Ціхана і Дзевятоўскага мурыжаць
Дзевятоўскі і Ціхан з тымі самымі медалямі. |
Слуханні па справе беларускіх кідальнікаў молата Івана Ціхана і Вадзіма Дзевятоўскага перанесены з 4—5 снежня 2009 года на 25—27 студзеня 2010 года,
паведамляе афіцыйны сайт Спартыўнага арбітражнага суда ў Лазане. Усе справы ў судзе разглядаюцца ў закрытым рэжыме.
11 снежня мінулага года дысцыплінарная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэта прыняла рашэнне аб пазбаўленні медалёў пекінскай Алімпіяды 31‑гадовага Вадзіма Дзевятоўскага і 32‑гадовага Івана Ціхана.
Яны абвінавачаны ва ўжыванні допінгу — гармону тэстастэрону. У фінальных спаборніцтвах Дзевятоўскі заняў другое месца, Ціхан — трэцяе.
У паведамленні, апублікаваным на сайце МАК, гаварылася, што спартсмены павінны вярнуць медалі і дыпломы. Пры гэтым Дзевятоўскаму пажыццёва забаронена браць удзел у Алімпійскіх гульнях, бо ён паўторна выкрыты ў прымяненні допінгу.
Спартсмены сваю віну не прызнаюць. «Нашы аргументы ў справе Ціхана—Дзевятоўскага вельмі важкія і даюць шанц на выйгрыш», — заявіў 7 кастрычніка першы віцэ‑прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, памочнік прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Генадзь Аляксеенка. Міністр спорту і турызму Алег Качан «на 60%» упэўнены, што Ціхан і Дзевятоўскі будуць апраўданы. Беларускія спартсмены сталі «закладнікамі выпадку», сказаў міністр на прэс‑канферэнцыі 22 верасня.
Дзмітры Уласаў, БелаПАН