Настаўніца СШ № 2 Глуска Галіна Усік заняла другое месца ў абласным конкурсе «Настаўнік года — 2020»

Источник материала:  

Настаўніца СШ № 2 Глуска Галіна Усік заняла другое месца ў абласным конкурсе «Настаўнік года — 2020»
Сваіх вучняў настаўніца пачатковых класаў Галіна Усік вучыць ісці да канца ў любой справе, не спыняцца на паўдарозе, а ў прыклад прыводзіць фігурыстаў, якія падчас выступленняў падаюць, але паднімаюцца і працягваюць катацца, хоць і ведаюць, што балы будуць ужо не самымі высокімі. А вось калі сама трапіла ў суперфінал абласнога конкурсу “Настаўнік года — 2020”, і заставаўся яшчэ адзін рывок, вырашыла: трэцяе месца ёсць, лепшага не будзе, то гэтага і хопіць, чаго болей старацца. І калі б не група падтрымкі, не іх напор і ўпэўненасць, маўляў, ты можаш і павінна выкласціся па максімуме, не было б у нашай глускай настаўніцы дыплома 2-й ступені. Некалькі разоў паўтарыла Галіна Уладзіміраўна ў нашай размове: “Гэта не мой асабісты вынік, на яго працавала ўся каманда, адзін бы тут ніколі не справіўся. Дзякуй усім, хто дапамагаў, хто верыў, хто надаваў сілы”. Нялішне будзе іх пералічыць: гэта настаўнікі другой школы Наталля Яроцкас, Галіна Русакова, Таццяна Саляйчук, Анатоль Марціновіч, работнікі метадычнага кабінета Наталля Някрасава і Таццяна Грыгор’ева, а таксама дырэктар школы Алена Слічонак, якая і прапанавала Галіне Уладзіміраўне паўдзельнічаць, не сумняваючыся, што ў той усё атрымаецца.

На вочны тур абласнога этапа канкурсантаў адбіралі, ацэньваючы дасланыя матэрыялы з вопыту работы. Дарэчы, з нашага раёна першапачаткова было шэсць удзельнікаў у розных прадметных намінацыях, у фінал выйшлі і ездзілі ў Магілёў трое з іх: акрамя Галіны Усік, яшчэ Юлія Грабянькова, настаўніца замежнай мовы гімназіі, і Алена Філіпенка, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Заеліцкай школы. Вочны тур праходзіў з 16 па 20 сакавіка, ад канкурсантаў патрабавалася адказаць на пытанні па педагогіцы і псіхалогіі, даць адкрыты ўрок у незнаёмым класе і правесці майстар-клас для дарослай аўдыторыі.

Галіна Усік для ўдзелу ў конкурсе вырашыла абагуліць вопыт сваёй работы па фарміраванні маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі на занятках па беларускім літаратурным чытанні. Дзеці мала бываюць у беларускамоўным асяроддзі, лічыць настаўніца і імкнецца даць ім на пачатку вучобы як мага большую базу, закласці моцную аснову любові і разумення беларускай мовы. Цікава, што і ўрок, паводле жараб’ёўкі, Галіне Уладзіміраўне давялося весці па прадмеце “Беларуская мова” ў 4-м класе (у яе самой зараз другакласнікі).


Настаўніца СШ № 2 Глуска Галіна Усік заняла другое месца ў абласным конкурсе «Настаўнік года — 2020»
На падрыхтоўку да ўрока было меней, чым суткі, але настаўніца амаль не хвалявалася, калі толькі за тое, ці пойдуць на кантакт дзеці, як адрэагуюць на незнаёмага чалавека. А вось за майстар-клас перажывала больш. “Урокі я вяду з задавальненнем, я люблю працаваць з дзецьмі, але я ніколі не мела справы з дарослай аўдыторыяй”, — тлумачыць Галіна Уладзіміраўна. Майстар-клас жа канкурсанты давалі для метадыстаў абласнога інстытута развіцця адукацыі (хаця першапачаткова планаваліся студэнты педвузаў). “Калі ў апошні момант высветлілася, што гэта будуць не проста дарослыя, а прафесіяналы сваёй справы, крыху разгубілася, — усміхаецца мая гераіня. — Што я буду гаварыць людзям, якія самі вучаць настаўнікаў?” І хоць напачатку метадыстаў цяжкавата было ўцягнуць у актыўную дзейнасць, потым яны і фізкультхвілінкі рабілі, і інтэрв’ю адзін у аднаго бралі, і казку чыталі, і мультфільм глядзелі-абмяркоўвалі… Дарэчы, першае заданне майстар-класа Галіна Усік звязала з вершам Сяргея Грахоўскага “Ветразь”.

Да апошняга выпрабавання — абарона вопыту работы — дапускаліся толькі тры чалавекі, і Галіна Усік трапіла ў гэты лік. І нечакана сама для сябе заняла другое месца. Нечакана, але, на маю думку, заканамерна, бо да гэтага конкурсу і гэтага выніку яе прывялі шматгадовы вопыт работы, прафесійныя адносіны да сваёй справы і, вядома, любоў да дзяцей.

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота Г. АЎТУХОВАЙ

 (оригинал новости)
←Подведены итоги смотра-конкурса по охране труда. Лучшими стали СШ № 2 г.п. Кореличи и КСУП «Племзавод Кореличи»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика