ЛЕПШАЯ АТАКА — АБАРОНА
Некалькi тыдняў таму мiнскае "Дынама" прывяло ў стан лёгкага шоку расiйскую сталiчную публiку. У прынцыповым клубным дэрбi на пляцоўцы супернiка беларусы як "Тузiк грэлку парвалi" "бела-блакiтных" Масквы 5:1. Шматлiкiя аглядальнiкi тады ўсё спiсалi на выпадковасць, маўляў, пашанцавала правiнцыялам. I ў чацвер масквiчы прыехалi з упэўненасцю гэты тэзiс даказаць.
Перад гульнёй галоўны трэнер гаспадароў Аляксандр Андрыеўскi адправiў у салiгорскi фарм-клуб фiна Маканена. Незразумелай заставалася сiтуацыя i з iншым прадстаўнiком краiны Суомi, лепшым галеадорам, Хювененам. Па адных звестках Ханэс траўмiраваны, па iншых яго проста пасадзiлi на скамейку за неўражваючы выступ у апошнiх сустрэчах. Затое вярнуўся ў строй капiтан Пелтанен i, што самае прыемнае для беларускiх заўзятараў, Антоненка, заняўшы месца ў тройцы з Шафарэнка i Чупрысам. У сваёй першай гульнi за новую каманду Алег галамi i перадачамi не адзначыўся, але паспеў прыгадаць усiм — фiрмовы кiдок у "ветэрана" на месцы, так што беражыцеся галкiперы-супернiкi!
Ва ўсiх гульнявых вiдах спорту, у тым лiку i ў хакеi, галоўная задача абаронцы фармулюецца даволi проста — патрэбна захоўваць свае вароты ад злосных нападаў супернiка. Гэтым функцыi большасцi гульцоў задняй лiнii i абмяжоўваюцца. Цяжка чакаць ад iх подзвiгаў у нападзеннi, тым больш — бамбардырскiх рэкордаў. Але часам здараюцца выключэннi, нават цэлыя вечары-выключэннi. Адзiн з такiх на другой хвiлiне паядынка распачаў Антонаў — другая спроба далёкага кiдка маладога гульца аказалася невырашальнай задачай для Бiрукова. Госцi, зразумела, з удвая большай энэргiяй кiнулiся на вароты Мезiна, але актыўнасць абярнулася для iх жа самiх iншым бокам медалю — з iнтэрвалам у 22 секунды з пляцоўкi былi выдаленыя Епачынцаў i Вараб'ёў. Вялiкую колькасную перавагу выкарыстаў ад сiняй лiнii Уэскат, галявая перадача на рахунку Пелтанена. 2:0 на шостай хвiлiне — пачатак iдэальны. "Зубры" вырашылi i яго працяг зрабiць выдатным. Добрыя шансы мелi Мялешка, Андэрсан, Стась, Развадоўскi, але форвардам у апошнi момант нечага не хапала. А потым прыйшла 16-ая хвiлiна, а за ёй i 20-ая. На першай з узгаданых арбiтры выдалiлi Лiнтнэра за небяспечную гульню высокападнятай клюшкай i швед Омарк скарацiў адставанне, а на другой адбылася невялiкая сутычка каля нашых варот. Больш за ўсiх атрымаў Плат, твар якога быў у крывi, але выдалiлi менавiта Джэва ды Пелтанена ў дадачу. А тут яшчэ праз некалькi секунд за выкiд шайбы штраф выпiсалi Мезiну. Таму не дзiўна, што расiйская каманда паспела да сiрэны зраўняць лiк. У перапынку вельмi не хацелася верыць прагнозам, якiя можна было пачуць у розных кутках Палацу спорту. Большасць заўзятараў з жалем у голасе была перакананая — другi i тым больш трэцi перыяд, як заўсёды, застанецца за гасцямi. Але ж вы памятаеце, што вечар быў незвычайны. Галы абаронцаў Лiнтнэра ( нечым падобна на шайбу Копаця "iмя Томi Сала" ) на экватары матча i Дзянiсава блiжэй да канцоўкi дазволiлi мiнчанам адносна спакойна адчуваць сябе на апошнiх хвiлiнах трэцяга перыяду, захоўваючы пераможныя 4:2.
Вельмi нестабiльныя выступы нашай каманды пакуль не даюць магчымасцi упэўнена казаць, што поспехi ў апошнiх двух гульнях — заканамернасць. Усё пакуль вельмi незразумела. Магчыма, тую цi iншую стабiльнасць зможа прынесцi сёняшнi паядынак з лiдарам Заходняй канферэнцыi пiцерскiм СКА.
Яўген ВАРАКСА.