэль Кольман — Ярка Ніеменен. Адзначым, што разам з Бхупаці Мірны паспяхова правёў некалькі сезонаў — у 2002 годзе яны выйгралі US Open, а ў 2003 годзе былі фіналістамі Уімблдона. Апошнім часам Максім Мірны выступаў у пары з ізраільцянінам Эндзі Рамам. Для 32‑гадовага Максіма Мірнага цяперашні Australian Open 13‑ы па ліку. Яго лепшым дасягненнем у парным разрадзе быў выхад у фінал у 2007 годзе, калі наш суайчыннік у пары са шведам Юнасам Б’ёркманам прайграў амерыканскім братам‑блізнятам Бобу і Майку Браянам.
Цяперашні турнір у Мельбурне, агульны прызавы фонд якога складае $21,15 млн., завершыцца 31 студзеня.