ВЯРТАННЕ ХЮВІ-ГОЛА
Калi ў лiстападзе Ханэс Хювенен некалькi гульняў не з'яўляўся на пляцоўцы ў складзе мiнскага "Дынама", пачалi ўзнiкаць розныя чуткi. Хтосьцi казаў, што фiн траўмаваны, хтосьцi — што яго проста пасадзiлi на лаўку ў дысцыплiнарных мэтах. Трэнеры маўчалi. Так вось у цiшынi найлепшы бамбардзiр "бела-блакiтных" зноў вярнуўся на пляцоўку. Але нечага не хапала, не было той яскравасцi, хуткасцi, нават нейкай удачы. Мінулы час у папярэднiх сказах выкарыстаны нездарма. Вечар панядзелка паказаў нам новага-старога Хювi!
Магчыма, на фiна паўплываў першы сапраўдны снег, якi багата аздобiў вулiцы беларускай сталiцы. Адчуўшы падобнае да роднага надвор'я, ужо з першых хвiлiн восьмы нумар "зуброў" кiнуўся ў бой. Спачатку атрымалася не па правiлах: выдаленне на 2 хвiлiны. Затое "адматаўшы тэрмiн", Ханэс пачаў прыстрэльвацца да варотаў Сямёнава — трошкi вышэй правага вугла, мiма, перакладзiна. Апошняя — на 13-й хвiлiне. Праз некалькi дзясяткаў секунд гэтая ж хвiлiна стала "шчаслiвай" для гасцей: перадачы Хювенена i Пелтанена завяршыў магутным i дакладным кiдком Лiнтнэр. Перад другiм перыядам хваляванне павялiчвалася. Гэтая частка паядынку традыцыйна прыносiць "бела-блакiтным" толькi дрэнныя эмоцыi. I калi адзiн за адным за парушэннi адпраўлялiся адпачываць Люткевiч i Лiнтнэр, надзея заставалася толькi на майстэрства Коваля. Вiталь не падвёў, а ў нападзеннi зноў нагадаў пра сябе Хювi: яго кiдок у правы нiжнi вугал з вялiкай цяжкасцю парыраваў галкiпер "Лады". А вось "стрэлу" Плата праз дзве хвiлiны той нiчога не змог супрацьпаставiць. 2:0 напярэдаднi трэцяй дваццацiхвiлiнкi. Здавалася, што яшчэ трэба для шчасця? Можа i нiчога, але мiнчане вырашылi не даць сумаваць заўзятарам. Незразумелыя памылкi ў абароне двойчы дазвалялi тальяцiнцам скарачаць адставанне да мiнiмуму. Але ў складзе гаспадароў быў чалавек, якi проста не мог у гэты вечар абысцiся без гола. Двума шыкоўнымi кiдкамi Хювенен давёў лiк да 4:2 i прынёс перамогу сваёй камандзе. Трыбуны аддзячылi фiну дружным i гучным "Хювi! Хювi!" пасля сiрэны.
Турнiрная таблiца Заходняга дывiзiёна вiдавочна сведчыць пра тое, што трэба прыкладаць усе намаганнi, дабiвацца максiмальнага вынiку ў кожнай гульнi. Перад сустрэчай з тальяцiнскай "Ладай" адставанне мiнчан ад восьмага месца, якое дае права трапiць у плэй-оф, складала шэсць балаў. Цяпер толькi тры. I ёсць добрая магчымасць ужо сёння вечарам пры станоўчым вынiку ў змаганнi з "Нафтахiмiкам" Уладзiмiра Крыкунова абысцi нiжагародскае "Тарпеда".
Яўген ВАРАКСА.