Пункт погляду журналіста: Аб роднай мове, надзённым хлебе, сваёй Бацькаўшчыне — трох кітах, на якіх трымаецца жыццё, — па-беларуску

Источник материала:  

Пункт погляду журналіста: Аб роднай мове, надзённым хлебе, сваёй Бацькаўшчыне — трох кітах, на якіх трымаецца жыццё, — па-беларуску

ПРОСТАЯ, ШЧЫРАЯ, МІЛАГУЧНАЯ

Родная мова. Яна са мною на працягу ўсяго жыцця. У школьныя гады любіла чытаць творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Пазней прыцягвала вусная народная творчасць, асабліва прымаўкі, прыказкі, народныя выслоўі, бо ў іх закладзена мудрасць народа.

Роднае слова кранае да глыбіні душы. З ім яшчэ можна сустрэцца ў нашых вёсках, тут жыхары размаўляюць на матчынай мове. Простая, шчырая, мілагучная, яна можа ўскалыхнуць моцна душу. Як заўважыў паэт, «родная мова нам, як паветра, самая шчырая з тысячы моў».

А дзе яшчэ можна пачуць яе? У журчанні ручайка, подыху ветрыку, спеву жаўрука, шэпту каласоў… А адшукаць патрэбнае слова? Таксама ў прыродзе! Вясной дзьмухаўцы заварожваюць сваёй сонечнасцю, летам — палеткі са сланечнікамі, а восенню — залаты дыван пад нагамі, па якім ступаеш — і з’яўляюцца вершы…

Не ўсе нараджаюцца ці становяцца паэтамі. Толькі нікому не забаронена любіць родную мову. Многія выбіраюць яе сродкам зносін з іншымі людзьмі. Калі чалавек размаўляе па-беларуску, то з задавальненнем яго слухаеш і пранікаешся павагай. А яно і зразумела: навошта адракацца ад таго, што табе роднае і блізкае?

А песня? Выконваецца яна на роднай мове — і сэрца пачынае біцца часцей, табой авалодвае нязведанае пачуццё, і ў гэтыя хвіліны ты — найшчаслівейшы чалавек на свеце. Вось якую сілу мае матчына слова!

Можна адмовіцца ад вывучэння роднай мовы, знайсці на гэты конт шэраг прычын, але ж нельга разлюбіць радзіму, маці, дом — тое, што дадзена аднойчы і на ўсё жыццё. Яно роднае, адзінае, святое. І калі чалавек гэта разумее, калі не здраджвае роднай мове — мове бацькоў і дзядоў, то можа па праву лічыць сябе сынам ці дачкой сваёй Айчыны.

АКРАЕЦ, ЛУСТА, КАРАВАЙ

Сёння нават не задумваемся над тым, дзе купіць хлеб, бо ён заўсёды ёсць у продажы ў гандлёвых кропках на любы густ. Мы настолькі прызвычаіліся, што неабходны прадукт штодзённа маецца на стале і не дапускаем думкі, што яго можа не быць.

А як ён даецца? Які шлях прайшоў ад поля да стала? Дарэчы, пра працу на калгасных палетках: неаднойчы даводзілася назіраць за ёю і пранікацца павагай да хлебаробаў. Так шчыраваць могуць толькі людзі, якія моцна адданы сваёй зямлі і могуць ёй служыць спаўна.

А колькі іх, улюбёных у Бацькаўшчыну, працуе на роднай Карэліччыне! У кожнай гаспадарцы сустрэнеш сапраўднага сына зямлі беларускай. Многія тут нарадзіліся, пусцілі карані і асноўны свой абавязак бачаць ў вырошчванні хлеба і служэнні Айчыне.

«Хлеб — усяму галава», — гавораць у народзе. У гэтым выслоўі закладзены вялікі сэнс. А як толькі яго не велічаюць! Называюць скібай, лустай, акрайцам, караваем… А колькі давялося пачуць у дзяцінстве аповедаў пра зайцаў хлеб! А каравай: ім сустракаюць на вяселлі маладых, на ўрачыстасцях — самых паважаных гасцей.

Хлеб. Калі ўспамінаю аб ім, то ўяўляю жытнёвае поле з васількамі, а над роднымі абшарамі — блакітнае неба. Па «залатым моры» плывуць волаты-камбайны, за штурваламі якіх сядзяць майстры сваёй справы. І гэта ніхто іншы, як нашы землякі. Зранку да вечара яны шчыруюць на полі — убіраюць будучы ўраджай.

Кожны дзень адразаем лусту духмянага каравая, успамінаючы аб яго вялікасці час ад часу, хаця цвёрда перакананы, што гэта святыня са святынь, у якую ўкладзены рукі і сэрцы многіх людей. Мы павінны шанаваць хлеб як самую дарагую каштоўнасць і аб гэтым гаварыць дзецям і ўнукам. Каб не згубілася з гадамі павага да Яго Вялікасці і працы хлебароба, а перадавалася з пакалення ў пакаленне.

«МОЙ РОДНЫ КУТ! ЯК ТЫ МНЕ МІЛЫ…»

Хто ж думаў тады, у 70-я-80-я гады ўжо мінулага стагоддзя, калі бацькі адпраўлялі сваіх дзяцей на вучобу ці працу ў вялікія гарады, што нашы вёскі паступова апусцеюць, а ў вокнах некаторых хат не будуць свяціцца агеньчыкі. Бацькі зычылі сваім дзецям іншай долі. І хаця праца на зямлі была пачэснай, але нялёгкай, таму маладыя накіроўваліся ў гарады, а вярталіся да роднага парога нямногія.

Бацькаўшчына была, ёсць і застанецца для нас астраўком дзяцінства і цёплым успамінам. Тым абярэгам, які дапамагае пры сустрэчы з ёю адпачыць душою і набрацца новых сіл. Тут усё сваё, роднае, блізкае, дарагое сэрцу. У маладосці гэтага не разумееш і нават не задумваешся.

Мудрасць прыходзіць з гадамі. Як і авалодвае неймаверная любоў да роднага куточка. Марудзіць з сустрэчай няма калі, ды не патрэбна гэтага рабіць. Чаму не прыязджаць на маленькую радзіму часцей, каб у старасці не кусаць сябе за локці? Ды ці трэба шукаць вінаватых у тым, што нашы вёскі асірацелі? Кожны з нас меў і мае да гэтага дачыненне. Бацькаўшчыну нельга забываць, а трэба любіць усім сваім сэрцам, так, як і матчыну мову.

Галіна СМАЛЯНКА

←Два танкера нефти, два миллиона минчан и тревожные вопросы о коронавирусе - все за вчера

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика