БІТВА ЗА МАСКВУ

Источник материала:  

Гульнi супраць прадстаўнiкоў расiйскай сталiцы ў гэтым сезоне складваюцца для мiнскага "Дынама" надзвычай добра: у сямi паядынках пяць перамог. Але такая статыстыка зусiм не сведчыць пра тое, што "зубрам" лёгка даюцца гэтыя вынiкi. Вось i ў апошнiм туры на маскоўскай "Арэне-Сакольнiкi" развярнуўся сапраўдны трылер.

Добра, што без ахвяраў. Бо ў складзе "бела-блакiтных" i так траўмы iдуць адна за адной. Перад супрацьстаяннем са "Спартаком" стала вядома, што на лёд не змогуць выйсцi Уладзiмiр Дзянiсаў i Марцiн Шэўц. Тэрмiнова з Салiгорска быў вызваны Башко, заняўшы месца побач з Люткевiчам у трэцяй пары абаронцаў.

БІТВА ЗА МАСКВУНазiраючы за змяненнямi ў лiку, часам можна было злавiць сябе на думцы, што нешта тэнiснае ёсць у дзеяннях хакеiстаў. Як i у самым арыстакратычным вiдзе спорту, даводзiлася паварочваць шыю то направа, то налева. Вострая атака на вароты Мезiна змянялася не менш хвалюючым выпадам у бок Кочнева. Славакi Ружычка i Цыбак выходзяць удваiх супраць аднаго Лiнтнера i з другой спробы адкрываюць лiк. Праходзiць пару хвiлiн, i ўжо Мiхалёў з перадачы Стася аднаўляе раўнавагу. Iншы маскоўскi славак Радзiвоевiч у другi раз засмучае беларускага галкiпера, аднак хутка Антоненка ў большасцi робiць лiчбы на табло 2:2. Другi перыяд ужо дынамаўцы пачалi з месца ў кар'ер: сваю чарговую шайбу закiдвае Плат. Не паспелi мiнчане парадавацца, а лiк зноў стаў нiчыйным. Больш за тое, напрыканцы другога перыяду Радзiвоевiч аформiў дубль, вывеўшы сваю каманду наперад. У вас яшчэ не пайшла кругам галава ад такой насычанасцi падзей? Добра! Бо ў трэцяй дваццацiхвiлiнцы ўжо прыгожыя камбiнацыi беларусаў прывялi да шайбаў Шафарэнкi i Мялешкi. Але прайшло 24 секунды — зноў раўнавага, 5:5. Такая "вячэра" проста не магла абысцiся без "салодкага". У выглядзе авертайма, а потым i булiтаў. Дарэчы, у хакейных пенальцi "Дынама" узору сезона-2009—2010 дзейнiчае пакуль беспамылкова — чатыры спробы, чатыры поспехi. Пераможная шайба на рахунку Дзмiтрыя Мялешкі. I каманда ў добрым настроi вяртаецца на радзiму, дзе ўжо ўчора вечарам на пляцоўцы Палаца спорту прымала тальяцiнскую "Ладу". Падрабязнасцi гэтай гульнi ў заўтрашнiм нумары "Звязды".

Яўген ВАРАКСА.

←Единоборства. Пирожки в кулаке

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика