Беларускiя байцы рыхтуюць нашэсце на сусветны бокс

Источник материала:  

Cёння наша краiна не мае нiводнага пояса чэмпiёна свету. Але адразу пяцёра нашых байцоў разглядаюцца як прэтэндэнты на сусветныя тытулы ў розных вагавых катэгорыях. Такiмi перспектывамi не могуць пахвалiцца нават баксёрскiя звышдзяржавы Расiя i Вялiкабрытанiя.

"Белы воўк" вяртаецца!

Знакавая падзея для беларускага бокса здарылася ў красавiку 2006 года. Наш знакамiты баец суперцяжкай вагi Сяргей Ляховiч па мянушцы "Белы воўк" адабраў чэмпiёнскi тытул WBO ў амерыканца Леймана Брустэра. Але ў гэтым жа годзе Сяргей згубiў тытул, прайграўшы на апошнiх секундах 12-га раўнда амерыканцу Шэнану Брыгсу. Зорная кар'ера пайшла пад адхiл — пасля была яшчэ адна прыкрая параза расiянiну Мiкалаю Валуеву. Ляховiчу давялося змагацца з траўмаванай правай рукой...

I вось нарэшце ў лiстападзе гэтага года "Белы воўк" вярнуўся ў рынг, ды яшчэ як эфектна: накаўтаваў амерыканца Джэрэмi Бэйтса ўжо ў першым раўндзе. Двубой праходзiў у нямецкiм Нюрнбергу.

— Сяргей патэлефанаваў мне а сёмай ранiцы наступнага дня, — распавядае "Звяздзе" Анатоль Колчын, першы трэнер Сяргея Ляховiча. — Сказаў, што вельмi задаволены сваiм вяртаннем, задаволены, што здолеў выйсцi на другое кола сваёй кар'еры, пераадолеўшы падводныя камянi. Яго мара — зноўку пазмагацца за чэмпiёнскi тытул.

Цiкава, што Сяргей Ляховiч зноўку працуе з самым вядомым сусветным прамоўтарам Донам Кiнгам. А гэта азначае, што Кiнг ускладае на беларуса сур'ёзныя надзеi i плануе арганiзаваць для яго чарговы тытульны двубой. Пытанне адно — калi гэта здарыцца.

Юрыя Раманава запрасiлi трэнiравацца ў ЗША

Летам гэтага года ўсе аўтарытэтныя сайты, прысвечаныя боксу, паведамiлi: беларус Юрый Раманаў (61 кг) пазмагаецца за тытул чэмпiёна свету. Быў названы яго супернiк — венесуэлец Фернанда Ангула. Але двубой раптоўна адмянiлi, а Раманава выключылi з першых радкоў сусветных рэйтынгаў баксёраў-прафесiяналаў.

Беларускiя байцы рыхтуюць нашэсце на сусветны бокс

  Высветлiлася, што нахiмiчыў той жа Дон Кiнг. Няўжо Раманаву давядзецца наноў пачынаць баксёрскую кар'еру?

— Дон Кiнг не стаў арганiзоўваць мне тытульны двубой, таму што не здолеў на iм зарабiць, — з абурэннем выказваецца Юрый Раманаў "Звяздзе". — Ведаю, што Кiнг звяртаўся ў Беларусь з прапановай выдзелiць каля 300 тысяч долараў на гэты бой. Калi б нашы спартовыя чыноўнiкi здолелi знайсцi спонсараў, то Беларусь магла б мець чэмпiёна свету. Але грошы не знайшлi, i мяне выкiнулi з першага радка сусветнага рэйтынгу. Фармальная прычына ў тым, што я не баксiраваў больш за год. Я абураны, 300 тысяч долараў — невялiкiя грошы. З такiм стаўленнем да прафесiйнага бокса тут перспектыў я не бачу.

— ...?

— Мяне запрасiлi ў Лос-Анджэлес. Цяпер раскручваць мяне будзе вядомы баксёрскi агент Эдуард Гумашчан. Кантракт з Донам Кiнгам скасаваны па ўзаемнай згодзе бакоў, я буду працаваць з новым прамоўтарам. Спачатку правяду некалькi рэйтынгавых баёў, вельмi хутка аднаўлю свае пазiцыi ў сусветных рэйтынгах. I паядынак за тытул чэмпiёна свету не за гарамi. Вядома, выступаць я буду пад беларускiм сцягам.  

— Як да твайго рашэння паставiўся трэнер Пётр Букштановiч?

— Падтрымаў мяне i блаславiў. Да ад'езда мы працягваем трэнiравацца разам. Спадзяюся, што тытульны двубой я правяду цягам наступнага году.

"Вялiкая белая надзея" сусветнага бокса

Самы нестандартны беларускi баксёр Аляксандр Усцiнаў (рост — 2 метры, вага — 140 кг) упэўненымi крокамi рухаецца на вяршыню баксёрскага Алiмпа. Былы чэмпiён свету па тайскiм боксе, ён i ў плане баксёрскай тэхнiкi не дае спуску супернiкам: 18 баёў, 18 перамог (з iх 15 накаўтам). Сёння Усцiнаў валодае тытулам чэмпiёна Еўропы сярод прафесiяналаў у версii EBA, але, на думку экспертаў, цягам года баец зможа пазмагацца i за сусветны тытул у версii WBA. Амерыканцы называюць Аляксандра "Вялiкай белай надзеяй".

Пабачыць Усцiнава жыўцом можна будзе i ў Мiнску. Прыкладна ў сакавiку баец абаронiць дома тытул чэмпiёна Еўропы.

— Хутчэй за ўсё, змагацца буду з вельмi моцным амерыканцам Сэдрыкам Босвелам. Перамогi над такiмi байцамi ўздымуць мяне ў сусветных рэйтынгах, — дзелiцца планамi са "Звяздой" Аляксандр Усцiнаў. — Штодзённа рыхтуюся да баёў, вельмi шмат разважаю над тэхнiкай. Большасць баксёраў на нейкiм этапе спыняюцца ў развiццi, спрабуюць перамагаць аднымi i тымi ж метадамi. У вынiку супернiкi глядзяць запiсы з iх баямi i загадзя гатовыя да каронак. Я ж увесь час спрабую ўдасканальваць тэхнiку, увесь час нешта намацваю, шукаю.

I тэхнiчныя пошукi Аляксандра Усцiнава, трэба сказаць, даюць плён. 140-кiлаграмовы баец выглядае ў рынгу вельмi хуткiм, знаходлiвым i скаардынаваным. Пакуль Усцiнаву прадказваюць вялiкую будучыню, за права называць яго "сваiм" баксёрам грызуцца на iнтэрнэт-форумах i беларускiя, i расiйскiя, i ўкраiнскiя заўзятары бокса. З гэтай прычыны Аляксандр Усцiнаў выказаўся i карэспандэнту "Звязды":

— Па пашпарце я рускi, з гэтым не паспрачаешся. Але байцом мяне з нуля зрабiў беларускi трэнер Уладзiмiр Задзiран, ды i жыву я ў Мiнску. Выходзiць, што прадстаўляю беларускую школу i выступаю пад беларускiм сцягам. Таму сваiм мяне могуць лiчыць i беларусы, i расiяне.

Гулякевiч чакае паядынку за тытул праз чатыры месяцы

У жнiўнi гэтага года заваяваць для Беларусi сусветны чэмпiёнскi тытул мог Сяргей Гулякевiч. Але двубой праходзiў у Мексiцы з Умбэрта Гуцьерасам. Фактычна Гулякевiч перамог, але атрымаў некалькi малаабгрунтаваных папярэджанняў, i пояс аддалi мексiканцу.

— Аўтарытэтныя ў баксёрскiм свеце людзi там жа ў Мексiцы паабяцалi мне, што адбудзецца матч рэванш, — паведамiў Сяргей "Звяздзе" адразу пасля таго двубоя.

I вось днямi з'явiлiся добрыя навiны, Сяргей Гулякевiч адпiсаў карэспандэнту "Звязды" з Егiпта, дзе мексiканец Гуцьерас 21 лiстапада будзе абараняць тытул WBC супраць немца Вiталя Тайберта.

"Я спецыяльна прыехаў у Егiпет, каб паназiраць за гэтым двубоем, — пiша Сяргей Гулякевiч. — Займаю другое месца ў рэйтынгу WBC i з гэтай прычыны буду баксiраваць за пояс з пераможцам двубоя "Гуцьерас-Тайберт".

Такiм чынам, заваяваць чэмпiёнскi тытул Сяргей Гулякевiч паспрабуе прыкладна праз чатыры месяцы.

Самы вядомы баксёр-яўрэй — ураджэнец Беларусi

Насупраць прозвiшча жыхара Нью-Ёрка Юрыя Формана дагэтуль ставяць беларускi сцяжок. Рэч у тым, што нарадзiўся баец ў Гомелi.

А ў наступную суботу Юрый Форман паспрабуе адабраць тытул чэмпiёна свету (версiя WBA) у дзейнага чэмпiёна Данiэля Сантаса (71 кг). Юрый Форман сёння адзiн з самых вядомых баксёраў ЗША. Здзiўляе яго нестандартны лад жыцця — у вольны ад бокса час ён вучыцца на равiна ў яўрэйскiм iнстытуце Бруклiна.

За сваю кар'еру Форман не прайграў анi разу, яго называюць майстрам тактычнага двубоя.

"Фотаздымак Юрыя Формана змясцiлi на першай паласе газеты "Нью-Ёрк Таймз" у нумары за сераду 11 лiстапада, — пiша амерыканскi спартовы журналiст Джош Элпер. — Форман у свой час пацярпеў ад свайго былога менеджара, але жонка схiлiла яго да рэлiгii, i Форман, дзякуючы гэтаму, застаўся ў спорце i з часам дасягнуў вышыняў. Для бокса гэта вельмi незвычайны прыклад".

Безумоўна, калi ў Формана атрымаецца перамагчы, то гэту перамогу на свой рахунак могуць успрымаць i беларусы, усё ж нарадзiла Юрыя наша зямля.

Яўген ВАЛОШЫН.

←Приплыли...

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика