Харвацкi пасьянс: хто — у прэтэндэнты, хто — у статысты

Источник материала:  

Матч нацыянальных зборных Харватыi i Беларусi ў Заграбе ў рамках адборачнага турнiру да ЧС-2010 стаў прадвызначальным для абедзвюх зборных... З той толькi рознiцай, што для падначаленых Славена Бiлiча ён без пяцi хвiлiн стаў пропускам ў плэй-оф цяперашняй квалiфiкацыi, а для выхаванцаў Бернда Штанге развiтальнай песняй i поўнай стратай надзей на паездку на фiнал сусветнага першынства . Хоць будзем шчырымi: у адрозненне ад матчу трохтыднёвай даўнiны ў Мiнску, паядынак на 40-тысячнiку "Максiмiры" меў зусiм iншы характар. Беларусы змагалiся без прызнаных аўтарытэтаў Аляксандра Глеба i Вiталя Кутузава i нi ў чым не саступалi гаспадарам. А на фiнiшы гульнi ўвогуле маглi пакласцi харватаў на лапаткi. Праўда, ў многiм дзякуючы выдатнай гульнi свайго галкiпера Вердана Рунье i фатальнаму нешанцаванню беларусаў у завяршэннi галявой сiтуацыi госцi не змаглi распячатаць вароты супернiкаў i прайгралi 0:1.

Харвацкi пасьянс: хто — у прэтэндэнты, хто — у статыстыНа матч у сталiцу Харватыi каманда Бернда Штанге накiроўвалася не ў якасцi хлопчыкаў для бiцця. Пра гэта настаўнiк беларусаў неаднаразова расказваў на сустрэчах з журналiстамi, што прайшлi напярэдаднi важнага матчу. Пры гэтым замежны коўч увесь час нагадваў, што для гульнi з лiдарамi сусветнага футбола — а харваты на сёння 9-я ў рэйтынгу ФІФА — майстэрства ў яго каманды будзе малавата, а вось гульнявой агрэсiўнасцi i поўнай самааддачы не хапала. А вось цяпер, маўляў, прыбавiм газу i запалiм агеньчык у сэрцах беларускiх футбалiстаў-зборнiкаў.

Пацвярджэннем таго, што "шашачнiкi" пабойваюцца "прошаных" гасцей з Беларусi, стала вячэрняя трэнiроўка на стадыёне "Максiмiр". Спачатку зялёную паляну апрабавалi Штанге i К, дзе на майстар-клас беларусаў свабодна маглi назiраць мясцовыя журналiсты. А вось ужо трэнiроўку харватаў нашым прадстаўнiкам СМI ўбачыць не ўдалося — па просьбе галоўнага трэнера яе зрабiлi закрытай. Магчыма, харваты верылi ў прыкметы: роўна год таму ў самым пачатку квалiфiкацыйнага турнiру на гэтым жа стадыёне яны прайгралi пакуль першы i апошнi афiцыйны мiжнародны матч. Тады, пасля вялiкага наплыву на трэнiровачны працэс каманды Славена Бiлiча англiйскiх папарацы, харваты прайгралi англiчанам 0:2.

Сказаць, што дэрбi Харватыя — Беларусь, выклiкаў вялiкую напружанасць на вулiцах Заграба з боку балельшчыкаў цi яго анансаванне заняло шмат месца на вулiчных афiшах i ў тэлеролiках на мясцовым тэлебачаннi — не скажаш. Усё намнога прасцей — за суткi да пачатку матча на гарадскiх вулiцах амаль нi слова. Толькi назаўтра, у другой палове дня, калi пасля ранiшняга дажду выглянула цёплае балканскае сонца, тэма футбола набыла сваю актуальнасць. Сотнi балельшчыкаў у чырвона-белыя шашачкi запоўнiлi вулiчныя кавярнi i рэстараны. Пiва — ракой, песнi — таксама. Перад ад'ездам на стадыён палiцэйскiя Заграба нiбы на ўсялякi выпадак папярэдзiлi беларускi аўтобус з журналiстамi i балельшчыкамi, каб сцягамi ў вокнах не размахвалi. Маўляў, мала што можа быць.

