«Як у кіно пра канцлагер». Чатыры гісторыі пра тое, як міліцыя катавала затрыманых ў Віцебску
«Радыё Свабода» пагутарыла з чатырма віцяблянамі, якіх затрымалі пасля выбараў пры розных абставінах, пабілі і трымалі за кратамі, дзе над імі і іншымі гараджанамі адбываўся здзек.

«Ты жывеш, і раптам трапляеш у кіно пра канцлягер»
Максім Жукаў, 45 гадоў, прадпрымальнік, грамадскі дзеяч, за свой кошт аднаўляе сядзібу батаніка Адамава пад Віцебскам. Атрымаў 15 сутак арышту за тое, што прыйшоў даведацца вынікі галасавання.

Максіма затрымалі ўвечары 9 жніўня каля выбарчага ўчастка. Ён разам з сябрамі прыйшоў убачыць вынікі галасавання. З яго слоў, каля 40-й школы ў Першамайскім раёне Віцебска было не больш за пятнаццаць чалавек. Міліцыя і АМАП, якія з’явіліся неўзабаве, назвалі дзеянні віцяблян несанкцыянаваным мітынгам і прасілі разысціся.
— Я пачаў гэта здымаць. Праз хвіліну мяне схапілі пад рукі, пасадзілі ў «бобік» і павезлі ў ізалятар, — узгадвае падзеі Максім.
У камеру Максіма адвялі пасля поўначы. Акрамя яго, там было яшчэ сем чалавек.
— У ІЧУ амаль усе камеры як лазня, — апісвае ўмовы ўтрымання суразмоўца. — У кожным куце ад вільгаці - чорная цвіль. Унітаз стаіць проста ў камеры, без перагародак. У некаторых людзей забіралі абутак. Яны заставаліся босыя. Бялізны не было. Мы ляжалі на металічных пласцінах. На 20 хвілін забываешся, пасля пачынае ўсё балець. Затое дазвалялі ляжаць днём — можна было распрануцца і хаця б майку пад галаву падкласці.
На другую ноч затрыманых павезлі ў аўтазаку ў СІЗА — паводле міліцыянтаў, на «бясплатную экскурсію».
— На надглядзе нам загадалі распрануцца дагала і прымусілі прысядаць. Пасьля размеркавалі па камерах. Выдалі матрацы. Мы некалькі гадзін змаглі паспаць. А шостай — пад’ём разам з гімнам. Пасцель скруцілі, вынеслі - і можна альбо сядзець на ложках з жалезнымі пруткамі, альбо стаяць. Кожныя 15 хвілін робіць заўвагі наглядчык: «Што, паглядзелі, што вас тут чакае, каз***? Жывёлы, будзеце на плошчу хадзіць?». Мат і абразы ў наш бок ішлі бесперапынным фонам.
Закрыты суд над Максімам адбыўся днём у ізалятары часовага ўтрымання. Па частцы 1 артыкула 23.34 — за парушэнне заканадаўства адносна арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў - яму далі 15 сутак. Адбываць тэрмін зноў павезлі ў СІЗА.
— Другі раз нас больш жорстка прымалі, — кажа Максім. — У два шэрагі стаяць «пясочнікі» з аўтаматамі, у масках. Бляшаны ангар. Сабакі. Ноч. Выбягаеш па адным. Напаўсагнуты, вочы ўніз. Усіх да сцяны. Цябе штурхаюць, але так, каб не заставалася слядоў. Перадусім гэта калечыць маральна. Ты жывеш, і тут трапляеш у кіно пра канцлягер. Сюррэалізм нейкі. Людзі ў шокавым стане. Ты нічога не разумееш.
Пасля бяжыш у бетонны бокс, адтуль — на надгляд. Зноў раздзявацца, прысядаць — пад пагрозы, што самае страшнае наперадзе. Бо ўказанне зверху было.
Я не еў амаль чацвёра сутак. Ім усё роўна, а мне больш для маральнай падтрымкі. Таксама ратаваў гумар, праўда — чорны.
У СІЗА было страшна. Ты ў закрытай прасторы, сярод узброеных людзей, з натрэніраванымі сабакамі. Яны могуць рабіць з табой усё, што захочуць. І ніхто пра гэта не даведаецца. Нам казалі: хутка збіраем ложак, інакш сабак спусцім вам у камеру, будзеце скакаць пад столь. І яны маглі гэта зрабіць. І звонку ніхто б не дазнаўся.
— Але нам пашанцавала, — дадае Максім. — У параўнанні зь Мінскам у нас быў пяцізоркавы курорт. Нягледзячы на маральны ціск.
Максім кажа, што на пятыя суткі стаўленне да затрыманых змянілася. А ўвечары людзей адпускалі міліцыянты «з дрыжачымі рукамі». Максім адседзеў пяць сутак з пятнаццаці. Утрыманне за кратамі абыдзецца яму прыблізна ў 70 рублёў.
Пасля выхаду Максім разам з сукамернікамі і іншымі затрыманымі, чые кантакты ўдалося знайсці, падалі скаргі на рашэнні суда. Грашыма, якімі Максіма падтрымлівалі неабыякавыя беларусы, ён усім аплаціў пошліну на падачу скаргі.
Максім лічыць, што цяпер варта максімальна распаўсюджваць інфармацыю пра зверствы сілавікоў: «Гэтых людзей трэба судзіць, саджаць за краты. Некаторых — пажыццёва».
«Нармальны чалавек не можа так біць»
Мікола Качурэц, 61 год, кіроўца-міжнароднік. Нягледзячы на ўзрост, Міколу збівалі, выдзіралі валасы. Збітага трымалі ў камерах ІЧУ і СІЗА, адмаўлялі ў леках.

Два гады таму Мікола кінуў паліць, бо перанёс інфаркт і прымае лекі. Цягам апошніх тыдняў скурвае дзве пачкі штодня. Здымае стрэс.
— 9 жніўня, калі я выйшаў з дома, чуў, што машыны гудуць. Веры не было, што людзі выйдуць, але вырашыў прайсціся, паглядзець. Я ўзяў з сабой бел-чырвона-белы сцяг.
Бліжэй да плошчы мне сказалі, што АМАП разганяе і «круціць» людзей. Я пачаў расчахляць сцяг. Падняў. Нас ішло разам чалавек 50−60. Так мы дайшлі да «Брыганціны» (будынак былога кінатэатра на скрыжаванні вуліцы Чкалава і праспекта Будаўнікоў, дзе ў Віцебску некалькі дзён запар былі масавыя затрыманні. — РС).
Каля мяне спыніліся бусы. Амапаўцы беглі да маладзейшых. Я схапіў аднаго за руку, і тады пачалася барацьба. Падбег другі. Мяне скруцілі і зацягнулі ў бус. У бусе было ўражанне, што мяне забіваюць. Білі кулакамі - у галаву. Удары былі моцныя, бачна, што яны прафэсійна натрэніраваныя.
Адзін з сілавікоў схапіў мяне за валасы. Крычаў: «А, ты яшчэ валасаты? Хочаш перамен? Трымай!» Біў моцна. Нармальны чалавек не можа так біць. Гэта зверства, фашызм. Ён крычаў і дзвюма рукамі драў валасы.
На мяне пасвяцілі ліхтарыкам. У мяне было рассечана каля вока, носам ішла кроў. Мяне працягвалі збіваць. Можа, я крыху блытаюся. Запамінаць не хацелася. Хацелася толькі перажыць гэта. Пасля мяне выцягнулі за капялюш і кінулі ў другі бус.
Потым нас доўга вазілі па горадзе. Прывезлі ў ізалятар. Яшчэ дзве-тры гадзіны стаялі ў бусе ў двары. Нас не выпускалі ў прыбіральню. Крычалі, як на жывёл. Толькі, а пятай гадзіне раніцай адвялі ў камеру.
Міколу прысудзілі 15 сутак. Пяць з іх ён адседзеў у камерах ізалятара і СІЗА, які віцябляне сталі называць «канцлагерам».
— Нас распраналі, абшуквалі. Былі здзекі, грубы тон, абразы. Да нас ставіліся як да злачынцаў і забойцаў. Усе былі ў масках, без бэйджаў.
