Гус Хiдынк дагэтуль памятае гол Герасiмца ў вароты галандцаў

Источник материала:  

Галоўны трэнер расiйскай зборнай, легендарны галандзец Гус Хiдынк прыляцеў у Мiнск усяго на суткi. Прычына яго прыезду — удзел у мiжнародным трэнерскiм сiмпозiуме, якi Еўрапейская асацыяцыя трэнераў па футболе даверыла правесцi Беларусi.

Гус Хiдынк прыляцеў у Мiнск позна ўвечары ў панядзелак, i нягледзячы на яго жаданне паглядзець сталiцу Беларусi, экскурсiю давялося адмянiць. Усё, што ўдалося паглядзець трэнеру — шлях з аэрапорта да гасцiнiцы "Вiкторыя", дзе жывуць удзельнiкi сiмпозiуму (iх у Мiнск прыехала больш за 170 чалавек). Дарэчы, упершыню ў беларускай сталiцы галандскi спецыялiст пабываў у 1995 годзе, калi ў межах адборачнага цыкла да чэмпiянату Еўропы зборная Галандыi, якую ён узначальваў, сустракалася з камандай Беларусi. Беларусы, дарэчы, той матч сенсацыйна выйгралi, а адзiны гол у матчы забiў паўабаронца нашай каманды Сяргей Герасiмец. Яго прозвiшча, дарэчы, Хiдынк дагэтуль памятае, як i матч, пра што ўпэўнiлiся ўдзельнiкi сiмпозiуму. Галоўны трэнер зборнай Расii прачытаў свой даклад на тэму "Розныя культуры — розны падыход да трэнерскай працы" (найбольш успамiнаў засталося ў галандца ад працы са зборнай Карэi, дзе мясцовая прэса дала яму мянушку "Мiстар 0:5" за паражэннi ад еўрапейскiх камандаў, яшчэ ён узначальваў нацыянальныя каманды Галандыi i Аўстралii), паўдзельнiчаў у дыскусii разам з Берндам Штанге, Аляксандрам Старковым i Ёзэфам Венглашам i адказаў на пытаннi прысутных. У перапынку ж Хiдынк карыстаўся вялiкай папулярнасцю ў гасцей мерапрыемства — сфатаграфавацца з iм па прыкладзе Бернда Штанге захацелi многiя.

Як прызнаўся кiраўнiк федэрацыi футбола Генадзь Нявыглас, Хiдынка i ўсiх гасцей сiмпозiуму ўразiлi тыя змены, якiя адбылiся з беларускай сталiцай у апошнiя гады. У прыватнасцi, iмклiвае будаўнiцтва ў нашай сталiцы спартыўнай iнфраструктуры (госцi маглi ацанiць футбольны манеж i "Мiнск-арэну"). Генадзь Нявыглас адмовiўся прама адказаць на пытанне, актуальнае ў гэтыя днi для футбольнай грамадскасцi — цi будзе працягнуты кантракт галоўнага трэнера нашай зборнай i цi будзе ён працаваць у наступным адборачным цыкле. Аднак выступленне ў мiнулай квалiфiкацыi Генадзь Нявыглас ацанiў станоўча. Ён узгадаў сваё падарожжа ў Англiю i знаёмства з футбольнай iнфраструктурай гэтай краiны, нагадаў, якая рознiца ва ўзростах нашых футбольных федэрацый. Пасля чаго задаў журналiстам рытарычнае пытанне: мы можам абыграць зборную Англii? "Калi казаць, што мы маглi выйсцi з групы, трэба або зусiм не разбiрацца ў футболе, або быць адарваным ад нашых рэалiй," — выказаўся Генадзь Нявыглас. "Усе спецыялiсты, у тым лiку прадстаўнiкi тэхнiчнага камiтэта УЕФА, адзначылi, якiмi тэмпамi прагрэсуе беларускi футбол, i толькi журналiсты чамусьцi гэтага не заўважаюць. Такога негатыўнага асвятлення спорту, як у нашай краiне, няма нiдзе. Зборная Англii не перамагала на чэмпiянаце свету з 66-га года, i з гэтага там не робiцца трагедыi. Я станоўча ацэньваю выступленне ў квалiфiкацыi. Давайце звернемся да рэалiй i ўзгадаем, у якiм стане была наша зборная да прыходу Штанге. Цяпер гэта новая каманда. Гэта маладыя гульцы, восем з iх гуляе ў моладзевай камандзе, iх трэба падтрымаць. З вялiкiмi гульцамi павiнны працаваць вялiкiя трэнеры. Вы шмат у нас такiх трэнераў ведаеце?" — выказаў сваё меркаванне Генадзь Нявыглас i параiў спадзявацца на ўдалую жараб'ёўку да наступнага адбору.

Праз некалькi хвiлiн у дыскусii на тэму "Шлях у Паўднёвую Афрыку" Бернд Штанге таксама сказаў, што аптымiстычна спадзяецца на больш удалую групу ў наступны раз. "Калi б Беларусi ўдалося выйсцi са сваёй цяперашняй групы на чэмпiянат свету, гэта была б сусветная сенсацыя," — расставiў кропкi над "i" галоўны трэнер зборнай Беларусi.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Сборная. Уступили “Базуке”

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика