Як вясна абуджае прыроду, так і духоўная літаратура перамяняе нашы сэрцы. Нездарма менавіта ў сакавіку хрысціянскі свет мае асаблівае свята – Дзень праваслаўнай кнігі. А яшчэ гэтай вясной, у маі, вернікі адзначаць 550-годдзе здабыцця цудатворнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзе з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра. Такія значныя падзеі і аб’яднаў круглы стол “Захавальнікі веры хрысціянскай” у Карэліцкай раённай бібліятэцы.
Абіцель праз прызму стагоддзяў
Духоўная сустрэча пачалася асаблівым чынам – з малітвы да Маці Божай Жыровіцкай. Пасля чаго бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Карэліцкай раённай бібліятэкі Тамара Кардаш пазнаёміла прысутных з гісторыяй Жыровіцкага манастыра і цудатворнай іконы Маці Божай. А фотаздымкі і відэа дапамаглі прысутным здзейсніць віртуальную вандроўку па абіцелі.
Настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы агр. Турэц іерэй Андрэй Абрамовіч, які, між іншым, 6 гадоў правёў у Жыровіцкім манастыры, працягнуў гістарычны экскурс. Ён распавёў пра тое, што некалі на месцы абіцелі была пушча. Яна належыла падскарбію Вялікага Княства Літоўскага Аляксандру Солтану. І тут юныя пастухі пасвілі авечак. Яны якраз і сталі сведкамі надзвычайнай падзеі ў 1470 годзе. Бо ім цудоўным чынам на дзікай грушы аб’явіўся маленькі абразок Маці Божай, што змяшчаўся на дзіцячай далоні. Яны аднеслі яго Аляксандру Солтану, які схаваў ікону ў куфар. Але, калі мужчына захацеў ізноў зірнуць на абраз, то не знайшоў яго. У хуткім часе ікону ўбачылі на той жа самай грушы. Уражаны Аляксандр Солтан навярнуўся да Бога і пабудаваў на месцы аб’яўлення цудатворнага абраза храм, вакол якога пазней пачалі сяліцца людзі. Але ў 1520 годзе ў святым месцы здарыўся пажар. Толькі ікона не згінула ў агні, а аб’явілася разам з Багародзіцай на вялікім валуне мясцовым дзецям. Што цікава, зараз гэты камень знаходзіцца на тэрыторыі манастыра, у Яўленскай царкве, і служыць прастолам, на якім здзяйсняюцца літургіі.
Увогуле, самых неверагодных цудаў за стагоддзі гісторыя абраза зведала шмат. Ікона прыносіла людзям не толькі аздараўленне, але і былі выпадкі, калі заступніцтвам Маці Божай яны нават уваскрасалі. Таксама з манастыром звязана жыццё старцаў, якія неслі людзям святло веры і спакой душы ды Божай моцай дапамагалі іншым у цяжкіх хваробах і складаных сітуацыях.
Настаяцель храма святой вялікамучаніцы Варвары агр. Райца іерэй Аляксей Шышкір таксама лічыць Жыровіцкую абіцель месцам, дзе Маці Божая асаблівым чынам чуе малітвы людзей. Нездарма тут нават зямля пранізана гаючымі крыніцамі. Святар яшчэ школьнікам прыязджаў у манастыр, у сценах якога духоўна ўзрастаў. З абіцеллю звязаны і яго сямейныя гісторыі. Шчырая малітва да Маці Божай Жыровіцкай і гаючая вада з мясцовых крыніц прынеслі аздараўленне дзядулі і пляменніцы святара.
Сам жа манастыр быў заснаваны ў канцы XV стагоддзя. Гэта святое месца звязала і праваслаўных, і католікаў, бо ў часы Уніі тут жылі манахі-базыльяне. А ў 1730 годзе ікону Маці Божай Жыровіцкай урачыста каранавалі залатымі папскімі каронамі. З той пары яна лічыцца апякункай і заступніцай беларускага народа. Дарэчы, якія бы катаклізмы не здараліся ў грамадстве, Жыровіцкая абіцель ніколі не зачыняла свае дзверы. А сапраўдным яе духоўным адраджэннем стала другая палова 1980-х – пачатак 1990-х гадоў. Вось і ў 1989 годзе тут аднавіла працу Мінская духоўная семінарыя. Дарэчы, тым, хто хоча больш глыбока пазнаёміцца з гісторыяй гэтага слаўнага месца, варта прачытаць кнігу ігуменні Гаўрыілы (Марыі Глухавай) “Усерадаснае заступленне Белай Русі”, выхад якой і быў прымеркаваны да сёлетняга юбілею абіцелі. Рыхтуе да 500-годдзя манастыра энцыклапедычны даведнік і выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.
Сёння абіцель штогод прымае каля 100 тысяч паломнікаў. І з кожным годам яна становіцца толькі прыгажэй. Працягваюцца рэстаўрацыйныя працы, актыўна ідзе добраўпарадкаванне не толькі манастыра, але і ўсяго пасёлка. У планах – помнік аднаму з настаяцеляў манастыра прападобнаму Серафіму архімандрыту Жыровіцкаму і ўстаноўка святлодыёдных экранаў для трансляцый богаслужэнняў. Што датычыцца сёлетніх майскіх урачыстасцяў у абіцелі, то яны збяруць тысячы вернікаў з розных краін свету. Чакаецца і прыезд Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.
“Жыровіцкі манастыр – кавалачак раю на зямлі”
Так пяшчотна называе родную абіцель 80-гадовы айцец Іаан (Алег Бембель), які таксама завітаў на духоўную сустрэчу ў Карэліцкую раённую бібліятэку. І дадае, што “у манастыры час нібы не існуе, а ёсць толькі вечнае цяпер”. Узгадвае, як у 1996 годзе па прычыне цяжкай хваробы прыехаў сюды паміраць. Меркаваў, што “прабудзе тры дні, а зараз ідзе ўжо трэці дзясятак манаскага жыцця ў абіцелі”. Там, у свецкім жыцці, сын знакамітых беларускіх скульптараў Андрэя Бембеля і Вольгі Дзядок, філосаф, паэт, публіцыст, выпускнік Мінскай кансерваторыі, пакінуў зямное, каб увайсці ў духоўны свет.
Зараз асноўным паслушаннем айца Іаана з’яўляецца выданне багаслоўскіх літаратурна-мастацкіх лісткоў “Жыровіцкая абіцель”. Іх ён прывёз таксама і на сустрэчу ў Карэлічы. На спеўнай беларускай мове распавёў, што тут ёсць публікацыі “для сястрычак усіх узростаў” ды пра тое, чаму нельга ўжываць мацюкі, і, увогуле, як змяніць сваё жыццё і навярнуцца да Бога. Прачытаў айцец Іаан і ўласныя вершы – паэтычныя пасланні маладым беларусам і шчырыя прызнанні ў любові Жыровіцкай абіцелі і Радзіме. Заключным акордам сустрэчы са знакамітым насельнікам манастыра стала меладычная паштоўка ў яго выкананні. Бо,упэўнены айцец Іаан, «музыка напаўняе нас дыханнем жыцця».
Дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Арцюх сардэчна падзякавала шаноўнаму госцю за напоўненае святлом і дабрынёй выступленне ўжо ў другі раз у сценах установы. Шмат цёплых слоў у яго адрас накіравала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Санчук. Яна ўзгадала, што некалі айцец Іаан падараваў ёй свае кнігі, якія і зараз з’яўляюцца гаючай крыніцай для душы. Таксама кіраўнік аддзела перадала госцю памятныя сувеніры, зробленыя з любоўю майстрамі Карэліцкага краю.
Напрыканцы мерапрыемства благачынны Карэліцкай акругі, настаяцель Петрапаўлаўскага храма г.п. Карэлічы протаіерэй Мікалай Орса пажадаў, каб і надалей у нашым раёне праходзілі такія незабыўныя сустрэчы, вера ўзмацнялася, а праваслаўная кніга знаходзіла шлях да сэрца кожнага карэліччаніна.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара