Каманда Беларусi перамагла ў 6-м Калядным турнiры аматараў хакея

Источник материала:  

Пераможцам 6-га Каляднага мiжнароднага турнiру аматараў хакея на прыз Прэзiдэнта Беларусi, фiнальны паядынак якога прайшоў 7 студзеня на "Мiнск-Арэне", стала каманда Беларусi, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У вырашальным матчы беларусы ўзялi верх над дружынай Расii -- 8:4 (3:2, 4:1, 1:1). Шайбы ў беларусаў закiнулi: Уладзiмiр Цыплакоў (на 2-й мiнуце), Сяргей Ярковiч (11), Дзмiтрый Дудзiк (18), Андрэй Асташэвiч (22, 24), Павел Белы (31), Арцём Сянькевiч (34), Сяргей Шыткоўскi (55). У расiян вызначыўся Станiслаў Раманаў (8), Арцём Варашылаў (19, 27), Аляксей Мядзведзеў (58). Самым рэзультатыўным у складзе беларускай дружыны стаў яе капiтан Андрэй Асташэвiч, якi набраў 3 (2+1) бамбардзiскiя балы па сiстэме "гол плюс пас". У расiян два (2+0) ачкi зарабiў Арцём Варашылаў. Каманду Беларусi на турнiры па традыцыi прадстаўляла лядовая дружына кiраўнiка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкi. Расiю -- лядовая дружына "Газпрам экспарт". Вiцэ-прэзiдэнт "Газпрама" Аляксандр Мядзведзеў вызначыўся закiнутай шайбай, на 58-й мiнуце рэалiзаваўшы булiт у вароты беларусаў.

На папярэднiм этапе, якi праходзiў на пляцоўках мiнскага Палаца спорту i Лядовага палаца, каманды Беларусi i Расii сталi лепшымi ў сваiх групах. Беларуская дружына абыграла Швейцарыю -- 10:3, Украiну -- 10:5 i Славакiю -- 11:6. Расiяне ўзялi верх над Фiнляндыяй -- 11:6, Германiяй -- 18:3 i ўступiлi Канадзе -- 2:5. У паядынку за бронзу ў мiнскiм Палацы спорту каманда Фiнляндыi разграмiла Швейцарыю -- 11:1. Арганiзатары турнiру вызначылi лепшых iгракоў па амплуа. Лепшым галкiперам прызнаны Сiма Вехвiляйнен (Фiнляндыя), абаронцам -- Алег Мiкульчык (Беларусь), нападаючым -- Дзмiтрый Цеплякоў (Расiя). Лепшым бамбардзiрам стаў капiтан каманды Прэзiдэнта Беларусi Андрэй Асташэвiч, якi набраў 20 (10+10) балаў. Прыз сiмпатыi гледачоў дастаўся варатару каманды Швейцарыi Беату Кiндлеру. У мiнулыя гады пераможцам Каляднага турнiру чатыры разы станавiлася беларуская дружына (у 2005, 2006, 2008 i 2009 гадах), а яшчэ раз поспех святкавала расiйская каманда, якая ў 2007 годзе адолела ў фiнале беларусаў. Прычым ва ўсiх рашаючых паядынках за галоўны прыз спрачалiся толькi каманды Беларусi i Расii.

З 2005 года турнiр праходзiць пад патранатам рэспублiканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Прэзiдэнцкi спартыўны клуб". У лiку арганiзатараў спаборнiцтваў -- Мiнiстэрства спорту i турызму Беларусi, асацыяцыя "Федэрацыя хакея Рэспублiкi Беларусь", Мiнскi гарадскi выканаўчы камiтэт.

←Большой хоккей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика