Гістарычныя метамарфозы
"Барысаўскi БАТЭ правёў першую гульню групавога этапа Лiгi. На жаль, абышлося без прыемных нечаканасцяў. Наша каманда пры не лепшай гульнi саступiла на Пiрэнеях гаспадарам 0:2". Прыкладна такiмi словамi 17 верасня 2008 года суправаджалiся ўсе каментарыi да гульнi Рэал—БАТЭ. Прайшоў роўна год.
Гiсторыя мае звычку паўтарацца. Прычым часам у вельмi нечаканых iнтэрпрэтацыях. Памятаеце 2008 год? Мiнулай восенню мы ўспрымалi выхад барысаўчан у групавы этап Лiгi чэмпiёнаў як нешта касмiчнае, нерэальнае i неспадзяванае. Падчас гульнi на "Санцьягу Бернабеу" з мадрыдцамi часта хацелася заплюшчыць вочы i не бачыць, як Рауль i ван Нiстэлрой робяць на полi ўсё што заўгодна, пакiдаючы беларусам ролю толькi захопленых гледачоў. А з усiх бакоў яшчэ навiсалi трыбуны, якiя ва ўсе шэсцьдзесят пяць тысяч глотак нястомна гналi "галактыкас" наперад. Мы радавалiся лiку 0:2 i з хваляваннем чакалi ў госцi "Ювентус"... А потым здарыўся амаль цуд. I стваральнiкi яго — самi футбалiсты БАТЭ. Менавiта яны забiвалi мячы турынцам, затым напалохалi увесь Пiцер i, самае галоўнае, прывялi заўзятараў на стадыён! Iшлi паглядзець менавiта на iх гульню, а не на прыезджых зорак. На сабе прыйшлося адчуць, што такое займаць чаргу за запаветнымi квiткамi на футбол у шэсць ранiцы. Пры гэтым быць далёка не першым — добра, калi сотым — i стаяць пры мiнус 10°С да чатырох вечара (прывiтанне ўсiм, хто там быў!), толькi дзеля таго, каб трапiць на чарговую гульню. Неверагоднай футбольнай восенню-2008, пераходзячай у зiму, барысаўскi клуб закахаў у сябе ўсю краiну!
Антуан дэ Сэнт-Экзюперы ў сваiм несмяротным творы "Маленькi прынц" напiсаў такiя простыя i, мiж тым, такiя глыбокiя словы "Мы ў адказе за тых, каго прыручылi". Восень-2009 павiнна шмат паказаць. I пачалася яна роўна праз год ад гульнi ў сталiцы Iспанii. 17 верасня на лiсабонскiм стадыёне "Да Луш" зорная "Бенфiка" прымала нашу каманду, зноў вымушаную абыходзiцца без двух асноўных гульцоў (тады — без Радзiвонава i Блiзнюка, цяпер — без Стасевiча i Шытава). Ведаеце, усе 90 хвiлiн не пакiдала ўражанне, што гэта ўжо не тыя "хлопчыкi для бiцця" мадрыдскага ўзору. Але яшчэ i не "фенаменальны барысаўскi БАТЭ", гульню якога мы ўсе чакаем. Пачуццё недагаворанасцi i незавершанасцi вельмi адчувалася. Нечага не хапала. Трошкi дакладнасцi Крыўцу, каб забiць у сярэдзiне першага тайма. Трошкi росту Юрэвiчу, каб дацягнуцца да перадачы, пасля якой Нуну Гомеш адкрыў лiк. Трошкi артыстычнасцi Гаарану ў канцы гульнi, калi мы былi вартыя разлiчваць на пенальцi. I калi з ростам Аляксандра ўжо наўрад цi адбудуцца якiя метамарфозы, то вось над дакладнасцю i артыстычнасцю папрацаваць не толькi можна, але i трэба! А там вернуцца яшчэ Шытаў са Стасевiчам на поле ды Ганчарэнка на трэнерскую лаўку — i мы абавязкова пакажам супернiкам, на што мы здольныя.
Цiкавая гэта рэч — псiхалогiя. Здаецца, толькi што ўсе радавалiся лiку 0:2 ад "Рэала". Потым з першымi прыкметамi расчаравання ўспрымалi 2:2 з "Ювентусам". А цяпер большасць будзе крытыкаваць паразу ад "Бенфiкi". Змяненнi хуткiя i вiдавочныя. Але яны прыемныя. Значыцца, можам! Можам тварыць гiсторыю самi. Галоўнае ставiцца да ўсяго з душою: i футбалiстам, i заўзятарам. Гiсторыя можа паўтарацца, але яна нiколi не цярпела хiтрасцi i няшчырасцi. Барысаўская Папялушка ўжо не перабiрае сачавiцу. Яна апранутая ў прыгожую сукенку i збiраецца на баль. Месца i час — стадыён "Дынама" 1 кастрычнiка. Гайда займаць чаргу!
Яўген ВАРАКСА.