Бiлеты на БАТЭ-"Эвертан — у продажы
Сёння ў касах сталiчнага стадыёна "Дынама" i барысаўскага гарадскога стадыёна з'явяцца ў продажы бiлеты на матч другога тура групавога раўнда Лiгi Еўропы памiж барысаўскiм клубам БАТЭ i лiверпульскiм "Эвертанам". Матч пройдзе 1 кастрычнiка ў Мiнску. Касы адчыняюцца ў 10 гадзiн ранiцы ў Мiнску i ў Барысаве. У адны рукi, як i летась на матчы Лiгi чэмпiёнаў, больш за 4 бiлеты не прададуць.
Бiлеты, як паведамляе прэс-служба БАТЭ, падзеленыя на тры катэгорыi: 1-я — 40 тысяч рублёў, 2-я — 25 тысяч i 3-я — 10 тысяч. Самыя танныя квiткi, дарэчы, каштуюць столькi ж, колькi i самыя дарагiя на матчы нацыянальнага першынства — 10 тысяч аддаюць балельшчыкi за ўваход на хатнiя матчы сталiчнага "Дынама" ў чэмпiянаце краiны. Але вiдовiшчы, пагадзiцеся, розныя. У групавым турнiры Лiгi Еўропы "Эвертан", бадай, самы знакамiты супернiк барысаўчан. Гэта каманда займае зараз пятае месца ў прэм'ер-лiзе, самай папулярнай у Еўропе. На свае вочы ўбачыць вяршкi англiйскага футбола цяпер ёсць магчымасць i ў беларусаў. Тым больш, што беларускi чэмпiён, нягледзячы на выязны пройгрыш ад партугальскай "Бенфiкi", шанцы на выхад у плэй-оф не страцiў.
"Дынама" замацавалася на другiм радкуУ сераду прайшлi матчы 20-га тура чэмпiянату краiны па футболе ў вышэйшай лiзе. Сталiчнае "Дынама" перамагло 1:0 на сваiм полi мiкашэвiцкi "Гранiт" i замацавала за сабой другi радок турнiрнай таблiцы. Яго канкурэнты ў барацьбе за другое месца ў туры страцiлi ачкi. Гэта трэцяя запар перамога бела-блакiтных пад кiраўнiцтвам трэнера Сяргея Гурэнкi. Другую перамогу запар атрымаў i сталiчны МТЗ-РІПА, якi змагаецца за выжыванне ў вышэйшай лiзе. На гэты раз сталiчная дружына ўзяла верх над адным з лiдараў, магiлёўскiм "Дняпром" — 1:0. Жодзiнскае "Тарпеда" разграмiла "Гомель" 4:0, аўтсайдар чэмпiянату "Смаргонь" не саступiла аднаму з лiдараў, наваполацкаму "Нафтану" 2:2, "Мiнск" i "Шахцёр" таксама згулялi ўнiчыю — 1:1. "Брэсцкае "Дынама" перайграла "Нёман" — 2:0. Учора ўвечары адбыўся апошнi матч тура памiж барысаўскiм БАТЭ i "Вiцебскам".
Становiшча камандаў: БАТЭ — 44 ачкi, "Дынама" (Мн) — 37, "Днепр" — 32, "Нафтан" — 32, "Тарпеда" — 31, "Шахцёр" — 29, "Дынама" (Бр) — 28, "Нёман" — 27, "Гомель" — 25, "Мiнск" — 24, "Вiцебск" — 22, МТЗ-РIПА — 22, "Гранiт" — 21, "Смаргонь" — 10. БАТЭ згуляў 18 матчаў, "Смаргонь" i "Вiцебск" — па 19, астатнiя каманды — па 20.