Самы дарагi гандбалiст свету з лютага зможа выступаць за зборную Беларусi

Источник материала:  

Сяргей Рутэнка правёў першы збор у нацыянальнай камандзе

Беларус Сяргей Рутэнка, якi летась заключыў самы дарагi ў гiсторыi сусветнага гандбола кантракт з iспанскай "Барселонай" (сума яго трансферу — 1 мiльён еўра) з лютага зможа ўдзельнiчаць у матчах за нацыянальную каманду. Нагадаем, што з 2000-га года гандбалiст выступаў за зборную Славенii, затым меў запрашэнне ад зборнай Іспанii. Але з 2007 года кiраўнiцтва Беларускай федэрацыi гандбола зрабiла неабходныя захады для таго, каб знакамiты гандбалiст абараняў колеры беларускага сцяга. I менавiта ў лютым скончыцца так званы каранцiн, будуць канчаткова аформленыя ўсе паперы i Рутэнка зноў зможа дапамагчы нашай камандзе.

Самы дарагi гандбалiст свету з лютага зможа выступаць за зборную БеларусiЯк расказаў сам гандбалiст, меркавалася, што гэтай радаснай навiной ён зможа падзялiцца адразу пасля Новага года, але працэс зацягнуўся. Хоць яго дапамога камандзе менавiта ў студзенi была б вельмi дарэчы — з 15 па 17 студзеня наша дружына пазмагаецца ў квалiфiкацыйным турнiры на Кiпры, па вынiках якога лепшая каманда выйдзе ў плэй-оф чэмпiянату свету 2011. Супернiкамi беларусаў, акрамя гаспадароў, стануць каманды Швейцарыi i Фарэрскiх астравоў. Перад беларускай дружынай стаiць задача заняць першае месца на гэтым турнiры i далей змагацца за выхад на чэмпiянат свету. Як заверыў намеснiк старшынi федэрацыi гандбола Iван Семяненя, каманда гатовая да гэтых выступленняў, нягледзячы на няпростую сiтуацыю, у якой апынулася. Чацвёра гульцоў асноўнага складу атрымалi траўмы i выступiць не змогуць. Акрамя таго, лiдар зборнай i гулец нямецкага клуба "Райн Левен" Сяргей Гарбок на днях даслаў у федэрацыю тэлеграму, дзе паведамляе, што спыняе ўдзел у матчах зборнай "па асабiстых абставiнах". I спадзяецца, што гэты перапынак будзе мець часовы характар. Нагадаем, што Сяргей Гарбок мае дочак-трайнят, якiм нядаўна споўнiўся годзiк.

На гэта спадзяюцца i ў федэрацыi, пра што паведамiў Iван Семяненя. Ён расказаў, што старшыня федэрацыi гандбола Уладзiмiр Канаплёў адразу пасля атрымання гэтай навiны меў тэлефонную размову з гандбалiстам. У прыватнасцi, паводле слоў Iвана Семяненi, гульцу прапаноўваўся шэраг варыянтаў, пры якiх ён зможа выступаць за нашу каманду. "Мы ледзь не няньку яму прапаноўвалi. Быў варыянт, калi сям'я будзе разам з Сяргеем на зборах. Але пакуль ён сказаў, што сам хоча дапамагаць жонцы выхоўваць дзяцей", — расказаў намеснiк старшынi федэрацыi. Iван Семяненя ўсё ж спадзяецца, што гандбалiст зменiць сваё рашэнне i 14 студзеня, калi каманда возьме курс на Кiпр, Сяргей Гарбок будзе разам з ёй.

Сяргей Рутэнка, якi гэтыя днi правёў у стане нацыянальнай зборнай, расказаў, чаму вырашыў выступаць за Беларусь i адмовiў зборнай Iспанii, чым жыве беларуская дружына i якiя ў яе шансы на выхад у топ-турнiр.

— Сяргей, у вас былi прапановы выступаць за зборную Iспанii, каманду, з якой па сiлах выйграць любы турнiр i трафей. Але вы зрабiлi выбар на карысць Беларусi, дзе ў камандзе з лiдараў — вы адзiн...

— Я не адзiн, ёсць яшчэ 16 гульцоў... Калi я цяпер быў на зборы ў Стайках, маё ўнутранае самадчуванне можна назваць iдылiяй. У жыццi важныя не толькi трафеi, але i ўласны псiхалагiчны камфорт. Зразумела, нам будзе цяжка, бо задачы стаяць вельмi высокiя. Але тым цiкавей выступаць i тым больш салодкай будзе перамога, на якую мы ўсе спадзяёмся. Таму аб прынятым рашэннi нiколькi не шкадаваў, як i аб тым, што адмовiўся выступаць за Iспанiю. Я не маю намеру проста прыехаць у зборную, адыграць i забыць. У мяне надзвычайная матывацыя.

— Якiя аргументы знайшла федэрацыя, каб вы ў 2007 прынялi рашэнне прайсцi ўсе гэтыя працэдуры i вярнуцца ў беларускую каманду?

— Iх было некалькi. Галоўны — маё жаданне вярнуцца дадому. I мне прыемна бачыць, што цяпер вядзецца вялiкая праца па аднаўленнi гандбола. I ёсць сiстэма, ты ведаеш, хто за што адказвае i дзе што знаходзiцца...

— Маеце на ўвазе кiраўнiка федэрацыi Уладзiмiра Канаплёва?

— Так, яму складана сказаць "не".

— Вы казалi пра жаданне вярнуцца дадому. Сваё жыццё пасля завяршэння спартыўнай кар'еры звязваеце з Мiнскам?

— На сёння — так, хоць складана сказаць, праз якi тэрмiн гэта будзе.

— Праз колькi гадоў наша каманда зможа змагацца за прызавыя месцы на топ-турнiрах?

— Было страчана некалькi пакаленняў маладых гульцоў, некалькi ўзростаў проста выпала. I на аднаўленне гэтага прабелу патрэбны час. Як мiнiмум тры-чатыры ўзросты патрэбны, якiя з часам будуць запрошаныя ў нацыянальную каманду. Зразумела, спатрэбiцца нямала часу.

— Грашовая праблема для гульцоў нацыянальнай каманды iснуе?

— Фiнансавы бок немалаважны. Але не сакрэт, што сёння гульцы, якiя выступаюць за нацыянальную каманду, атрымлiваюць iстотную матэрыяльную падтрымку, якая дае магчымасць разумець, што твая сям'я абароненая, i аддавацца гандболу.

— Увогуле ўмовы ў сённяшняй зборнай вас як гульца сусветнага ўзроўню задавальняюць?

— На мой погляд, цяпер створаны ўсе ўмовы для трэнiровак i росту гульцоў. I шмат у чым дзякуючы гэтаму, я камфортна адчуваў сябе цяпер на зборах.

— Да футбалiстаў, якiя на матчы нацыянальнай зборнай лятаюць у Брэст на самалёце, гандбалiстам, напэўна, яшчэ далекавата...

— Калi i нашы гульцы будуць лятаць на матчы на самалёце, яны не засмуцяцца. Але ўсе мы разумеем, што футбол i гандбол — вельмi розныя вiды спорту. На вялiкi жаль. Тут не трэба праводзiць паралеляў. Але калi наш гандбол будзе развiвацца тымi тэмпамi, якiя ўзятыя цяпер, гэта будзе вялiкi плюс.

Алена АЎЧЫННIКАВА.

←Своими глазами

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика