Сівакоў дэбютаваў у Італіі
Беларускі паўабаронца Міхаіл Сівакоў правёў першы матч у серыі «А» італьянскага чэмпіянату.
Гулец БАТЭ Міхаіл Сівакоў перайшоў у клуб «Кальяры» ў студзені 2009 г., заключыўшы кантракт на 3,5 года. Але ў другім крузе чэмпіянату 2008/2009 ён так ні разу не з’явіўся на полі.
У новым сезоне Сівакова некалькі разоў уключалі ў заяўку на матч, але на полі таксама ні разу не выпусцілі.
Дэбют прыпаў на 12-ты тур чэмпіянату Італіі: 8 лістапада «Кальяры» дома гуляў з «Сампдорыяй».
Міхаіл з’явіўся на полі на другой дададзенай хвіліне другога тайма (90+2), калі сардзінскі клуб вёў у ліку 2:0 (Конці, 85, Матры, 90). Сівакоў замяніў на полі Давідэ Б’яндзіні. Матч так і скончыўся перамогай «Кальяры» – 2:0.
Пасля 12-ці тураў «Кальяры» займае 8-е месца з 19 баламі (6 перамог, 1 нічыя, 5 паразаў, баланс мячоў 16—12).
На 9-м месцы ідзе «Бары» (4 перамогі, 6 нічыіх, 2 паразы, 11—7, 18 балаў), за які выступае форвард нацыянальнай зборнай Віталь Кутузаў. У нядзелю «Бары» перамог «Ліворна» — 1:0. Кутузаў не гуляў з прычыны траўмы.
У наступным туры, 22 лістапада, «Бары» згуляе ў гасцях з «Ромай», а «Кальяры» – у гасцях з «Міланам».
У мінулым сезоне «Кальяры» фінішаваў на 9-м месцы, а «Бары» заняў першае месца ў серыі «В» і прабіўся ў эліту.