ПАД МІНСКIМ ЛЁДАМ

Источник материала:  

ПАД МІНСКIМ ЛЁДАМГэтымi днямi Мiнск упершыню прымаў этап Гран-пры па фiгурным катаннi сярод юнiёраў. Не хацелася б перагружаць чытачоў сухiмi статыстычнымi звесткамi "Мiнскага лёду" (менавiта такую назву меў турнiр). Пакiнем гэта спартыўнай прэсе. А самi лепш прыпынiмся на некаторых адметнасцях турнiру, якiя дапамогуць адчуць яго атмасферу.

Лiчбы турнiру

Толькi што паабяцалi без сухой статыстыкi, а адразу пра лiчбы, скажаце вы. Так, але без гэтых лiчбаў нiяк не абысцiся. У беларускую сталiцу з'ехалася 119 маладых спартсменаў з 30 краiн свету (прысутнiчалi i такiя экзатычныя, як Ганконг, Фiлiпiны, Тайланд).

Напрыклад, у парныя спаборнiцтвы заявiлася толькi 14 дуэтаў з васьмi краiн, а сярод юнiёрак выступала 26 дзяўчат з 21 краiны.

Недабор турнiру

Працягваючы размову пра ўдзельнiкаў, трэба прыгадаць, што па правiлах юнiёрскага Гран-пры гаспадары этапа могуць быць прадстаўлены ў кожным вiдзе праграмы максiмальнай (3 чалавекi) колькасцю спартсменаў. I калi ў адзiночным катаннi i танцах на лёдзе наша каманда выступiла поўным баявым камплектам, то беларускiх пар мы нiводнай не ўбачылi. I куды перавялiся хоць якiя пары? Гаворка не iдзе нават пра зорак.

Мiнiяцюрнасць турнiру

У гэтую катэгорыю, безумоўна, трэба ўпiсаць iмя трынаццацiгадовай кiтайскай фiгурысткi Вэнджынг Суi, якая разам з партнёрам Цонгам Ханам перамагла ў спаборнiцтве пар. Дакладных звестак няма, але здаецца, што росту ў ёй не больш за 140 сантыметраў. Дадайце да гэтага вялiкiя вочы, якiмi Вэнджынг спалохана глядзела на ўсё на прэс-канферэнцыi — i зразумееце, чаму проста немагчыма не ўзгадаць гэтага мiлага чалавечка.

Цяжкасцi перакладу i дэбют турнiру

I тут не абысцiся без прадстаўнiкоў Кiтая. Каб паразмаўляць з парай Суi/Хан, журналiстам давялося шукаць iншую прадстаўнiцу кiтайскай дэлегацыi, якой перакладалi пытаннi на англiйскую мову, а яна далей на кiтайскую. Тое самае ў адваротным кiрунку. Але, не зважаючы на такiя цяжкасцi, атрымалася даведацца, што для пераможцаў гэта быў дэбют на мiжнароднай арэне. А каб паехаць у Беларусь, кiтайскай пары трэба было прайсцi некалькi этапаў адбору на радзiме. Прыехалi, убачылi, перамаглi. Сапраўды бяздонныя чалавечыя рэсурсы ў гэтай краiне.

Перааншлаг турнiру

Здарылася такое ў першы дзень спаборнiцтваў. Падчас урачыстага адкрыцця, кiруючыся старой добрай практыкай дабравольна-прымусовага запрашэння школьнiкаў на трыбуны, арганiзатары, так бы мовiць, трошкi перастаралiся. Некаторым давялося стаяць уздоўж борцiкаў вакол катка. Такое вось наблiжэнне фiгурнага катання да масаў.

Што да астатнiх дзён турнiру, то гледачоў, на жаль, шмат не было. Ад пары соцень ранiцай, да пары тысяч вечарам. Уваход, мiж тым, быў вольны. I паглядзець было на што: фiгурнае катанне ўжывую i на экране тэлевiзара — гэта зусiм розныя рэчы.

Лакальная перамога турнiру

Такiм тэрмiнам можна назваць лепшы беларускi вынiк — 11-е месца танцавальнай пары Вiкторыя Кавалёва/Юрый Бяляеў. Разам яны трэнiруюцца толькi другi год. Пры ўсiх праблемах фiгурнага катання ў Беларусi гэты вынiк — сапраўдны поспех.

Трэнер нашай пары Таццяна Бяляева адзначыла: "Мы задаволены ўсiмi трыма парамi, якiя тут выступалi. Гэта ўсё ж малады склад. Наша старэйшая пара Валадзенкава/Вакунаў рыхтуецца да этапа Гран-пры ў Заграбе. Фiгурнае катанне — суб'ектыўны вiд спорту, i мы доўга спрабавалi "прасекчы акно ў Еўропу". I вось у Польшчы наша старэйшая пара заняла 11-е месца. А зараз у родным горадзе нават сцены дапамагалi, шмат заўзятараў, якiя падтрымлiвалi, — i пара Кавалёва/Бяляеў змаглi таксама заняць высокае 11-е месца. У маладых спартсменаў мала магчымасцяў выступаць на спаборнiцтвах такога ўзроўню, але вось тут атрымалася — i Вiка з Юрам зрабiлi нам такi падарунак. Яны толькi другi год выступаюць сярод юнiёраў, i максiмальная задача на сёння — гэта 10—11-е месца. I гэта ўжо нарматыў майстра спорту. Хочацца сказаць вялiкi дзякуй Цэнтру алiмпiйскай падрыхтоўкi "Раўбiчы", бо толькi там дзецi змаглi атрымаць неабходную колькасць лёду. Прыходзiлася сваiм ходам ездзiць туды на каток, але хоць так, бо больш лёду нiдзе не даб'ешся. Каткоў шмат, але ўсе яны "забiтыя" хакеiстамi ды аматарамi. У Раўбiчах сталi праводзiцца зборы, летам пры добрых умовах маглi рыхтавацца, з нармальным харчаваннем. З такой увагай i разуменнем больш, напэўна, нiхто не ставiцца да сваiх спартсменаў, як Цэнтр. На жаль, цяпер гэта адзiнае плячо падтрымкi ў краiне. Пра федэрацыю нават не хочацца ўзгадваць. Нiякай дапамогi з iх боку няма. Яны самi па сабе, мы самi па сабе. Цяпер вельмi чакаем адкрыцця "Мiнск-Арэны", кажуць, яна ў большасцi будзе аддадзена фiгурыстам. Хоць пра Лядовы палац на Прытыцкага таксама такое казалi, але атрымалася зусiм па-iншаму. Цяпер таксама iдзе размова пра закрыццё танцавальнай групы трэнера Сяргея Рамановiча ў Брэсце. Там перспектыўныя дзецi, але iх проста выстаўляюць на вулiцу. Мы б маглi ўзяць iх да сябе, але ж гэта дзецi. Паўстае праблема пераезду, пражывання тут, у Мiнску, а iнтэрната нам нiхто не дасць...".

Дамiнанта турнiру

Тры з чатырох вiдаў праграмы засталiся за фiгурыстамi з Расii. Палiна Шэлепень, Артур Гачынскi, Ксенiя Манько i Кiрыл Халявiн не пакiнулi шанцаў супернiкам i працягваюць традыцыi Раднiной, Слуцкай i Плюшчанкi. Як сказаў адзiн з трэнераў нашай усходняй суседкi, у апошнi час дзiцячыя школы ў iх перапоўненыя. Маленькiя хлопчыкi i дзяўчаткi прыходзяць туды пад уплывам розных праектаў на тэлебачаннi накшталт "Леднiковага перыяду".

НЕкрытыка турнiру

Тут пра сумнае. Дакладней, пра вынiкi беларускiх спартсменаў. Ведаеце, калi звяртацца толькi да тых самых сухiх лiчбаў, то ўсё выглядае несуцяшальна. Але калi сваiмi вачыма бачыць гэтых юнакоў i дзяўчат, ды што там, гэтых хлопчыкаў i дзяўчатак, хочацца дараваць iм усе дрэнныя вынiкi. Проста ўзгадаем iх на гэтай старонцы: Ксенiя Бакушава, Кацярына Пагарцава, Настасся Грыбко, Аляксей Мялёхiн, Дзмiтрый Кагiраў, Павел Iгнаценка, Веранiка Шынкевiч i Уладзiслаў Абрамаў, Карына Лашук i Уладзiмiр Кiслякоў. Не iх вiна, што цяпер усё ёсць так, як яно ёсць. Дрэнныя ўмовы для трэнiровак, катастрафiчная адсутнасць лёду, абыякавасць з боку федэрацыi — толькi частка з усiх праблем. Але гэта ўжо тэма для асобнай размовы. Не тут i не цяпер.

Замест кропкi

Кропку i праўда рана ставiць. Спаборнiцтвы юнiёрскiя — i ў гэтых спартсменаў усё толькi пачынаецца. А вось пра арганiзацыю трэба сказаць некалькi слоў. Нягледзячы на тое, што турнiр быў дэбютным для беларускай сталiцы, усё прайшло на даволi высокiм узроўнi. Гэта адзначалi ўсе госцi. I гэта не можа не радаваць. Па чутках, менавiта добрая арганiзацыя этапа Гран-пры павiнна паспрыяць таму, што Мiнску будзе даверана ў найблiжэйшы час правядзенне юнiёрскага чэмпiянату свету па фiгурным катаннi. Будзем чакаць.

Яўген ВАРАКСА.

←Лига чемпионов вновь на Первом.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика