Працуй і будзь аптымістам — такі рэцэпт даўгалецця дае стагадовая глушчанка Ядзвіга Храпко

Источник материала:  

Працуй і будзь аптымістам — такі рэцэпт даўгалецця дае стагадовая глушчанка Ядзвіга Храпко
Ядзвіга Пятроўна Храпко з Глуска 11 сакавіка адзначыла свой соты дзень нараджэння. З нагоды юбілею з віншаваннямі, кветкамі і падарункамі ад раённага выканаўчага камітэта, раённай арганізацыі Беларускага фонду міру, раённага савета ветэранаў, “Глускіх Бытпаслуг” да доўгажыхаркі завіталі Алена Кірэй, Валерый Сураўнёў і Людміла Ляпко. Госці ад душы жадалі бабулі і яе блізкім моцнага здароўя, дабрабыту, радасных дзён.

Шмат чаго давялося перажыць Ядзвізе Пятроўне за свае сто гадоў: ваеннае ліхалецце, голад і холад, пасляваенныя турботы… Нарадзілася яна ў шматдзетнай сям’і, бацькі трымалі вялікую гаспадарку, працавалі з ранку да позняга вечара, з малых гадоў прывучаючы да працы і сваіх дзяцей. Калі выпадаў вольны час, Ядзвіга разам са старэйшай сястрой любіла рукадзельнічаць, дзяўчына марыла стаць майстрам швейнай справы. У дарослым жыцці мара спраўдзілася, Ядзвіга Пятроўна абшывала і апранала сваю сям’ю, рабіла ўтульным дом, шыла суседзям і знаёмым, а ў 1959 годзе пачала працаваць швачкай у Глускім дзіцячым доме № 2, пасля на мясцовым камбінаце бытавога абслугоўвання, якому прысвяціла 20 гадоў жыцця. З маладосці да старасці Ядзвіга Пятроўна старанна працавала, заўсёды нешта рабіла, не любіла сядзець склаўшы рукі, разам з мужам трымала жывёлу і агарод, выгадавала чатырох сыноў і дачку.

Зараз яна жыве з сынам Міхаілам і нявесткай Інай, якія штодня атуляюць жанчыну ўвагай і клопатам. Паважаны ўзрост юбіляркі ўзяў сваё, на жаль, крыху падводзіць слых, напрацаваныя рукі даўно не тыя, сілы з кожным днём не стае. Нягледзячы на гэта, у соты дзень нараджэння вочы бабулі свяціліся ўдзячнасцю і цеплынёй, а вусны кранала шчырая ўсмешка. Не магла не запытацца ў яе, як удалося пражыць столькі гадоў. Сакрэт даўгалецця Ядзвігі Пятроўны — у руплівай працы і добрым настроі, ва ўменні радавацца кожнаму новаму дню і любіць жыццё. Ды і як яго не любіць, як не радавацца, калі побач добрыя і клапатлівыя сваякі, як не ганарыцца, што дачакалася сямі ўнукаў, пяці праўнукаў і прапраўнука, яны яе галоўнае багацце, яе радасць у жыцці, яе зямны працяг.

Ганна АЎТУХОВА, фота аўтара

 

 (оригинал новости)
←Карантин вокруг. Куда сейчас нельзя уехать из Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика