2009-ы ў спорце: крыху медалёў, трохі скандалаў

Источник материала:  
28.12.2009 17:38 — Новости Спорта
Сыходзячы год не быў эпахальным для беларускага спорту. Яскравых перамог было зусім трохі, і герояў, адпаведна, столькі ж.

АЛІМПІЙСКІЯ ВІДЫ

У параўнанні з 2008-м сітуацыя ў ключавых алімпійскіх відах нават пагоршылася. Да прыкладу, на Гульнях-2008 у Пекіне прадстаўнікі лёгкай і цяжкай атлетыкі прынеслі дзесяць медалёў, у тым ліку два залатыя. Сёлета лёгкаатлеты з трэскам праваліліся на чэмпіянаце свету ў Берліне — ніводнай узнагароды! А ў штангістаў знікла золата Андрэя Арамнава, які на першынство свету ў Паўднёвую Карэю хоць і прыляцеў, але на памост не выйшаў “праз траўму”.

Затое зноў вызначыліся весляры. На сусветным форуме ў Канадзе беларусы заваявалі 7 залатых узнагарод — рыхтык столькі, колькі і прызнаныя лідары немцы. Прычым мазыранін Раман Петрушэнка і мінчук Вадзім Махнеў стартавалі ў чатырох класах лодак (на байдарках-двойках і чацвёрках) і ў кожным фінішавалі першымі. Такога ў шматгадовай гісторыі чэмпіянатаў свету яшчэ не было. І на “Еўропе” Петрушэнка з Махневым здабылі тры залатыя медалі. З'явілася ў айчынным веславанні і новая зорачка: 21-гадовы канаіст Дзяніс Гаража з Мазыра сенсацыйна дэбютаваў на турнірах высокага рангу, заваяваўшы чэмпіёнскія тытулы на першынствах планеты і Старога Свету.

У акадэмічным веславанні зноў не было роўных Кацярыне Карстан, якая ў 37 гадоў дамаглася восьмага сусветнага трыумфу (уключна з алімпійскімі перамогамі). Сёлета майстэрствам Кацярыны Вялікай упершыню на свае вочы любаваліся беларускія аматары спорту. Чэмпіянат Еўропы праходзіў на новым канале ў Брэсце і атрымаў высокую ацэнку адмыслоўцаў і спартоўцаў.

Нагадаў пра сябе і майстар настольнага тэніса Уладзімір Самсонаў, якому для трэцяй перамогі ў Кубку свету прыйшлося тройчы адолець непераможных кітайцаў.

Тэнісістка Вікторыя Азаранка ўвайшла ў дзесятку лепшых у свеце, спыніўшыся на 7-м радку.

ГУЛЬНЯВЫЯ ВІДЫ

Тут па-за канкурэнцыяй жаночая каманда па баскетболе. З дзевяці матчаў на першынстве кантынента беларускі выйгралі толькі чатыры, але гэтага хапіла для чацвёртага месца і заваявання пуцёўкі (упершыню!) на чэмпіянат свету-2010. Лідэры каманды Настасся Верамеенка і Алена Леўчанка ўвайшлі ў лік 15 лепшых баскетбалістак Еўропы.

Хакейная зборная на чэмпіянаце свету прабілася ў васьмёрку наймацнейшых, галоўным чынам дзякуючы віртуознай гульні варатара Андрэя Мезіна, якога і журналісты, і прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі хакея назвалі лепшым галкіперам турніру. У НХЛ увесь сезон годна змагаліся Міхаіл Грабоўскі ("Таронта"), Андрэй і Сяргей Касціцыны ("Манрэаль") і ветэран лігі Руслан Салей ("Каларада").

Футбольная зборная пад кіраўніцтвам немца Бернда Штанге расчаравала: у групавым адборачным турніры чэмпіянату свету беларусы абышлі толькі відавочных аўтсайдараў — Казахстан і Андору, прапусціўшы наперад Англію, Украіну і Харватыю. Затое барысаўскі БАТЭ прабіўся ў групавы турнір Лігі Еўропы і падарыў нам некалькі прыгожых матчаў — перамогі над грэчаскім АЕКам (2:1) і ангельскім "Эвертанам" (1:0).

Самы вядомы беларускі гулец Аляксандр Глеб страціў месца ў лепшай камандзе свету "Барселоне", якая “здала яго ў арэнду” германскаму "Штутгарту". Затое ў "Барселону", але гандбольную, перайшоў іншы беларус — Сяргей Руценка. Яго трансфер стаў рэкордным у гісторыі названага віду спорту — 1,2 млн еўра.

СКАНДАЛЫ

Самы гучны здарыўся ў Барысаве, калі за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане затрымалі алімпійскага чэмпіёна Андрэя Арамнава. Яго аштрафавалі на мільён рублёў і пазбавілі правоў. Аднак праз два месяцы чэмпіён, атрымаўшы ключы ад трохпакаёвай кватэры, зноў сеў за стырно нецвярозым. І зноў быў злоўлены супрацоўнікамі ДАІ. Гэтым разам штраф вымяраўся трыма мільёнамі рублёў. Акрамя таго, Арамнава больш чым на паўгода пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі — звыш 15 млн рублёў. Фактычна пераступіўшы мяжу закона, хлопец страціў каля 40 тысяч долараў.

У сярэдзіне сезона муж Кацярыны Карстан Вільфрыд заявіў, што яго знакамітая жонка можа пачаць выступаць за каманду Расіі. Прычынай таму стаў канфлікт паміж Карстанамі і чыноўнікамі Мінспорту. У выніку абодва бакі зрабілі крокі назад і вярнуліся на зыходныя пазіцыі.

Калі канадзец Глен Хэнлан, які ўзначальваў зборную Беларусі па хакеі, падпісаў кантракт з мінскім "Дынама", з'явілася надзея, што наш клуб пакіне “дно” табліцы Кантынентальнай хакейнай лігі. Калі ж за велізарныя грошы (лічбы не называліся!) набылі знакамітых гульцоў са Швецыі, Фінляндыі, Канады, Чэхіі і Славакіі, падалося, што дынамаўцы змогуць змагацца за “высокія” месцы. Але гуляла "Дынама" не нашмат лепш, чым летась. Раптам кіраўнік Беларускай федэрацыі хакея і былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў адправіў Хэнлана ў адстаўку. Ужо па сваёй волі канадзец пакінуў трэнерскую пасаду і ў зборнай. На яго месца, праігнараваўшы меркаванне Навумава, міністр спорту Алег Качан прызначыў Міхася Захарава, які на той момант ужо даў згоду працаваць са зборнай Украіны. Навумаў пасля некаторай паўзы палічыў за лепшае сысці ў адстаўку, спаслаўшыся на прапанову папрацаваць у Расіі, якая, паводле ягоных слоў, не звязана са спортам.

У ПЛАНАХ 2014-Ы

Беларусь з трэцяй спробы атрымала права прыняць чэмпіянат свету па хакеі ў элітным дывізіёне. У траўні 2009-га на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) прайшло галасаванне па выбарах месца правядзення першынства планеты 2014 года. Наша краіна перамагла са значнай перавагай, нашмат апярэдзіўшы канкурэнтаў — Венгрыю, Латвію і Украіну.

Дарэчы, было абвешчана, што ў траўні 2014-га ўезд у Беларусь для ўдзельнікаў, гасцей і заўзятараў хакея будзе бязвізавым.

←Грабовский отличился голевой передачей в матче регулярного чемпионата НХЛ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика