«Мяне хавалі ад расейскіх консулаў», - грамадзяніна Расіі лічылі зніклым, а ён быў на Акрэсціна
23 жніўня ўвечары з Акрэсціна выйшаў адзін з апошніх затрыманых пасля выбараў - грамадзянін Расіі Міхаіл Дарожкін, якога родныя і консулы шукалі 10 дзён. Выйшаў са штампам аб дэпартацыі і забароне ўезду ў Беларусь на 5 гадоў, пiша Радыё «Свабода».
Міхаіл Дарожкін 8 жніўня прыехаў у Мінск. Ён даўно жыве ў Санкт-Пецярбурзе, мае расейскае грамадзянства, працуе ў ІТ-сфэры. Родам з Беларусі, бацькі жывуць у Воршы, брат Павал — у Мінску.
Паколькі авія- і чыгуначныя зносіны паміж Расіяй і Беларуссю часова прыпынілі праз каранавірус, Міхаілу давялося ехаць аўтобусам з Санкт-Пецярбургу ў Мінск. Спыніўся ў сяброў. Два дні гуляў па горадзе як турыст, у фэйсбуку пасьпеў выставіць фота и відэа — стаў сведкам затрымання скейтбардыста 8 жніўня каля мэтро «Кастрычніцкая».
Увечары 9 жніўня выправіўся на чыгуначны вакзал, каб даехаць да Воршы, дзе жывуць яго бацькі.
«На пустой вуліцы Ленінградзкай прыкладна, а 21.30 стаяла ачапленне міліцыі. Я яго сфатаграфаваў. Да мяне падышлі міліцыянты і сказалі, што дарма я гэта зрабіў. Гэта былі курсанты, яны падвялі мяне да мікрааўтобуса цёмна-срабрыстага колеру без нумароў. У ім былі чатыры байцы АМАПу і пару чалавек у цывільным.
Я паказаў дакумэнты, што я грамадзянін Расіі, што маю квіток да Воршы, паказаў пасведчаньне аб нараджэнні - нарадзіўся ў Воршы, фота пашпарту бацькі, што ён жыве ў Воршы. Мне сказалі: „Табе вельмі пашанцавала, выдалі з тэлефону фота і відэа і ідзі на цягнік“», — расказаў Міхаіл.
«У Кастрычніцкім РУУС было як ў кіно пра нацыстаў. На Акрэсціна — 33 чалавекі ў камеры»
Дарожкіна адпусцілі, і малады чалавек пайшоў у бок вакзалу. Але літаральна праз 30 секунд сілавікі схамянуліся і забралі яго ў той жа бусік, заламалі рукі за спіну, надзелі кайданкі і павезлі ў Кастрычніцкае РУУС. Там склалі два пратаколы: адзін — што ён чапляўся да мінакоў, і другі - што аказваў супраціў міліцыі.
«Супрацоўнікі міліцыі сказалі мне: „Мы ўсё разумеем, пішы, што ты ня згодны, і далей усё нармальна, будзем разбірацца. І на судзе дадуць штраф і ўсё“.
У двары Кастрычніцкага РУУС было як у кіно пра нацыстаў: нам вельмі моцна сцягнулі рукі, нават міліцыянты потым сказалі, каб так не рабілі - бо тры дні не праходзілі сляды. Потым прывезьлі ў двор ізалятару часовага ўтрыманьня.Там стаялі такія ж хлопцы ў камуфляжы ўнутраных войскаў, у руках — дручкі. Усіх білі.
11 жніўня мяне зь сям’ю сукамэрнікамі перавялі ў камеру, дзе былі ўжо 25 чалавек. То бок нас у камеры памерам 2,2 на 5,3 мэтра апынулася 33! А там жа яшчэ тумбачкі, параша, умывальнік. Было вельмі горача, на вокнах — вада, лазня! У камэры насупраць нас чалавек запатрабаваў туалетнай паперы і мыла — яга 12 разоў ударылі дубінкай па спіне», — кажа Міхаіл.
Тры дні арыштантаў наагул не кармілі. Пасцельнай бялізны спачатку не было, яе выдалі толькі праз 5 дзён, калі людзей пачалі масава выпускаць.
«Людзей паставілі на калені і прымусілі спяваць дзяржаўны гімн Беларусі»
Міхаіл апавядае, што асабіста яго амаль не білі, проста пашанцавала. Але ўва ўсіх чатырох камэрах, празь якія ён прайшоў за два тыдні, людзей збівалі жорстка.
«Я асабіста бачыў і чуў, як білі сем соцень чалавек. Прыкладна з другой ночы да шостай аднаго хлопца ўдарылі 50 разоў гумавай дубінкай па спіне. Раніцай людзей і з ІЧУ, і з ЦІП выводзілі ва ўнутраны двор ЦІП і працягвалі жорстка біць.
Самае страшнае відовішча было на другую ноч: людзі стаялі на каленях, іх прымусілі спяваць дзяржаўны гімн Беларусі і жорстка збівалі - па жываце, па спіне, па нагах», — апавядае пецярбурскі праграміст.
