Прыпынены «аўтамабiлiст»

Источник материала:  

Прыпынены «аўтамабiлiст»Працягваючы турнэ па неабсяжных расiйскiх прасторах, хакейны клуб "Дынама-Мiнск" пакiнуў Еўропу. Мяжа памiж нашай часткай свету i Азiяй праходзiць акурат па заходнiх раёнах Екацерынбурга каля Верх-Iсецкага возера. Менавiта да мясцовага "Аўтамабiлiста" — дэбютанта Кантынентальнай хакейнай лiгi — i наведалiся мiнчане ў панядзелак.

Вялiкая ўвага да гэтай каманды з боку беларусiх заўзятараў тлумачыцца, безумоўна, не яе статусам дэбютанта. З гэтага сезона за екацярынбургскую каманду выступае адзiн з лiдараў нацыянальнай зборнай нашай краiны Алег Антоненка. Прычым, не проста выступае, а з'яўляецца адным з лiдараў уральцаў. На рахунку беларуса восем балаў у адзiнаццацi гульнях. Дарэчы, закiдваў Алег i ў апошнiх двух паядынках — маскоўскiм i рыжскiм дынамаўцам. Мiнская ж каманда пасля ўпэўненай i прыгожай перамогi ў папярэднiм туры над "Трактарам" рыхтавалася да гульнi ў не менш добрым настроi.

Пачатак застаўся за "бела-блакiтнымi". На другой хвiлiне гаспадары засталiся ў меншасцi, але выкарыстаць добрую магчымасць распачаць лiк у дынамаўцаў не атрымалася. Затое праз некалькi хвiлiн ужо ў роўных складах Хювенен прайшоў па левым фланзе i не пакiнуў шанцаў галкiперу гаспадароў Франскевiчу. Не прайшло i паўтары хвiлiны, а Дзянiсаў кiдком ад сiняй лiнii зрабiў лiк на табло 2:0 на карысць "Дынама". Такога пачатку "аўтамабiлiсты" дакладна не чакалi. Каб выйсцi са стану ступару, гаспадарам спатрэбiўся добры дзясятак хвiлiн. За гэты час мiнчане не раз маглi павялiчыць перавагу, але лiк застаўся ранейшым. Другi перыяд адзначыўся больш асэнсаванымi атакамi екацярынбуржцаў, якiя на 26-й хвiлiне "прабiлi" ўсё ж Коваля (Вiталь выйшаў на лёд, даўшы адпачыць Андрэю Мезiну). Пераломным момантам усёй гульнi можна назваць самы пачатак апошняй трэцi: з iнтэрвалам у дванаццаць секунд з пляцоўкi былi выдаленыя Уэскат (за штуршок супернiка на борцiк) i Дзянiсаў (выкiд шайбы). Амаль дзве хвiлiны мiнчане змагалiся ўтрох супраць поўнай пяцёркi гаспадароў. Антоненка некалькi разоў, Сiтнiкаў, Гуляўцаў — спрабавалi, але нi ў кога не атрымалася перайграць Коваля. Там жа, дзе Вiталь быў бяссiльны, дапамагалi абаронцы. Выстаяўшы ў меншасцi, "бела-блакiтныя" праз некалькi хвiлiн трэцi раз запалiлi чырвоны лiхтарык за спiнай Франскевiча i тым самым забяспечылi сабе другую запар перамогу ў гасцях.

Падчас шматгадзiннага пералёту з Екацярынбурга ў Мiнск дынамаўцы ўсiм сваiм iнтэрнацыянальным натоўпам смела могуць развучыць словы песнi з рэпертуару "Песняроў". Згадзiцеся, Уладзiмiр Мулявiн наўрад цi пакрыўдзiўся б на тое, што, падымаючыся ў неба над яго родным горадам, мiнчане зацягнулi "Бывайце здаровы, жывiце багата, а мы ад'язджаем дадому, дахаты". Ад'язджаем, падняўшыся на восьмае месца ў Заходняй канферэнцыi.

Яўген ВАРАКСА.

←Новости. "Драконов" свалил вирус

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика