Мiнскiя аператыўнiкi раскрылi аферу з продажам бытавой тэхнiкi праз iнтэрнэт

Источник материала:  

Следчы аддзел УУС Цэнтральнага раёна Мiнска перадаў у пракуратуру для накiравання ў суд крымiнальную справу ў дачыненнi да 21-гадовага мiнчанiна, якi абвiнавачваецца ў махлярстве ў буйным памеры. Пра гэта паведамiла старшы iнспектар групы iнфармацыi i грамадскiх сувязяў Цэнтральнага раёна сталiцы Аляксандра Дрозд.

Характэрна, што падобныя справы былi таксама ўзбуджаны ў iншых раённых упраўленнях горада, а за адно з аналагiчных злачынстваў малады чалавек ужо асуджаны судом Кастрычнiцкага раёна Мiнска да двух гадоў пазбаўлення волi.

Летась махляр размясцiў у iнтэрнэце аб'яву аб продажы бытавой тэхнiкi: ВКІ-тэлевiзараў i ноўтбукаў розных марак. Кошты адрознiвалiся ад звыклых у сярэднiм на $500—800.

У хуткiм часе знайшлiся ахвотныя набыць недарагi тавар. Абвiнавачаны сустрэўся з пакупнiком тэлевiзара, якога не збянтэжыў нi той факт, што сустрэча адбывалася ў машыне, нi тое, што яму прапаноўвалася ўнесцi 100-працэнтную перадаплату i пасля гэтага чакаць на працягу двух тыдняў, пакуль тэлевiзар быццам бы прывязуць з Расii.

Праз некалькi дзён ужо ноўтбукам за $1000 зацiкавiўся iншы мiнчанiн. Прадпрымальны махляр прапанаваў яму яшчэ больш выгадны варыянт: у выпадку набыцця дзесяцi ноўтбукаў падарыць яшчэ шэсць. Цiкава, што, беручы грошы, малады чалавек даваў усiм распiскi з пазначэннем сапраўдных пашпартных звестак, а таксама абяцаў у выпадку, калi па непрадбачаных прычынах тэхнiку прывезцi не ўдасца, вярнуць грошы ў суме, якая на 10 працэнтаў перавысiць першапачатковую.

Махляр спачатку не меў намеру прывозiць тэхнiку для даверлiвых грамадзян. Пасля некалькiх месяцаў бесперапынных спробаў датэлефанавацца да прадаўца пацярпелыя з распiскамi звярнулiся ў мiлiцыю. На допытах абвiнавачаны сказаў, што на атрыманыя грошы збiраўся распачаць уласную справу i ў мэтах назапашвання першапачатковага капiталу махлярскiм шляхам, злоўжываючы даверам, завалодаў грашовымi сродкамi шасцi мiнчан у розных раёнах Мiнска.

Мiлiцыя рэкамендуе ўсiм грамадзянам пры ажыццяўленнi пакупак праз iнтэрнэт звяртацца да юрыдычных асобаў i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, зарэгiстраваных у вызначаным парадку, а таксама заключаць афiцыйныя дагаворы.

Вiктар ГРЫНЬКОЎ, БЕЛТА.

 

 

←ОЧБ. «Шахтер» выиграл у «Гомеля», «Керамин» проиграл «Соколу» и другие результаты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика