У Мінску прайшоў «Мова Фэст». Паглядзіце на людзей, якія завіталі на свята
Маштабнае свята «Мова Фэст» адбылося ў мінскім культурным хабе «ОК16» у суботу, 22 лютага. Мерапрыемста прысвяцілі Міжнароднаму дню роднай мовы. Настолкі, сувеніры, выступ гурта VOLSKI і нават дыскусія наконт нацыянальнай ідэі беларусаў — усё там было. TUT.BY таксама адчуў атмасферу свята, а яшчэ папрасіў людзей, якія прыйшлі, назваць сваё любімае беларускае слова.
Любімыя словы: каханне, калі ласка
Віталь працуе ў будаўніцтве, Лена — сакратар. Яны прыйшлі на свята роднай мовы з дзіцём. Распавядаюць, што на гэтым фэсце шмат іх сяброў.

— Сам я трошкі размаўляю, але не вельмі добра валодаю беларускай. Хацеў бы больш якасна гэта рабіць, таму трохі сорамна, — прызнаецца Віталь.
Яго любімае слова — каханне.
— Таму што я вельмі кахаю сваю жонку, — тлумачыць мужчына.
— А ў мяне — калі ласка. Падабаецца, як гучыць, — дадае Лена.




Любімыя словы: журавіны, відэлец, побач назаўжды
Ірына з Аленай — афіцыянткі, Аляксандр — інжынер-канструктар. Сябры завіталі на свята, таму што ім даспадобы месцы з вялікай колькасцю людзей. Да беларускай мовы таксама маюць прыхільнасць, хоць сёння і размаўляюць па-руску.

— Знаю белорусский язык на хорошем уровне, но не общался на нем уже года полтора. А я предпочитаю, если уж делать что-то, то хорошо, — тлумачыць хлопец. — Я всегда любил белорусскую литературу, это еще из школы пошло. У нас очень мелодичный язык.
Ірыну вельмі ўразіла, што на свяце шмат моладзі, якая размаўляе па-беларуску.
— Я приехала из России, родилась здесь, но родители уезжали на время. Сама не владею белорусским, но когда слышу — у меня душа радуется.
Алена палову жыцця правяла ва Украіне, прызнаецца, што беларускую мову ведае, але ўсё роўна адчувае скаванасць падчас размовы.


На пытанне наконт любімых слоў сябры адказваюць так.
— Відэлец — кажется, это первое слово, которое я узнал на мове, — кажа Аляксандр.
— Каждый раз, когда шла из школы домой, видела на постере слово «журавіны». Оно запало в душу, — а гэта ўжо Ірына.
У Алены гэта цэлае спалучэнне слоў: «Побач назаўжды».
— Это название моего инклюзивного проекта по включению в жизнь людей с ограниченными возможностями.


Любімае слова: натхненне
Валерыя — студэнтка і спявачка. На думку дзяўчыны, тое, што сёння адбываецца такі фестываль, — вельмі здорава.

— Я заўсёды буду шанаваць родную мову і намагацца ўздымаць яе на новы ўзровень. Мае бацькі не размаўляюць на мове, але я пазнаёмілася з «Арт-Сядзібай», шмат хадзіла на іх імпрэзы. У нейкі момант адчула, якая ў нас прыгожая мова, і пачала пісаць на ёй свае песні.
Любімае слова дзяўчыны — натхненне.
— Пакуль у штодзённым жыцці ўжываю мову 50/50, але ў сацсетках толькі па-беларуску пішу. Магчыма, хутка цалкам перайду на беларускую.




Любімыя словы: нічагусенькі, мазгаўня
Ягор — інжынер-энергетык, Анэля — інжынер і сябра Таварыства беларускай мовы, з Баранавічаў. Гэта сын і маці, якія выпадкова сустрэліся на свяце.
— Я ўдзельнік Anibel, мы займаемся перакладам і агучкай анімэ і мангі на беларускую мову, — распавядае Ягор. — З маці я размаўляю па-беларуску, а з бацькам — не. Любоў да мовы з’явілася не адразу.

— Але яна дзесьці там спела ў сэрцы, — дадае Анэля. — Трэба самому любіць мову, і дзеці гэта пабачаць. Мова ў сям'і — добра, але важна і асяроддзе. Калі побач няма сяброў, якія таксама любяць беларускую, то цяжка без падтрымкі.
Ягор прыйшоў да беларускай праз адпаведнае асяроддзе.
— Гэтыя людзі былі цікавымі самі па сабе, з імі было прыемна размаўляць, беларуская мова прыгожа гучыць — і я адчуў, што гэта роднае, нешта сваё.
Якія беларускія словы любімыя?
— Раней, калі чытала кніжкі, выпісвала цікавыя словы і, здаецца, у Максіма Гарэцкага сустрэла слова «нічагусенькі». Яно нейкае цёплае, — кажа Анэля.
— У мяне няма любімых слоў, але нядаўна я даведаўся пра слова «мазгаўня» — «башка», яно падалося мне цікавым, — усміхаецца Ягор.



