Арцыбіскуп Кандрусевіч просіць вернікаў заставацца дома
3 красавіка Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрасіў вернікаў у сувязі з пандэміяй каранавірусу ўстрымацца ад наведвання касцёлаў у Велікодныя дні і ўдзельнічаць у святочных набажэнствах з дапамогай трансляцый.
У спецыяльным Паведамленні, скіраваным духавенству і вернікам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, іерарх літаральна піша наступнае:
«Звяртаюся да вернікаў, асабліва да людзей старэйшага ўзросту, асобаў з сімптомамі хваробы і да тых, хто адчувае страх заражэння, з просьбай у гэтыя складаныя дні карыстацца дыспенсай, дадзенай раней, заставацца дома і ўдзельнічаць у набажэнствах Вялікага тыдня праз сродкі масавай камунікацыі».
Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату дзякуе за разуменне і адначасова заклікае не паддавацца паніцы. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі нагадвае пра неабходнасць асабістай малітвы і магчымасць духоўнага ўдзелу ў цэлебрацыях з дапамогаю трансляцый па тэлебачанні, на партале Catholic.by і іншых рэсурсах.
8 красавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выдаў Дэкрэт аб благаслаўленні велікодных страваў у хатніх умовах.
З-за выкліканых пандэміяй каранавірусу складанасцяў, не ўсе вернікі змогуць асабіста ўдзельнічаць у пасхальных набажэнствах, а таксама благаславіць стравы на велікодны стол у святыні.
У сувязі з гэтым арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зацвердзіў парадак і тэкст малітвы благаслаўлення велікодных страваў у хатніх умовах. Гэтую выключную магчымасць ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі арцыпастыр даў вернікам на Вялікдзень 2020 года.
Калі не атрымалася благаславіць велікодныя стравы ў святыні, сёлета гэта можа зрабіць дома бацька сям’і або старэйшая асоба. Пасля таго, як на традыцыйнае святочнае снеданне збярэцца ўся сям’я, на стале запальваецца свечка і гучыць традыцыйнае велікоднае прывітанне «Хрыстус уваскрос! Алелюя!». Потым хтосьці з прысутных чытае ўрывак з Евангелля паводле Мацвея, у якім апавядаецца пра тое, як раніцай жанчыны прыйшлі да магілы і першымі даведаліся ад анёла, што Хрыстус уваскрос.
- Пасля Евангелля кіраўнік прамаўляе малітву благаслаўлення, якую можна спампаваць ТУТ.
Затым усе разам моляцца: Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Супольная малітва завяршаецца знакам крыжа.
Па інфармацыі сайта Catholic.by