Чаму наш футбол у заўсёдным аўце?
Апошнім часам беларускіх аматараў футбола праследуюць адны расчараванні. Усе чатыры клубы, якія прадстаўлялі Беларусь у еўракубках, хуценька адтуль вылецелі. (Толькі БАТЭ мае шанc суцешыцца ў турніры рангам ніжэй.) Следам за імі цяжкі ўдар па шматгадовых спадзяваннях айчынных заўзятараў нанесла нацыянальная зборная, якая саступіла дома харватам - 1:3.
НАШ УЗРОВЕНЬ - СЕЛЬСКІ
Першы кваліфікацыйны раунд Лігі Еўропы, які прыйшоў на змену Кубку УЕФА, сталічныя клубы прайшлі са скрыпам. МТЗ-РІПА перамог дома чарнагорскую “Суцьеску” толькі ў дадатковы час. Мінскае “Дынама” ў гасцях забіла македонскай “Рэнове” гол з пенальці, які гаспадары палічылі прыдуманым. Абедзве балканскія дружыны знаходзіліся на стадыі перадсезоннай падрыхтоўкі і былі вельмі далёкія ад аптымальных кандыцый, у той час як у нас чэмпіянат быў у поўным разгары. Пры гэтым гаворка вядзецца пра каманды з невялікіх гарадкоў малых краін. “Суцьеска” прадстаўляе Нікшыч, другі па значнасці горад Чарнагорыі з 60-тысячным насельніцтвам. “Рэнова” дык зусім з сяла Чэпцішча. Нашы ж клубы сталічныя, з самага цэнтра Еўропы...
Ліга Еўропы. I кваліфікацыйны раунд | |
МТЗ-РІПА (Мінск) - Суцьеска (Чарнагорыя) | 1:1, 2:1 |
Дынама (Мінск) - Рэнова (Македонія) | 2:1, 1:1 |
У другім крузе беларусы змагаліся з наймацнейшымі апанентамі і адразу пасыпаліся. За выняткам БАТЭ, які саступіў пазней сціпламу латвійскаму “Вентспілсу”.
Ліга чэмпіёнаў. II кваліфікацыйны раунд | |
БАТЭ (Барысаў) — Македонія (Скоп’е, Македонія) | 2:0, 2:0 |
Ліга Еўропы. II кваліфікацыйны раунд | |
МТЗ-РІПА (Мінск) — Металург (Данецк, Украіна) | 0:3, 1:2 |
Дынама (Мінск) — Тромсе (Нарвегія) | 0:0, 1:4 |
Нафтан (Наваполацк) — Гент (Бельгія) | 2:1, 0:1 |
Ліга чэмпіёнаў. III кваліфікацыйны раунд | |
БАТЭ (Барысаў) — Вентспілс (Латвія) | 0:1, 2:1 |
І гэткая сітуацыя паўтараецца з годa ў год. Толькі ў мінулым сезоне БАТЭ бліснуў, аднак працягу не было.
ЧАМУ НАШЫ КЛУБЫ ТАКІЯ СЛАБЫЯ?
Ды і ці можна назваць іх клубамі ў агульнапрынятым сэнсе? Сумарны бюджэт усіх калектываў беларускай вышэйшай лігі раўназначны бюджэту сярэдняга расійскага чэмпіянату. Істотна папоўніць скарбонку кіраўнікі айчынных клубаў не ў стане. Яны моляцца на прэзідэнцкі ўказ, які спрыяе спонсарскім укладанням і тэрмін дзеяння якога рэгулярна працягваецца.
Прафесійныя ж футбольныя клубы за мяжой - буйныя бізнес-прадпрыемствы са змяшанай формай уласнасці. Іх гадавы бюджэт вылічаецца дзесяткамі мільёнаў долараў. Шараговыя заўзятары могуць быць уладальнікамі акцый роднага клуба. Гэтак, у мюнхенскай “Баварыі” больш за 140 тысяч сяброў клуба. На заходнееўрапейскіх клубных сайтах можна атрымаць інфармацыю пра іх уладальнікаў і ўласнасць. Да прыкладу: сайт лонданскага “Арсенала” ў раздзеле “Уласнасць і фінансы” паведамляе:
“Арсенал Холдынг” выкарыстоўваецца як неабмежаваная публічная кампанія... З 24 верасня 2007 года рынкавая капіталізацыя “Арсенала” ацэньваецца ў 622,2 млн фунтаў... Рада дырэктараў “Арсенала” трымае 45% акцый клуба. Самыя вялікія трымальнікі акцый - Дэні Фізман (лонданскі алмазны дылер) і Ніна Брэсвел-Сміт (жонка ўнука былога старшыні сэра Брэсвела-Сміта), якія маюць 24,1% і 15,9% адпаведна...”.
Нават з гэтай невялікай інфармацыі можна зрабіць выснову: вялікі футбол - гэта вялікі бізнес. У поспеху футбольнага клуба зацікаўлены і буйныя камерсанты, і тысячы дробных уладальнікаў ягоных акцый.
У сённяшняй Беларусі падобнае немагчыма - у нас практычна адсутнічае рынкавая эканоміка. Дзяржава моцна трымае ў руках вытворчыя магутнасці і эканамічныя актывы. Менавіта таму дагэтуль не створана Прафесійная футбольная ліга. Пакуль беларускі футбол непрафесійны, цалкам падкантрольны дзяржаве, у нашых клубаў і зборнай няма ніводнага шанса прабіцца ў сусветную футбольную эліту.