Напрыканцы нашага велікоднага падарожжа па каталіцкіх святынях Карэліччыны здзейснім віртуальную вандроўку ў Мікалаеўскі касцёл у Міры. Гасцінныя мясцовыя парафіяне разам з пробашчам ксяндзом Аляксандрам Севасцьяновічам таксама падзяліліся з намі ўзнёслым настроем галоўнай хрысціянскай урачыстасці.
– Мірскія вернікі дасылаюць усім шчырыя вітанні! І традыцыйна: “Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!” – пачаў з галоўнага ксёндз Аляксандр Севасцьяновіч і прадоўжыў. – Дарагія і любімыя чытачы газеты “Полымя” і жыхары нашага самага прыгожага Карэліцкага раёна, весяліцеся ва ўсёй паўнаце любячых Бога сэрцаў і абавязкова дарыце сваю цеплыню, дзяліцеся радасцю з іншымі! Бо Вялікдзень Божай моцай і ласкай асаблівым чынам яднае нас, хрысціянаў. Сёлета ў красавіку і католікі, і праваслаўныя, і пратэстанты адзначаюць Уваскрасенне Езуса Хрыстуса. Адрозніваюцца даты, але нязменным застаецца сэнс гэтага найсвяцейшага дня. І мы кажам усім: “Мір вам з Міра!” Найперш мы жадаем міру менавіта ў вашых сэрцах, а яго можа даць толькі Бог. Для такой ласкі непатрэбна здзяйсняць нешта неверагоднае, дастаткова быць адкрытым на Айца і блізкім Яму, каб Ён у вашым жыцці заўжды займаў галоўнае месца. І тады Бог, які так моцна любіць кожнага з нас, прынясе спакой. Мы разам з парафіянамі молімся, каб Айцец блаславіў вас гэтым і шматлікімі дарамі і аберагаў на жыццёвых дарогах!

Вясна заўжды прыносіць нешта новае. Нядзіўна, што на Вялікдзень у Міры асвяцілі новы канфесіянал.

Значная частка духоўнай падрыхтоўкі да Вялікадня — споведзь. У Міры сёлета яна праходзіла на свежым паветры.

Вось такі цудоўны крыж, дзякуючы намаганням парафіі св. Мікалая і яе пробашча, цяпер вітае і ў святы, і ў будні ўсіх пры ўездзе ў Мір. Жыхары карэліцкай зямлі любяць гасцей!
Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа парафіі св. Мікалая ў Міры