Дынама прайграла трэцi раз запар
Хакеiсты мiнскага "Дынама", уступiўшы 24 кастрычнiка з лiкам 1:4 у сталiчным Палацы спорту новасiбiрскай "Сiбiры", прадоўжылi серыю дамашнiх паражэнняў да трох матчаў. Гэта быў другi паядынак пад кiраўнiцтвам новага галоўнага трэнера Аляксандра Андрыеўскага, якi прыняў каманду 21 кастрычнiка пасля адстаўкi канадца Глена Хэнлана.
Тры апошнiя дамашнiя паражэннi "Дынама" пацярпела ад каманд, якiя знаходзiлiся на момант сустрэчы з мiнчанамi ў падвале турнiрнай таблiцы чэмпiянату КХЛ (раней былi няўдачы ў сустрэчах з хабараўскiм "Амурам" — 1:4 i новакузнецкiм "Металургам" — 2:4). У вынiку мiнчане самi спiкiравалi на 19-ы радок сярод 24 каманд лiгi. Характэрна, што ва ўсiх трох прайграных паядынках дынамаўцы адкрывалi лiк, але ўтрымаць перавагу нi ў адным з матчаў так i не змаглi. Наступны паядынак мiнчане правядуць 28 кастрычнiка ў гасцях з маскоўскiм "Дынама".
БЕЛТА