Галоўнае прызначэнне жанчыны ў жыцці — быць маці. І не толькі ў біялагічным сэнсе, а ў большай ступені ў агульначалавечым. Менавіта з маці пачынаецца ў кожнага чалавека разуменне такіх паняццяў, як сям’я, адказнасць, чуласць, самаахвяраванне і шчырасць.
Падмурак гэтых якасцей выхоўвае ў сваіх дзецях Таццяна Анатольеўна Рымашэўская. Клопаты аб дзецях займаюць галоўнае месца ў жыцці гэтай жанчыны. У яе сям’і выхоўваюцца шасцёра дзяцей. Маральнае здароўе, павага і клопат адзін пра аднаго — галоўныя жыццёвыя арыенціры для ўсіх іх. Таццяна Анатольеўна да кожнага з дзяцей мае свой падыход і з’яўляецца для іх не толькі маці, але настаўнікам і сябрам. Прывучае іх да беражлівасці, эканомнасці, выхоўвае павагу да старэйшых.
Суседзі, настаўнікі і калегі па працы Таццяны Анатольеўны адзначаюць актыўную жыццёвую пазіцыю сям’і: яны прымаюць актыўны ўдзел у раённых мерапрыемствах і святах.
Напярэданні 8 Сакавіка прадстаўнікі ТЦСАН, раённага аб’яднання прафсаюзаў і аддзела загс запрасілі шматдзетную маці і яе дзяцей на невялікае свята. У адрас маці прагучала шмат добрых слоў і пажаданняў. Ірына Сакалова, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, падкрэсліла, што ў нашай дзяржаве надаецца вялікая ўвага падтрымцы шматдзетных сем’яў, з вялікай павагай ставяцца да жанчын, якія выконваюць самы галоўны чалавечы абавязак — выхоўваюць будучыню краіны. Дарэчы, зараз у Дубровенскім раёне 160 сямей маюць статус шматдзетных, у іх выхоўваюцца 519 дзяцей.
А Ірына Мацянка, супрацоўніца ТЦСАН, засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што сэрца маці назаўсёды застаецца з кожным з яе дзяцей. На памяць аб свяце яна падарыла хлопчыкам і дзяўчынкам сувеніры ў выглядзе сэрца, каб дзеці памяталі пра маці і рабілі ўсе, каб яна не турбавалася за іх учынкі. А маці атрымала ў падарунак адзін з сімвалаў нашай краіны і сямейнага дабрабыту — бусла.
Ганна Сычова, начальнік аддзела загс Дубровенскага райвыканкама адзначыла, што жанчына-маці — гэта асно-ва нашага жыцця. Яна пажадала, каб гісторыя гэтай сям’і поўнілася толькі прыемнымі імгненнямі.
У гэтым годзе няпростая праца маці Таццяны Анатольеўны Рымашэўскай адзначана высокай ўзнагародай — ордэнам Маці, які ёй ўручылі на ўрачыстым раённым сходзе, прысвечаным святкаванню Міжнароднага жаночага дня 8 Сакавіка.
Алена КАРСАКОВА.
Фота аўтара.