Консула да грамадзяніна Расіі дапусцілі на 10-ы дзень зняволення
Ані сваякам, ані сябрам Дарожкіна не паведамлялі, дзе ён знаходзіцца. Ягоная жонка ў Санкт-Пецярбурзе зьвярнулася ў беларускае консульства, бацька — у амбасаду Расейскай Фэдэрацыі ў Мінску. Расейскі консул у Мінску аб’езьдзіў чатыры ізалятары, езьдзіў у Жодзіна, і паўсюль казалі, што расейца Дарожкіна там няма.
«Я трапіў у нейкую шпіёнскую гісторыю: мяне хавалі ад консулаў. Консулаў, якія прыехалі сёння па мяне пры вызваленні, я пабачыў прыкладна на 10-ы дзень. Прычым яны прыходзілі штодня, штодня з ізалятару выводзілі грамадзян Расеі. Усіх даволі хутка вызвалілі. Я застаўся адзін. І толькі ў мінулы чацьвер, на 10-ы дзень я сустрэўся з расейскім консулам. Ён наагул думаў, што я ляжу дзесьці ў сутарэннях збіты і мяне баяцца ім паказаць», — расказаў Міхаіл.
Консула да расейскага грамадзяніна Дарожкіна дапусцілі толькі 20 жніўня. Пасля таго, як ягоны брат Павал знайшоў Міхаіла ў спісах на Акрэсціна.
Знаходзіўся ў пастарунку і на праспэкце Пераможцаў адначасова
Два першыя пратаколы на Дарожкіна склалі пры затрыманні ў Кастрычніцкім РУУС. На Акрэсьціна з’явіўся яшчэ адзін пратакол, нібыта Дарожкін — грамадзянін Расійскай Федэрацыі, але жыве ў Менску.
«І ў той жа час, калі я быў затрыманы і знаходзіўся ў Кастрычніцкім РУУС, я, як выявілася, быў на праспэкце Пераможцаў, 93, і крычаў „Стоп таракан!“ і „Свабоду Статкевічу!“ Прабачце, але я сапраўды не ведаю, хто такі Статкевіч. То бок у суме на мяне склалі ажно тры пратаколы. Мне сказалі: падпісвай, што згодны, і праз дзве гадзіны выйдзеш са штрафам. Гэта было 10 жніўня», — працягвае сваю дзіўную гісторыю Міхаіл.
Але 11 жніўня, мабыць, наказ памяняўся, і прайшоў першы суд. У ЦІП на чацьвёрты паверх прыгналі каля дзясятка суддзяў - з Маскоўскага, Фрунзенскага і іншых раёнаў. Судзілі па камэрах, а камэры былі перапоўненыя прыкладна ў 8 разоў. На першым судзе Міхаілу прысудзілі 7 содняў арышту.
Другі суд быў 13 жніўня.
«Прыехала супрацоўніца аддзелу грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага раёну. Судзіць мяне мусілі паводле двух пратаколаў. Я сказаў суддзі, што мяне ўжо адзін раз асудзілі на 7 сутак. Суддзя дадаў яшчэ 14 сутак. То бок атрымалася за 3 пратаколы па 7 сутак — у суме 21 суткі!
Далей першыя два пратаколы зніклі. Як яны з’явіліся з паветра — так і зніклі», — кажа Міхаіл.
«Украінцаў білі вельмі жорстка: нібыта «яны прывезлі сюды Майдан»
Пасля другога суду грамадзяніна Расіі перавялі ў камtру, дзе засталіся 4 чалавекі неасуджаныя, а ўсіх астатніх павезлі ў Жодзінскую турму. Міхаіла таксама збіраліся перавезці ў Жодзіна.
«Мне пашанцавала: трапіў на аднаго з нешматлікіх адэкватных супрацоўнікаў ва ўсім ЦІПе. Я яму патлумачыў, што я грамадзянін Расіі. І ён сказаў, каб з мяне знялі два прысуды і перавялі ў камэру з іншаземцамі.
Там былі хлопцы з Швайцарыі, Турэччыны, Польшчы, Туркмэністану, Таджыкістану, па пары расейцаў і ўкраінцаў з Данбасу. Украінцаў білі вельмі жорстка: нібыта «яны прывезлі сюды Майдан». У аднаго было вока, заплылае крывёю, у другога перабітыя ногі, і ён 4 дні не мог стаяць. Ім усім супрацоўніца АГіМ выпісала штрафы ў 30 базавых. Іншаземцаў адпусціцлі. А мне ў пашпарт паставілі штамп аб тэрміновай дэпартацыі».
На наступны дзень зноў з’явілася супрацоўніца АГіМ, якая паведаміла, што Дарожкіна выпусцяць на волю 23 жніўня, а 21.30, а літаральна праз 2,5 гадзіны, апоўначы 24 жніўня ён павінен пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусі. І цягам 5 гадоў не мае права наведваць сваю радзіму.
З Акрэсьціна Дарожкіна сустракалі брат Павал і супрацоўнікі амбасады РФ у Беларусі. Яны адразу ж накіраваліся ў бок мяжы, каб паспець да поўначы давезці Міхаіла да Смаленску. У аўторак раніцай Дарожкін дасць прэс-канферэнцыю на Маскоўскім вакзале Санкт-Пецярбургу.
Цяпер у ЦІП на Акрэсціна знаходзяцца каля 20 чалавек, паведаміў Міхаіл Дарожкін.