Расія – Славенія – 2:1, Грэцыя – Украіна – 0:0
У суботу праходзяць стыкавыя матчы за права выступаць на чэмпіянаце свету па футболе, што пройдзе летам 2010 года ў Паўднёвай Афрыцы (хоць насамрэч там будзе самая глыбокая афрыканская зіма).
Зборная Расіі выйграла ў Маскве ў Славеніі – 2:1
(два галы ў расіян забіў гулец «Эвертана» Дзініяр Білялетдзінаў), прычым за сем хвілін да канца сустрэчы расіяне вялі – 2:0. Матч у адказ пройдзе ў сераду ў Марыборы.
Зборная Украіны згуляла ўнічыю ў Афінах з Грэцыяй - 0:0.
18 лістапада каманды згуляюць у Данецку.
Нагадаем, што зборная Украіны была супернікам зборнай Беларусі па адборачнай групе. У Львове 6 верасня 2008 г. падапечныя Бернда Штанге прайгралі 0:1, прапусціўшы з вельмі спрэчнага пенальці, у Мінску 9 верасня 2009 г. была зафіксавана нічыя 0:0.
А 22-й пачнецца матч Ірландыя – Францыя, у 22:30 – Партугалія – Боснія.
У суботу пуцёўкі заваявалі зборныя Новай Зеландыі (наймацнейшая каманда Акіяніі, што гуляла з 5-й камандай Азіі – Бахрэйнам), а таксама зборныя Камеруна, Нігерыі (група Афрыка), што выйгралі турнір у сваіх групах. У групе «C» зборныя Егіпта і Алжыра завершылі турнір з ідэнтычнымі вынікамі (сёння Егіпет перамог Алжыр – 2:0), і 18 лістапада ў Судане між гэтымі камандамі пройдзе дадатковы матч.
А 4-й раніцы пачнецца першы матч Коста-Рыка – Уругвай (г.зн. 4-я зборная Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі з 5-й зборнай Паўднёвай Амерыкі).
Пуцёўкі на чэмпіянат свету па футболе — 2010 па стане на суботу 14 лістапада забраніравалі 26 зборных з 32-х:
Паўднёва‑Афрыканская Рэспубліка (як арганізатар),
Еўропа: Англія, Данія, Галандыя, Іспанія, Італія, Германія, Славакія, Сербія, Швейцарыя.
Азія: Японія, КНДР, Рэспубліка Карэя, Аўстралія.
Афрыка: Гана, Кот Д’Івуар, Камерун, Нігерыя.
Паўднёвая Амерыка: Бразілія, Парагвай, Чылі, Аргентына.
КОНКАКАФ: Мексіка, ЗША, Гандурас.
Акіянія: Новая Зеландыя.