У Сенненскім раёне паблізу вёскі Малая Пярэспа вядзецца будаўніцтва геліяэнергэтычнай устаноўкі, якую назвалі «Полымя».
Заказчыкам аб’екта выступае ЗАТ «РЭАГ Віцебск», падрадчыкам – ТАА «Экстрарэсурс». Планіроўка пляцоўкі, дзе размесціцца ўстаноўка, завершыцца 4 красавіка.
Геліяэнергетычная ўстаноўка, згодна з праектам, будзе мець магутнасць 1,6 МВт. Яна ўяўляе з сябе комплекс са ста трыццаці 17-мятровых сталоў сонечных батарэй, якія размесцяцца на плошчы 3 га. Сумма інвестыцый складзе 1,4 млн долараў ЗША пры тэрміне акупнасці 6 гадоў.
Кампанія RODINA, якая спецыялізуецца на рэалізацыі праектаў узнаўляемай энергэтыкі, створана ў 2013 годзе. За гэты час на рынках былога СССР (ва Украіне, Казахстане, Арменіі), Усходняй Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Блізкага Усходу пабудаваны дзясяткі ўстановак агульнай магутнасцю каля 800 МВт. Для параўнання заўважым, што магутнасць Віцебскай гідраэлектрастанцыі складае 40 МВт. У Беларусі RODINA дэманструе прыкметную актыўнасць. Толькі сёлета яшчэ дзве ўстаноўкі, якія падобныя на «Полымя», павінны з’явіцца ў Мінскай і Магілёўскай абласцях.
Рэалізацыя праекта па будаўніцтве геліяэнергетычнай устаноўкі для Сенненскага раёна азначае значныя фінансавыя ўліванні ў эканоміку, стварэнне новых рабочых месцаў. Пасля ўвядзення аб’екта ў эксплуатацыію пастаянныя працоўныя месцы з’явяцца для трох высокакваліфікаваных спецыялістаў. Зараз на аб’екце працуе 16 рабочых з ліку мясцовых жыхароў. Яны атрымоўваюць даволі высокі заробак. Пры гэтым да работнікаў прад’яўляюцца жорсткія тэхналагічныя патрабаванні, адсочваецца захаванне працоўнай дысцыпліны.
Мяркуецца, што геліяэнергетычная ўстаноўка «Полымя» будзе здадзена ў эксплуатацыю ў чэрвені. Аднак, у сувязі з эпідэміяй каронавіруса, ужо парушаны графік паставак абсталявання, што можа адбіцца і на тэрмінах завяршэння работ на аб’екце.
Даведка «ГС»
Геліяэнергетыка ці сонечная энергетыка чалавецтву вядома з даўняй пары. Яшчэ ў Старажытнай Грэцыі энергію сонца выкарыстоўвалі для абагрэву і асвятлення жылля і іншых памяшканняў.
Сучасныя тэхналогіі дазваляюць ператвараць энергію сонца ў іншыя яе віды, напрыклад, электрычную. Робіцца гэта рознымі спосабамі, з выкарыстаннем розных тэхналогій. У так званай фізічнай геліяэнергетыцы выкарыстоўваюцца сонечныя калектары, паўправаднікі ці сістэма люстраў. Біялагічная геліяэнергетыка мае на ўвазе выпрацоўку біягазу, які ўтвараецца пры раскладанні бытавых арганічных адходаў і награванні іх да тэмпературы 400 – 700 градусаў па шкале Цэльсія. Падобная тэхналогія лічыцца найбольш перспектыўнай, бо дазваляе вырашаць яшчэ і экалагічныя праблемы.
Аляксандр ЛАЗЮК.
Фота аўтара.