Загінуў галкіпер зборнай Германіі Роберт Энке
Галкіпер зборнай Германіі і футбольнага клуба «Гановер» Роберт Энке загінуў у аўторак вечарам.
«Гэта жахлівая навіна. Я не ведаю, чаму і што здарылася. Але наўрад ці гэта звязана з футболам», – заявіў прэзідэнт «Гановера» Марцін Кінд у інтэрв’ю АР.
Энке загінуў на чыгуначным пераездзе ў горадзе Нойштат-ам-Рюбенберге.
«Адбылася аварыя на чыгуначным пераездзе, загінуў чалавек», – заявіў кіраўнік прэс-дэпартамента паліцыі Гановера Штэфан Віте. Паводле яго словаў, Энке скончыў жыццё самагубствам.
Тры гады таму ў сям’і Энке здарылася трагедыя – ва ўзросце двух год праз прыроджаны парок сэрца памерла дачка футбаліста Лара.
Роберту Энке было 32 гады. Ён нарадзіўся ў 1977 г. у горадзе Ена. Першым клубам яго быў «Карл Цэйс». Энке гуляў за моладзевую каманду «Карл Цэйса», калі "дарослую" чарговы раз трэніраваў сённяшні трэнер зборнай Беларусі Бернд Штанге
Выступаў у мёнхенгладбахскай «Барусіі» (1995—1999), «Бенфіцы» (1999—2002), кар’ера ў «Барселоне» і «Фенербахчэ» не ўдалася. За «Барсу» ён наогул правёў адзін матч.
Ад 2004 г. гуляў за «Гановер-96». У складзе нацыянальнай зборнай Германіі правёў восем матчаў.
Апошні матч згуляў у нядзелю супраць «Гамбурга» (2:2)