Карстэн, Петрушэнка і Махнеў — найлепшыя спартоўцы Беларусі - 2009
Найлепшымі спартоўцамі Беларусі гэтага года сталі весляры, якія заваявалі золата на чэмпіянатах свету.
Лаўрэатамі спартыўнага 2009 года, згодна з традыцыйнага апытання газеты «Спортивная панорам», названы Кацярына Карстэн (акадэмічнае веславанне), а таксама экіпаж Раман Петрушэнка / Вадзім Махнеў (веславанне на байдарках і каноэ).
Кацярына Карстэн у суме набрала 1002 балы, а Раман Петрушэнка і Вадзім Махнеў атрымалі 973 балы. Трэцяе месца заняў Уладзімір Самсонаў (настольны тэніс), на рахунку якога 589 балаў.
У дзесятку найлепшых увайшлі таксама Вікторыя Азаранка (тэніс), Дзяніс Гаража (веславанне на байдарках і каноэ), Настасся Новікава (цяжкая атлетыка), Дар’я Домрачава (біятлон), Меляціна Станюта (мастацкая гімнастыка), Сяргей Шундзікаў (дзюдо) і Міхаіл Грабоўскі (хакей).
Найлепшая негульнявая каманда — зборная краіны па веславанні на байдарках і каноэ, гульнявая каманда — БАТЭ (Барысаў), найлепшы трэнер — Уладзімір Шантаровіч (веславанне на байдарках і каноэ). Усяго ўдзельнікі галасавання згадвалі імёны 83 спартоўцаў, што з’яўляецца рэкордным паказчыкам за ўсе гады правядзення гэтага апытання.
Цяперашняе апытанне, 51‑ае па ліку, праводзілася «Спортивной панорамой» сумесна з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Беларусі. У галасаванні прынялі ўдзел 120 беларускіх спартыўных журналістаў, у тым ліку і «НН».