Гульня пачалася пад гучныя распевы харвацкiх балельшчыкаў. На кон фактычна выстаўлялася месца ў плэй-оф чэмпiянату свету. Трэба сказаць, што за гады сваёй самастойнасцi, пачынаючы з кастрычнiка 1990 года, харваты прывучылi сваiх фанаў да вялiкага футбола i такiх вядомых iмёнаў, як Званiмiр Бобан, Давар Шукер, Ален Бокшыч. За гэты даволi непрацяглы па гiстарычных мерках час "шашачнiкi" тройчы прабiвалiся ў фiнальныя часткi чэмпiянатаў Еўропы i столькi ж разоў спрабавалi шчасце ў сусветных першынствах. I ўдача часам iм усмiхалася. На чэмпiянаце свету 1998 года ў Францыi зборная Харватыi ў матчы за бронзавыя медалi змагла выграць 2:1 у галандцаў. У астатнiм фартуна на топ-турнiрах адварочвалася ад харвацкай зборнай. Хоць, чаго здзiўляцца, для беларускай каманды ўзровень выступленняў iх супернiкаў быў бы вялiзарным поспехам.

Спорт, як i футбол у цэлым, не прымае ўмоўнага ладу, таму размовы нашкталт "вось калi б забiлi" цi "а вось калi б не варатар" i г.д. — на карысць бедных. Матч у Заграбе паказаў, што нi сiмпатыi аўстрыйскага арбiтра да харватаў, нi вялiкая падтрымка балельшчыкаў, нi ўмовы надвор'я не маглi стаць перашкодай для гульцоў нацыянальнай зборнай Беларусi ў тым, каб дабiцца поспеху. I шанцаў для ўзяцця варот было больш чым дастаткова. Асаблiвы адрэзак гульнi — апошнiя хвiлiн дзесяць. У гэты час у прэс-цэнтры харвацкiя журналiсты маглi карыстацца валяр'янкай цi карвалолам, бо яны не верылi сваiм вачам: што твораць беларусы! Здавалася, што яшчэ iмгненне — i сетка за варотамi дзейнага галкiпера французскага "Ленса" i зборнай Харватыi Вердана Рунне затрасецца ад гола. Аднак мяч упарта не iшоў у вароты.

Ужо пасля матча паўабаронца самарскiх "Крылаў Саветаў" Цiмафей Калачоў прызнаўся, што беларусы проста не верылi, што могуць так на выездзе "вазiць" масцiтага сапернiка, што не самым лепшым чынам адбiвалася на завяршальнай фазе атакi.

Фiнальны свiсток прымусiў увесь харвацкi футбольны бамонд уздыхнуць з палёгкай. Настаўнiк гаспадароў Славен Бiлiч, нягледзячы на 20-гадовую рознiцу ва ўзросце, па-сяброўску абняў аксакала Штанге i доўга пра штосьцi з iм размаўляў, не выпускаючы са сваiх абдымкаў. Пазней галоўны трэнер беларусаў прызнаецца, што вадаспад камплiментаў у адрас каманды — гэта добра. Праўда, пажадана, каб яны лiлiся ракой пры станоўчым вынiку.

