А цяпер — Грабоўскі!
Беларускія форварды Міхаіл Грабоўскі і Андрэй Касціцын мінулай ноччу вызначыліся закінутымі шайбамі. Прычым форвард «Таронта» Грабоўскі дасягнуў адзнакі ў 20 (6+14) бамбардзірскіх балаў у цяперашнім чэмпіянаце Нацыянальнай хакейнай лігі.
«Таронта» – «Атланта» – 5:2 (0:0, 5:0, 0:2). Грабоўскі стаў аўтарам трэцяй шайбы сваёй каманды, талкова згуляўшы на дабіванні перад брамай супернікаў. Беларускі форвард правёў на пляцоўцы 15 хвілін 51 секундаў (18 змен), зарабіў 1 (1 +0) бамбардзірскі бал, выканаў 3 кідкі ў створ брамы, ужыў 1 сілавы прыём, выйграў 6 з 11 укідванняў і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+1». У трох апошніх матчах Грабоўскі набраў 4 (2 +2) балы.
Хакеісты «Таронта» атрымалі пятую перамогу ў сямі апошніх матчах, у той час як у 22 папярэдніх гульнях яны святкавалі поспех толькі чатыры разы. Удалы адрэзак дазволіў «Кляновым лістам» наблізіцца да зоны плей‑оф на адлегласць 5 балаў.
Форвард «Манрэаля» Андрэй Касціцын не сыходзіць з пляцоўкі без бамбардзірскіх балаў у шасці з сямі апошніх матчаў (калі не лічыць тры гульні, прапушчаныя з‑за траўмы). За гэты адрэзак Касціцын‑старэйшы набраў 7 (2+5) балаў. Мінулай ноччу ён стаў аўтарам аднаго з галоў у хатняй пераможнай сустрэчы з «Філадэльфіяй», зрабіўшы лік 1:1 (выніковы лік матчу 3:1).
Андрэй Касціцын выходзіў на лёд у звяне з Майкам Камалеры і Томашам Плеканцам і правёў на лёдзе 17 хвілін 50 секундаў (22 змены). За адведзены час беларус паспеў зарабіць 1 (1+0) бал, выканаць 2 кідкі ў створ брамы, прымяніць 3 сілавыя прыёмы і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+1».
Сяргей Касціцын, чый выхад на лёд быў пад пытаннем з‑за пашкоджання, атрыманага ў папярэднім матчы 4 снежня, гуляў у звяне са Скотам Гомесам і Мэтам Д"Агасціні. Сяргей знаходзіўся на пляцоўцы 16 хвілін 48 сек. (25 змен) і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «‑1».
Клуб «Каларада» без перанеслага аперацыю на спіне беларуса Руслана Салея ў гасцях узяў верх над «Сэнт‑Луісам» (4:0).
Лідэрам «беларускага дэсанта» у цяперашнім чэмпіянаце НХЛ з’яўляецца 25‑гадовы форвард «Таронта» Міхаіл Грабоўскі, у 29 матчах які набраў 20 (6+14) бамбардзірскіх балаў (5‑ы вынік у сваёй камандзе).
На рахунку 24‑гадовага форварда «Манрэаля» Андрэя Касціцына 12 (3+9) выніковых балаў у 27 сустрэчах (7‑ы паказчык у камандзе).
22‑гадовы Сяргей Касціцын правёў за «Манрэаль» 7 матчаў і зарабіў 3 (0+3) балы.
35‑гадовы беларускі абаронца «Каларада» Руслан Салей з пачатку сезона згуляў за дэнверскую дружыну ўсяго адзін матч і бамбардзірскіх балаў пакуль не набраў.
«Манрэаль» з 30 баламі пасля 30 паядынкаў ўшчыльную наблізіся да зоны плей‑оф і займае 9‑е месца ва Уходняй канферэнцыі.
«Таронта» з 25 баламі пасля 29 матчаў размяшчаецца на перадапошнім месцы сярод 15 каманд Усходняй канферэнцыі і адстае ад зоны плей‑оф на 5 балаў.
«Каларада» знаходзіцца – на 2‑й радку ў Заходняй канферэнцыі, маючы 40 балаў пасля 32 сустрэч.
Гэтай ноччу «Манрэаль» згуляе ў гасцях з «Атавай».
«Таронта» 9 снежня чакае з візітам «Нью‑Ёрк Айлендерс», а «Каларада» ў гэты дзень прыме на сваім лёдзе хакеістаў «Мінесоты».
Сяргей Вішнеўскі, БЕЛТА