Калі нас прывезлі ў турму, з аўтазака я выходзіў апошнім, чуў брэх сабак, стук дубінак па спінах. Я быў добра пабіты. Вельмі балелі рэбры. Думаў, што пералом. Мяне штурхалі, бо бегчы не мог. Быў загад глядзець у падлогу. Мы стаялі ўздоўж сцяны. Людзей збівалі. Я сеў на дыбачкі, астатнія стаялі на каленях. Побач стаяў віцебскі бізнэсовец, у яго свая крама. Ён казаў, што ў яго дзве аперацыі на нагах, ён не можа стаць на калені. Яго збілі. На ўсе загады прымушалі адказваць: «Так точно!». Інакш — дубінка.
Медычнай дапамогі не аказвалі. У мяне быў інфаркт. Я сяджу на таблетках. Штодзённа прымаю лекі для збіцця ціску, разрэджвання крыві, зніжэння халестэрыну. Мая сяброўка даведалася, дзе я. Прынесла лекі, але мне іх не перадалі. Я прасіў штодня. Адну таблетку мне далі раніцай на пятыя суткі, калі стаўленне да нас змянілася і людзей пачалі адпускаць.
Мікола кажа, што яго баяліся вызваляць, бо вочы былі чорныя, а твар — увесь сіні і распухлы. Сукамернікі сталі прасіць: «Адпусці дзеда!». Сябры перадалі яму акуляры і маску. Мікола выходзіў на волю з прыхаваным тварам.
— Я пайшоў у траўмапункт. Зрабіў рэнтген, тамаграфію. Рэбры цэлыя. Пашкоджанні знешнія. У галаве, сказалі, гематомы няма. Доктар накіраваў вынікі агляду ў пракуратуру. Сьледчы мяне апытаў.
Мікола адзначае, што з кожным днём пачуваецца лепш.
— Першыя дні пасля вызвалення лячыўся і сядзеў у інтэрнэце. Плакаў ад таго, што адбываецца. Больш за ўсё я баяўся, калі выйду, даведацца, што ўсе разбегліся і пахаваліся.
У панядзелак, 17 жніўня, Мікола быў сярод пятнаццаці дэлегатаў ад народу на сустрэчы з чынавенствам у аблвыканкаме. Як сведка і сведчанне жорсткага абыходжання з мірнымі дэманстрантамі.
— Чыноўнікі апраўдваліся, што дзеяннямі сілавікоў яны прадухілілі беспарадкі ў горадзе, баяліся, каб не разабралі плітку, не паламалі лаўкі. У выніку — пачалі ламаць людзей.
Такой жорсткасьці я не памятаю. У маладосці мы біліся, але былі пэўныя прынцыпы. На дзяўчат альбо людзей сталага веку ніхто рукі не падымаў".
«Гэта было падобна да нейкага выкрадання»
Уладзімір Булаўскі, 31 год, музыка, гісторык, грамадскі актывіст. Моцна збілі пры затрыманні ў асноўны дзень выбараў. Паводле доктара, які фіксаваў пабоі, траўмы маюць крымінальны характар.

— Увечары 9 жніўня пасля галасавання я сустрэўся з сябрамі ў цэнтры горада. У мяне на руцэ быў павязаны стужкай бел-чырвона-белы сцяг. Мы ўжо ведалі, што ў Віцебску ідуць затрыманні ў раёне плошчы Перамогі. Мы ішлі па Маскоўскім праспекце ў бок кавярні Zdoba. Я хацеў у прыбіральню, таму прапанаваў сябрам зайсці ўсярэдзіну. Мы не дайшлі да кавярні літаральна метраў 5−6.
Убачылі бусік і аўтазак. Але мы ішлі абсалютна мірна, нічога не выкрыквалі, я не падымаў сцяг. Да мяне ззаду падбег мужчына ў міліцэйскай форме. Як кажуць сведкі, гэта быў маёр. Ён не прадставіўся, сказаў, што я затрыманы, і пачаў душыць мяне дубінкай. Ён паваліў мяне на зямлю, працягваў душыць, пераціснуў мне мачавы пузыр каленам. Ад гэтага я абмачыўся.
Ён пачаў крычаць, каб я ўставаў і ішоў. Пры гэтым утрымліваў мяне на зямлі і ўдарыў па твары. Падбеглі ягоныя калегі і ўтрох пачалі збіваць мяне дубінкамі. Я казаў, што пайду сам. Ад болю я ішоў марудна, мяне пастаянна штурхалі. У аўтазак пхнулі так, што я моцна ўдарыўся галавой аб сценку. У камеры аўтазаку, разлічанай на дваіх, мы сядзелі ўтрох. Не было чым дыхаць.
Пры затрыманні мне зламалі акуляры. Пакуль маёр іх не адрамантуе, буду хадзіць бяз дужкі. Хай бачаць.
Пасля мяне перавялі з аднаго аўтазаку ў іншы. Некалькі гадзін вазілі па горадзе. У ІЧУ свабодных месцаў не аказалася. Нас павезлі далей. Куды — ніхто не адказваў. Гэта было падобна да нейкага выкрадання. Пасля я даведаўся, што мы былі ў спарткомплексе дэпартаменту аховы Першамайскага РАУС.
Нас вывелі з аўтазаку і па адным заводзілі ў спартовую залю. Прымусілі зняць абутак і шкарпэткі. Усіх паставілі на калені, рукі за галаву. Я сказаў, што ў мяне праблемы з каленам, і мне дазволілі стаць так, як зручна. Унутры былі каля 20 міліцыянтаў у масках. Старэйшыя па званні не хавалі свае твары.
Над спартовай заляй быў другі паверх — балконам. Там стаялі нейкія жанчыны і смяяліся з таго, як паводзяць сябе затрыманыя. Нас было 33 чалавекі - хлопцы і адна дзяўчына. Двух хлопцаў пачалі збіваць, каб застрашыць астатніх. Аднаму з іх стала дрэнна. Яго забрала хуткая. У аднаго з мужчын, які быў са мной у аўтазаку, была праблема з прастатай. Яго не выпускалі ў прыбіральню. Проста далі бутэльку. У залі ў яго здарыўся сардэчны прыступ. Пакуль ехала хуткая, яму не аказвалі дапамогі.
Амаль гадзіну людзей трымалі на каленях. Забаранялі паварочваць галаву, мяняць становішча рук і ног, білі дубінкамі. Пасля па адным пачалі заводзіць у пакой да супрацоўнікаў. Пратаколаў не складалі. Толькі запісвалі тлумачэнні, пры якіх абставінах затрыманы.
Толькі праз чатыры гадзіны пасля затрымання мне дазволілі зайсці ў прыбіральню.
Адпусцілі мяне пасля трэцяй гадзіны ўначы.
На наступны дзень я пракансультаваўся з праваабаронцамі. Сябар сфатаграфаваў кожную маю траўму. На здымках выставілі дату і час. Я схадзіў у пракуратуру, напісаў заяву, у якой патрабаваў выдаць накіраванне на судмедэкспертызу і прыцягнуць да адказнасці службоўцаў, якія затрымлівалі мяне без падставы і збілі.
У траўмапункце лякарні хуткай медычнай дапамогі неўрахірург і траўматолаг зафіксавалі мае пашкоджанні, зрабілі рэнтген ступні, РКТ галаўнога мозгу — я перанёс некалькі траўмаў галавы, маю не вельмі добры дыягназ, з прычыны якога быў вызвалены ад воінскай службы.
У даведцы пазначана: удар правай скроневай вобласці, кровападцёк твару, мяккай тканкі ў вобласці левага плечавога сустава, удар левай ступні, пашкоджанні каленных суставаў.
Доктар адразу сказаў, што гэта траўмы крымінальнага характару. З траўпамункту патэлефанавалі ў міліцыю. Праз гадзіну мне ўжо званілі службоўцы, каб дазнацца, пры якіх абставінах мяне збілі.
Увечары 10 жніўня Уладзіміра затрымалі другі раз, калі ён быў на прыпынку недалёка ад плошчы Перамогі. З яго слоў, аўтазак падрэзаў аўтобус, і людзей пачалі «пакаваць». Уладзіміра не збівалі. Склалі пратакол, з якім ён не пагадзіўся, і ўначы адпусцілі.
«Мне не верылі, бо я выглядаю іначай»

Сяргей Міраненка, свабодны мастак, 39 гадоў. Сядзеў у турме, бо «жыве ў цэнтры, носіць кілт і мае татуіроўкі». Пасля вызвалення ў знак пратэсту мастак састрыг доўгія валасы.
Віцебскі мастак Сяргей Міраненка жыве недалёка ад плошчы Перамогі. У ноч з 9 на 10 жніўня ён сядзеў з малым дзіцем. Пасля выйшаў прайсціся.
— Мяне адразу затрымалі. Падбеглі ззаду, узялі пад рукі і павялі ў аўтазак. Затрымлівала чалавек шэсць. Настолькі я небяспечна выглядаю знешне. Я спытаў прычыну затрымання, мне адказалі, што ўсё патлумачаць.
У РАУСе сказалі, што ў мяне на твары напісана, што я экстрэміст, завадатар натоўпу, таму што я выглядаю так, як выглядаю.
Сяргей адзначае, што ўсё жыццё хацеў быць не такім, як усе. Ужо некалькі гадоў мастака пазнаюць у Віцебску ў тым ліку па знешнім выглядзе — ён адзіны чалавек у горадзе, які носіць кілт. Вобраз быў дапоўнены доўгімі валасамі.
— Мне падабаецца кілт. У ім я адчуваю сябе свабодна. Мне так падабаецца. Я мастак. У мяне свой погляд на свет. Сумбурны. Я раблю над сабой лёгкія пэрформансы. Хтосьці мой вобраз успрымае, хтосьці - не. Часта глядзяць як на дзівака. Але мяне гэта не кранае.
У аўтазаку з мяне кпілі. Па дарозе намагаліся падняць дубінкай кілт і паглядзець, ці сапраўдны я шатландзец. Ён цяжкі, важыць амаль два кілаграмы, таму падняць яго дубінкай не ўдалося.
У ізалятары мяне паставілі ў калідоры. Прымусілі распрануцца. Я стаяў каля сцяны, ногі на шырыні плеч, напаўсагнуты. Крычалі, што тварам я падобны да ўкраінца. Адказаў, што я беларус. Але мяне працягвалі пераконваць, што я ўкраінец. Стаяць было нязручна. Спіна ў напрузе, а ў мяне дзве траўмы пазваночніка. Мяне пачало трэсці, бо ў такім становішчы я не магу стаяць больш за пяць хвілін. Мне сказалі, што калі не так, то паставяць у гэткую позу, у якой я ўвогуле не змагу стаяць.
У асобным кабінеце мне задавалі пытанні пра абставіны затрымання. Мне не паверылі. Сказалі, што пры маім выглядзе гэта могуць быць толькі казкі. Таксама міліцыю цікавіла, колькі мне заплацілі, каб я выйшаў на вуліцу.
Кожны імкнуўся мне сказаць, што я вольны шатландзец, які прыехаў змагацца за свабоду Беларусі. І ўсё, чаго я дабіўся, — гэта арышт.
Сяргею далі 10 сутак.
— Суд адбыўся толькі з слоў службоўца, які мяне затрымліваў. Нібыта я ішоў у натоўпе, выкрыкваў лозунгі і махаў рукамі. Пры гэтым я чалавек апалітычны. Але апраўдвацца бессэнсоўна. Я напісаў, што нязгодны з тым, што мне прад’яўляюць. Адзіная мая віна ў тым, што я быў на вуліцы. І жыву ў цэнтры. Усім, хто згаджаўся з абвінавачваннем, давалі штрафы. Нязгодным — суткі. Гэта быў маральны ціск. Імкнуліся давесці, што ўлада пакажа, як сябе трэба паводзіць.
Некалькі сутак пасля суда Сяргей правёў у турме.
— З ізалятара ў СІЗА нас вывозілі апоўначы. У камеру я зайшоў, а шостай раніцы. Ніколі не думаў, што апынуся ў такім месцы. Што да цябе будзе стаўленне, як да злачынцы, асуджанага пажыццёва.
У турме — рэжым. Пад’ём, а шостай, адбой — а дзясятай. Раніцай і ўвечары — абход. Святло гарыць круглыя суткі. Цэлы дзень сядзіш альбо стаіш. Замкнутая прастора, адсутнасць навін. Некалькі дзён па радыёкропцы гучала Біблія. Усё гэта было вельмі складана вытрымаць.
Сяргей адседзеў пяць сутак. Праз дзень пасля вызвалення ён састрыг валасы.
— Цяпер я лысы. Гэта ўнутраны пратэст адносна таго, што я ўбачыў. У мяне рэзка змянілася стаўленне да людзей, якія, як я думаў раней, павінны нас абараняць.