Бернд Штанге сказаў гэтую прапiсную iсцiну з пазiцыi чалавека, якi мае 40-гадовы стаж трэнерскай работы. Вiдавочна, што цяперашнi прафесiйны этап у жыццi нямецкага настаўнiка не самы светлы. Тым не менш змененая амаль на 100 працэнтаў беларуская каманда нi ўнушае нейкага песiмiзму, не стварае ўражання, што беларускi футбол прыплыў да тупiка, адкуль не вынесе бурнае цячэнне. У Штанге, будзем рэалiстамi, з самага пачатку было няшмат шанцаў, каб выйсцi героем з "групы смерцi". Зрэшты, у яго, як i ва ўсяго айчыннага футбола, яшчэ ёсць магчымасць паказытаць нервы нашым супернiкам па адборачным цыкле. З улiкам таго, што вымучаная харватамi хатняя перамога яшчэ не да канца адчынiла iм дзверы ў плэй-оф, заўтрашняя паспяховая дамашняя гульня беларусаў супраць украiнцаў, якiя напярэдаднi дома перамаглi зборную Андоры 5:0, можа стаць фактычнай рэабiлiтацыяй Штанге перад баларускiмi балельшчыкамi. Змог жа нямецкi трэнер у папярэднiм адборачным цыкле да ЧЕ пасля сарамлiвага паражэння ў Гомелi ад Люксембурга на фiнiшы турнiру перайграць каманды Албанii i Галандыi. Цяпер адлiк барацьбы за захаванне рэпутацыi пачынаецца за тры матчы да завяршэння квалiфiкацыйнага цыкла. А раптам удасца вельмi гучна грымнуць дзвярыма? Гэта нiяк не пашкодзiць для дасягнення наступных перамог.

Турнiрнае становiшча
каманд у групе № 6.

Англiя — 21 ачко (7 матчаў), Харватыя — 17 (8), Украiна — 14 (7), Беларусь — 9 (7), Казахстан — 3 (7), Андора — 0 (8).

Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ.

Фота аўтара.

Мiнск-Заграб-Мiнск.

P.S. Рэдакцыя газеты "Звязда" выказвае вялікую ўдзячнасць асацыяцыi "Беларуская федэрацыя футбола" i асабiста яе старшынi Генадзю Мiкалаевiчу НЯВЫГЛАСУ за садзейнiчанне журнасталiсту ў падрыхтоўцы матэрыялаў з Харватыi.
 
 

Бернд Штанге прызнаў, што мэты не дасягнуў,
але хоча рэабiлiтавацца ў матчы з Украiнай

Паражэнне ад Харватыi пазбавiла беларусаў шанцаў выйсцi ў фiнал чэмпiянату свету-2010 па футболе, прызнаў на прэс-канферэнцыi настаўнiк нацыянальнай зборнай Бернд Штанге. Напярэдаднi сустрэчы з камандай Украiны 9 верасня ў Мiнску, галоўны трэнер беларусаў заявiў, што яму ўдалося стварыць каманду, якая ў поўным складзе зможа ўдзельнiчаць у наступным квалiфiкацыйным адборы да Еўра-2012, дзе ў яе ёсць усе шанцы трапiць у фiнал. Пасля апошняй гульнi гэтага квалiфiкацыйнага турнiру Бернд Штанге будзе весцi перамовы з кiраўнiцтвам федэрацыi наконт свайго далейшага лёсу — нягледзячы на тое, што задача ў гэтым квалiфiкацыйным адборы не выкананая, вiдаць, што ў трэнера ёсць жаданне працаваць з камандай далей, хоць ён сцвярджае, што пакуль пра гэта рана разважаць.

Бернд Штанге даў зразумець, што ён у курсе крытыкi i дыскусiй у СМІ i iнтэрнэце наконт уключэння ў склад лiдараў беларускага футбола, у прыватнасцi Аляксандра Глеба i Вiталя Кутузава, маўляў, без гэтых гульцоў каманда гуляе лепей. I выказаў сваю пазiцыю: такiя гульцы неабходныя нашай камандзе. "Наша задача — каб гэтыя футбалiсты былi ў топ-форме — фiзiчнай i ментальнай, i ў такiм стане выступалi за сваю краiну. Думкi пра тое, што трэба вывесцi "зорак" са складу нацыянальнай каманды не прынясуць поспеху. Мне не ўдавалася атрымаць Глеба цi Кутузава ў аптымальнай форме. Гэтая занепакоенасць Кутузава, калi ён пераходзiў з каманды ў каманду, гэтая мiтусня вакол Глеба... Цяпер Вiталь стабiльна гуляе ў серыi А, Глеб таксама ў выдатнай форме i выступае ў Лiзе чэмпiёнаў. Такiя гульцы вызначаюць наш узровень; хоць у гульнi з Харватыяй нам удалося кампенсаваць iх адсутнасць, але мы не выйгралi", — падкрэслiў нямецкi спецыялiст. I дадаў: "Футбол — гэта не застолле, дзе п'юць каву з торцiкамi. Гэта крытыка, тут непазбежныя канфлiкты, яны здараюцца i ў нас, i мы iх вырашаем".

