Саудаўская Аравія – Беларусь – 1:1
Нацыянальная зборная Беларусі па футболе 14 лістапада правяла таварыскі матч са зборнай Саудаўскай Аравіі.
Гульня прайшла ў горадзе Эд-Дамам на беразе Персідскай затокі і скончылася з лікам 1:1.
Лік адкрыў на 20-й хвіліне Максім Бардачоў (БАТЭ). На 23-й хвіліне быў выдалены за неспартовыя паводзіны наш галкіпер – і адзін з найлепшых варатароў чэмпіянату Расіі – Юры Жаўноў. Мяч был у галкіпера, арабскі гулец замінаў яму ўвесці яго (мяч, не футбаліста) у гульню. Жаўноў спецыяльна ўдарыў мячом у суперніка, за што і быў выдалены з поля, паведамляе сайт football.by.
Яго месца ў браме заняў яго аднаклубнік па ФК «Масква» Антон Амельчанка.
На 31-й хвіліне гаспадары зраўнялі лік: вызначыўся Аль-Шамрані. У выніку – 1:1.
У пятніцу ў матчы другіх зборных (г.зв. С.Аравія -2 - Беларусь-2) беларусы прайгралі 1:2.
У сераду, 18 лістапада, падапечныя Бернда Штанге згуляюць у гасцях з Чарнагорыяй.
Матч пройдзе ў Падгорыцы.
***
Таксама тут паведамім, што мінскія дынамаўцы – тут ужо гаворка пра хакей – перарвалі сваю серыю з чатырох перамог запар.
Мінчукі фінскага разліву прайгралі сёння ў Казані «Ак Барсу» – 1:4. У беларусаў адзіную шайбу закінуў Уладзімір Дзянісаў на 31-й хвіліне пры ліку 2:0 на карысць гаспадароў.
Праўда, «Ак Барс», трэба ўлічваць, – уладальнік Кубка Гагарына.
Наступны матч дынамаўцы правядуць у панядзелак у гасцях супраць «Нафтахіміка», у Мінску нашыя згуляюць у наступны чацвер з МВД.