Пытанне Штанге вырашанае
Калi нашы футбалiсты не праваляць таварыскiя матчы, кiраваць iмi будзе нямецкi трэнер
Пытанне, якое займае футбольных балельшчыкаў i спецыялiстаў з моманту заканчэння для нашай каманды адборачнага цыкла да чэмпiянату свету-2010, здаецца, вырашанае. Як паведамляе выданне Gazetaby.com, на пасадзе галоўнага трэнера нацыянальнай каманды застаецца Бернд Штанге. Крынiцы, блiзкiя да беларускай федэрацыi футбола, паведамiлi выданню, што кантракт з нямецкiм спецыялiстам будзе падоўжаны.
Нагадаем, што Бернд Штанге ўзначалiў беларускую зборную летам 2007-га. Ён завяршыў з камандай адборачны цыкл да чэмпiянату Еўропы, дзе беларусы занялi чацвёртае месца ў групе. Перад квалiфiкацыяй на чэмпiянат свету-2010 кiраўнiк федэрацыi Генадзь Нявыглас паставiў задачу заняць трэцяе месца ў групе. Але не выключалася магчымасцi, што беларусы здолеюць пазмагацца i за адну з дзвюх пуцёвак у фiнал. Перад стартавым матчам з Украiнай Штанге папярэджваў: "Як трэнер, я ведаю, як цяжка нам будзе заняць трэцяе месца. За 30-гадовы стаж працы я ўсвядомiў, што няма лiфту, якi вязе да поспеху. Таму прыходзiцца карыстацца прыступкамi. I наша трэцяе месца будзе чарговай прыступкай. Хоць максiмальнай мэтай павiнна быць толькi першае. Але будзем рэалiстамi: Харватыя пятая ў рэйтынгу, Англiя — 14-я, Украiна — 28-я. А мы — 57-я. Кагосьцi з гэтых моцных зборных нам давядзецца пакiнуць за спiнай, каб аказацца трэцiмi ў групе". Пакiнуць нiкога з названых за сабой не атрымалася, i зноў Беларусь у групе толькi чацвёртая.
Разглядаць працу Штанге са зборнай можна па-рознаму. Можна з пункту погляду задачы, якая засталася нявыкананай. А можна ўзгадаць i станоўчыя моманты. Сярод iх i найвышэйшае , 57-е месца ў гiсторыi зборнай у рэйтынгу ФIФА, перамога над камандай Галандыi, нiчые са зборнымi Аргенцiны, Турцыi, Германii, няхай сабе i ў таварыскiх гульнях. Ужо сам факт такiх супернiкаў (аргенцiнцаў i туркаў балельшчыкi пабачылi ў Мiнску) кажа пра пэўныя зрухi ў беларускiм футболе. Штанге ўдалося яго разварушыць, гэтак жа як i балельшчыкаў (яго прома-акцыi з удзелам футбалiстаў зборнай i адкрытымi трэнiроўкамi цяпер успрымаюцца як традыцыя, якую, праўда, складана ўявiць з былымi рулявымi нацыянальнай каманды). Плюс да ўсяго, немец амаладзiў беларускую зборную, перагледзеўшы вялiкую колькасць беларускiх футбалiстаў. Многiя беларускiя трэнеры спiсалi гэтыя дасягненнi на менеджарскiя таленты Штанге i даказвалi апанентам (якiя былi за тое, каб немец застаўся), што да трэнерства гэтыя поспехi не маюць нiякага дачынення. Але усё вырашыў Генадзь Нявыглас. На трэнерскiм семiнары з удзелам сусветна вядомых спецыялiстаў (арганiзаваным зноў жа стараннямi Бернда Штанге) 27 кастрычнiка ён заявiў журналiстам, што задаволены вынiкамi выступлення нашай каманды ў адборачным цыкле да чэмпiянату свету-2010, i месца ў групе — пакуль наша рэальнае месца з улiкам стану нашай iнфраструктуры, трэнерскiх кадраў, дзiцячага футболу i iнш. I нiякай крытыкi ў адрас зборнай сабе не дазволiў, растлумачыўшы: "Мы можам згубiць добрага спецыялiста. З вялiкiмi гульцамi кшталту Глеба павiнны працаваць вялiкiя трэнеры. Вы шмат у нас такiх ведаеце?" — пытаў Генадзь Мiкалаевiч журналiстаў, даўшы зразумець што крэдыт даверу Штанге не вычарпаны. Журналiсты правакавалi старшыню федэрацыi i цiкавiлiся, цi не прыгледзеў ён кагосьцi на семiнары ў якасцi пераемнiка нямецкага спецыялiста. На што Нявыглас адказаў, што ў Штанге кантракт да 30 лiстапада, а пасля яго лёс вырашыцца.
А да гэтага наша зборная правядзе яшчэ два таварыскiя паядынкi. Сёння ў Дамаме беларусы будуць высвятляць адносiны з "азiяцкiмi бразiльцамi" — зборнай Саудаўскай Аравii (так называюць супернiка беларусаў па прычыне таго, што з iмi апошнiм часам шмат працуюць лацiнаамерыканскiя спецыялiсты), паядынак пачнецца ў 16.30 па беларускiм часе. А 18 лiстапада падапечныя Бернда Штанге згуляюць з камандай Чарнагорыi. Калi вынiк паядынкаў будзе не правальным, са Штанге яшчэ пабачымся.
Алена КРАВЕЦ.