Перад матчам са зборнай Украiны Бернд Штанге ацанiў супернiка як каманду больш высокага класу. "Па якасцi гульнi апошнiх гадоў узровень украiнскага футбола нашмат вышэйшы за наш, у прыватнасцi, прагрэсуе iх клубны футбол. Там мацнейшы ўнутраны чэмпiянат, мацнейшая нацыянальная каманда". Але трэнер падкрэслiў, што наша зборная пастараецца выйграць гэтую гульню, каб прадэманстраваць свой прагрэс. "Будзем iмкнуцца згуляць лепш, чым у Харватыi. За перамогу над Украiнай балельшчыкi, спадзяюся, прабачаць нам тое цi iншае паражэнне".

У матчы супраць каманды Украiны не будзе ўдзельнiчаць Дзмiтрый Верхаўцоў па прычыне перабору жоўтых картак, а Глеб i Кутузаў далучылiся да каманды. Прычым, паводле слоў настаўнiка зборнай, Глеб у зусiм iншым стане, чым быў тры тыднi таму на хатняй гульнi з Харватыяй. Наконт таго, хто згуляе замест Верхаўцова i на пазiцыi левага паўабаронцы, дзе звычайна эксперыментуе Бернд Штанге, трэнер вызначыцца толькi ў дзень гульнi.Паўабаронца нацыянальнай каманды Цiмафей Калачоў расказаў, што гульцы настроеныя толькi на перамогу. "Мы ведаем шмат украiнскiх футбалiстаў. I не хочацца, каб яны перамаглi i сказалi, што яны мацнейшыя. Мы гуляем дома i хочам дасягнуць станоўчага вынiку". Дарэчы, няўдачу ў Харватыi футбалiст растлумачыў няўпэўненасцю ў сабе нашых гульцоў: "У некаторых момантах мы выглядалi лепш за харватаў, але не верылi ў сябе. Гулялi, i самi не разумелi, чаму мы так добра гуляем. Нам не хапiла ўпэўненасцi, спартыўнага нахабства рэалiзаваць тыя моманты, якiя ў нас былi".Нападаючы зборнай Сяргей Карнiленка таксама запэўнiў, што калi футбалiсты выканаюць трэнерскую ўстаноўку i на полi будуць дысцыплiнаванымi, перамагчы зборную Украiны ўдасца. Адметны i той факт, што ў складзе зборнай Украiны ў Мiнск прыедзе беларус Арцём Мiлеўскi, якi некалькi гадоў таму прыняў грамадзянства Украiны. Нашы футбалiсты прызналiся, што нiякай непавагi цi непрыязнасцi да яго не адчуваюць, i дадатковым фактарам у настроi каманды супраць супернiка гэта акалiчнасць не стане.

Гульня пачнецца на стадыёне "Дынама" а 20 гадзiне. Службы аховы правапарадку просяць балельшчыкаў прыходзiць на стадыён загадзя, пункты пропуску пачнуць працаваць за дзве гадзiны да матчу. На ўваходзе будзе ажыццяўляцца традыцыйны агляд з дапамогай металашукальнiкаў. Асобаў у нецвярозым стане i з грувасткiмi рэчамi на стадыён не дапусцяць.
 
Алена АЎЧЫННIКАВА.

 

 

←Самый высокооплачиваемый тренер мира работает в Узбекистане

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика