Адпачынак БАТЭ пачаў з Dolce Vita

Источник материала:  

Футбалiсты адсвяткавалi завяршэнне сезона

Адпачынак БАТЭ пачаў з Dolce VitaБарысаўскi БАТЭ, завяршыўшы сезон перамогай над "Эвертанам" у Лiверпулi, вярнуўся на радзiму i ў суботу адсвяткаваў свае сёлетнiя дасягненнi. А гэта шостае чэмпiёнства ў нацыянальным чэмпiянаце, па-першае. Па-другое, вынiк у групавой стадыi Лiгi Еўропы, якi пераўзыходзiць леташнi ў Лiзе чэмпiёнаў. 7 ачкоў, 7 галоў, вынiковае трэцяе месца ў групе i пакiнуты за спiнай ганарлiвы грэчаскi АЕК.

Прысутным, якiя запоўнiлi гарадскi Палац культуры Барысава, па традыцыi прадэманстравалi лепшыя моманты сезона-2009 з удзелам iх каманды, якi ўжо стаў гiсторыяй. Пасля Генадзь Нявыглас нагадаў, што леташнi кубак барысаўчанам пакiнулi на памяць i прыйшлося вырабiць новы. Але i гэты Кубак можа чакаць той жа лёс, выказаў меркаванне кiраўнiк федэрацыi футбола. Гульцоў, трэнераў i кiраўнiцтва клуба ўзнагародзiла федэрацыя футбола, а Сяргей Крывец, Ігар Шытаў, Максiм Бардачоў i Аляксандр Валадзько атрымалi пасведчаннi Майстра спорту мiжнароднага класа.

Грашовыя сертыфiкаты на далейшае ўдасканаленне клубнай iнфраструктуры ўручылi старшыня Мiнскага аблвыканкама Леанiд Крупец, старшыня Барысаўскага райвыканкама Уладзiмiр Мiрановiч i начальнiк упраўлення спорту Мiнiстэрства спорту i турызму Мiкалай Бабец. Старшыня праўлення клуба Анатоль Капскi ў сваю чаргу паабяцаў прыкласцi ўсе намаганнi, каб Барысаў займеў свой стадыён на 12—15 тысяч месцаў i мог прымаць там супернiкаў самага высокага ўзроўню. Вiктар Ганчарэнка прызнаўся, што сезонам задаволены. Праўда, ёсць адзiн матч, якi пакiнуў непрыемны асадак, — гэта хатняя гульня з "Венспiлсам", дзе вырашаўся лёс пуцёўкi ў Лiгу чэмпiёнаў, i барысаўчане яе прайгралi.

Як вядома, футбалiсты БАТЭ — вялiкiя прыхiльнiкi гумару, i ў якасцi культурнай праграмы падарункам для iх стала выступленне камандаў КВЗ РУДН, "Месяц" i "Сапраўдныя абхазцы". На заканчэнне каманду i ўсiх жыхароў Барысава чакаў святочны салют. Футбалiсты ж працягнулi святкаваць ужо ў сталiцы, у начным клубе "Dolce Vita", дзе "салодкага жыцця" iм жадалi зоркi ўкраiнскай i айчыннай эстрады. А ў нядзелю ў каманды пачаўся адпачынак, якi працягнецца да 17 студзеня.

Алена АЎЧЫННIКАВА.

←Все должно быть в шоколаде!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика