І БАТЭ, і Бенфiка настроены толькi выйграваць - Партугальцаў не спалохала мiнскае надвор'е
Вiктар Ганчарэнка: "Жывём толькi надзеяй прайсцi далей"
Нягледзячы на нефутбольнае надвор'е, футбола у апошнi час у нашым жыццi нямала. Завершана iнтрыга з пасадай галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай, i Бернд Штанге, заключыўшы чарговы кантракт з АБФФ, адправiўся катацца на лыжах у Аўстрыю. Але гульня нумар адзiн у нас працягваецца. Сёння ў 20 гадзiн на стадыёне "Дынама" наш чэмпiён БАТЭ будзе змагацца за другую перамогу ў групавым раўндзе Лiгi Еўропы. Нагадаем, што першыя тры ачкi барысаўчане здабылi ў матчы з грэчаскiм АЕКам, на чарзе партугальская "Бенфiка". Напярэдаднi матчу галоўны трэнер барысаўчан Вiктар Ганчарэнка, калi казаў толькi пра перамогу, здавалася, выглядаў не так упэўнена, як перад хатнiм матчам з АЕКам. Хоць менавiта ад гэтага матчу будуць залежаць шанцы нашага клуба выйсцi ў стадыю плэй-оф. Чым жыў БАТЭ напярэдаднi матчу з партугальцамi, расказаў галоўны трэнер Вiктар Ганчарэнка.
— Вiктар Мiхайлавiч, перад матчам з АЕКам вы разважалi толькi пра перамогу. Як настроены перад гульнёй з "Бенфiкай"? Цi засмуцiць вас нiчыя?
— Магу сказаць, што настроены таксама толькi на перамогу. Цi задаволiць нiчыя, будзе залежаць ад таго, як будзе складвацца матч. Калi будзем выйграваць, i не ўдасца захаваць перамогу, тады засмуцiмся.
— АЕК здолеў абыграць "Бенфiку"...
— Не толькi АЕК, але i "Ворскла". Любую каманду можна абыгрываць. З такой надзеяй i рыхтуемся да матчу.
— Чым сённяшняя "Бенфiка" адрознiваецца ад той, з якой вы гулялi ў вераснi?
— На першы погляд, нiчым — той жа кантроль мяча, тыя ж выканаўцы высокага класу. Але прасочваецца адна тэндэнцыя: у пачатку сезона каманда шмат забiвала. Цяпер рэалiзацыя прапала. На адным дыханнi цяжка правесцi ўвесь сезон.
— "Бенфiка" прывезла ў Мiнск асноўны састаў?
— Змены ў складзе ў iх будуць. Але мы б аддалi перавагу гульнi з iх асноўным саставам.
— У якiм стане знаходзяцца футбалiсты БАТЭ? Цi ўсе гульцы здаровыя?
— Мы згулялi ў добрым для нас графiку кубкавыя гульнi — атрымалi гульнявую практыку i захавалi кандыцыi. Футбалiсты ў добрым функцыянальным стане, усе здаровыя, акрамя Стасевiча.
— У параўнаннi з леташнiм еўракубкавым сезонам сёлета вы заробiце значна меншыя грошы ў Лiзе Еўропы. Гэта факт вас засмучае?
— Не засмучае. Але трапiўшы ў групавы этап Лiгi чэмпiёнаў, можна было разлiчваць на тое, што ўдасца i далей удасканальваць нашу iнфраструктуру. Але мы як мелi магчымасць запрашаць добрых гульцоў, так i маем яе.
— На наступны дзень матчы Лiгi Еўропы транслююцца спадарожнiкавымi каналамi, у прыватнасцi, НТВ-плюс, з каментарыямi вядомых спецыялiстаў. Глядзiце iх?
— Гляджу, але не для таго, каб даведацца, што пра нас думаюць, а дзеля якаснага спадарожнiкавага запiсу. А з боку расiян стаўленне да нас, як да малодшага брата, вядома.
— Летась вы казалi, што не гатовы як трэнер да дэбюту ў Лiзе чэмпiёнаў. Якiя сёлетнiя адчуваннi?
— Усе мы, i гульцы, i трэнеры, набываем вопыт, якi прымушае на многiя рэчы паглядзець пад iншым вуглом. Летась гэта было падобна на выхад у космас. Зараз з'яўляецца ўпэўненасць. У тым, што можаш абыграць любую каманду.
— Як ставiцеся да таго, што вас назвалi лепшым трэнерам нацыянальнага чэмпiянату?
— Прыемнае прызнанне. Але гэта заслуга ўсяго клуба, усяго трэнерскага штаба, я сябе не выдзяляю асобна.
— Наколькi важны для вас матч АЕК—"Эвертан"? Будзеце сачыць за ходам матчу?
— Я звяртаю ўвагу на сваю каманду. Атрымаўшы другую перамогу, мы не будзем нi ад кога залежаць. Вынiк другога матчу ў групе мы даведваемся адразу пасля фiнальнага свiстка. Мяне задаволiць нiчыя ў тым матчы.
Далей Вiктар Ганчарэнка быў атакаваны партугальскiмi журналiстамi:
— Што чакаеце ад "Бенфiкi" i якiя вашы прагнозы?
— Прагнозы — рэч няўдзячная, ад iх устрымаюся. Чакаю якаснага футбола, якi не пакiне раўнадушнымi балельшчыкаў.
— Рыхтуеце наступальную тактыку?
— Заўтра пабачыце.
— Спадзеяцеся ў вынiку выйгрышу прайсцi далей?
— Толькi гэтым i жывём.
— Добра вывучылi "Бенфiку"?
— З моманту жараб'ёўкi пiльна сачылi за гэтай камандай. Бачылi ўсе яе матчы. Гэта добрая, збалансаваная каманда, мае добрую групу атакi i крайнiх абаронцаў атакавальнага плана.
Павел Няхайчык:
"Не засмучуся, калi не заб'ю. Галоўнае — перамагчы"
Паўабаронца БАТЭ Павел Няхайчык узгадаў свае ўражаннi ад матчу з "Бенфiкай" у Лiсабоне i падзялiўся бачаннем хатняй гульнi.
— Ад першай гульнi з партугальскiм клубам у мяне цалкам пазiтыўныя ўражаннi. Гуляць з гэтай камандай на яе стадыёне — сапраўднае задавальненне. Мяркую, на нашым стадыёне атрымаецца гэтак жа.
— У чым самы вялiкi козыр "Бенфiкi"?
— Асноўнай нашай праблемай з'яўляецца пераход з чэмпiянату краiны на еўракубкi ў плане хуткасцяў. "Бенфiцы" лягчэй — у такiм тэмпе яны гуляюць увесь сезон.
— Плануеце парадаваць балельшчыкаў галамi?
— У кожным матчы хочацца ўразiць балельшчыкаў. Але калi не заб'ю, але каманда пераможа, не засмучуся.
— Цi ўдалося сфатаграфавацца ў Партугалii з жывым сiмвалам "Бенфiкi" — арлом?
— Мы ехалi ў Партугалiю набiраць ачкi, сфатаграфавацца не ўдалося.
— Гол у Партугалii быў забiты Нуну Гомешам якраз "з-пад цябе"...
— Заўсёды непрыемна, калi маеш дачыненне да ўзяцця ўласных варотаў. Магчыма, гэта стане дадатковым стымулам рэабiлiтавацца перад сваiмi балельшчыкамi ў хатнiм матчы. Праўда, нiколi нельга абвiнавачваць аднаго гульца ў забiтым мячы. Казаць, што толькi Няхайчык памылiўся, няправiльна.
— Засталiся дзве гульнi з лiдарамi — "Бенфiкай" i "Эвертанам". Супраць каго гуляць больш цiкава?
— Прыемна гуляць з любым супернiкам высокага класа. Стыль "Бенфiкi" i "Эвертана" розны, i мне больш падабаецца партугальская каманда.
"Бенфiка" прыбыла ў Мiнск учора i з ранiцы апрабавала стадыён "Дынама". Галоўны трэнер партугальцаў Жорж Жэзуш паведамiў, што мяняць асноўны склад не плануе. Ён заўважыў, што дынамаўскi газон нядрэнны, а ў Мiнску, калi ўлiчваць, што Беларусь паўночная краiна, не так холадна, як чакалася. У любым выпадку, надвор'е не стане перашкодай для перамогi. Увечары пабачым.
Алена АЎЧЫННIКАВА.