І адкуль тыя сілы браліся! Былыя калгаснікі з Усцярхоў Вера Канстанцінаўна і Мікалай Міхайлавіч Глаз успамінаюць, як людзі працавалі раней
Вера Канстанцінаўна і Мікалай Міхайлавіч Глаз, што з вёскі Усцярхі, жывуць размераным, ціхамірным жыццём. А куды ім спяшацца? На пенсіі абодва, і ўвесь час належыць толькі ім. Гэта раней, калі працавалі ў калгасе, дзень быў распісаны ледзьве не па хвілінах, бо клопатаў было зашмат. Але ж тады былі маладыя, і энергіі хапала на дзесяцярых. Ад тых гадоў у Веры Канстанцінаўны засталіся прыемныя ўспаміны, і яна, а таксама яе муж з вялікай асалодай прыгадалі сваё мінулае.
— Нам ёсць што ўспомніць і чаму навучыць цяперашніх працаўнікоў, — кажа Вера Канстанцінаўна. — Яшчэ зусім нядаўна ў калгасе многае было не так, як зараз. Я магу параўнаць, бо адна з маіх дачок працуе аператарам машыннага даення на ферме ў Поўстцы. Я часта ёй гавару: не ўмееце вы ні жыць нармальна, ні працаваць. Сёння што, усе выгоды створаны для даярак на ферме, а яны не цэняць гэтага. Кажуць, грошай мала плацяць, а мы ўсё роўна ходзім на работу. Так, ходзяць на работу, а не зарабляюць грошы. А мы зараблялі. І я раскажу як. Да прыкладу, падчас працы даяркай я ўручную даіла 33 каровы. Даіць прызвычаілася кулакамі — так мне было лягчэй. Па малочнасці каровы былі розныя, таму пачынала першай даіць тую, у якой малако цякло па валаску. Гэта так у нас называлася, калі вымя ў каровы перапаўнялася малаком і яно невялікімі струменьчыкамі выцякала само. Такое было недапушчальна, бо для нас дарагім быў кожны грам малака. Ведалі: чым больш надоім, тым большая зарплата будзе. Ад каровы ў сярэднім атрымлівалі па 12 кілаграмаў малака, бывала, што даходзіла і да 15 кілаграмаў. Не скажу, што мы былі ідэальныя ва ўсім. Адзін раз, памятаю, ваду ў малако налілі, думалі, што такім чынам літры нам дабавяцца. Атрымалася, што сабе ж зрабілі горш — паплаціліся рублём. Дарэчы, зарплата ў даярак даходзіла да 250 рублёў — чым не стымул старацца? І мы стараліся. Не толькі даілі кароў, а яшчэ раздавалі ім кармы, чысцілі станкі, якія потым засыпалі торфам. І жывёла была чыстая, інакш быць не магло. Мы ж хадзілі па хляве ў тапках. Такі парадак для ўсіх быў нормай. Сёння скажы каму — не паверыць. А было ж яшчэ і так, што гной уручную выкідвалі са стойлаў — гэта калі каровы стаялі ў адным гурце. Па сабе ведаю, што праца жывёлавода не з лёгкіх, але цяпер, у параўнанні з намі, даяркі менш загружаны работай.
— Тое ж самае магу сказаць і пра механізатараў, — уключаецца ў размову Мікалай Міхайлавіч. — Я працаваў трактарыстам, і самы напружаны час для ўсіх наступаў з пачаткам корманарыхтоўкі. Удзень працую на гусенічным трактары, потым крыху перадыхну і саджуся на “Кіравец” — на ім ноччу трамбую зялёную масу ў сянажнай яме. Раніцай прыязджае заатэхнік, каб прыняць маю работу. Глядзіць, наколькі якасна ўсё зроблена, і абавязкова правярае тэмпературу зялёнай масы, яна не павінна перавышаць 39 градусаў. У адваротным выпадку, як кажуць, траншэя “гарыць”. І калі падобнае здаралася, то ўсю адказнасць нёс механізатар, які трамбаваў сянажную яму. За гэта наказвалі рублём: ноч, якую ты працаваў, не залічвалася ў рабочы час і не аплачвалася. І так было справядліва, ніхто не крыўдзіўся, бо ведалі, што самі напартачылі і самі ж адказваем за свае памылкі. Наш старшыня Віктар Андрэевіч Сысой любіў ва ўсім парадак. Бывала, ён казаў: “Я не шкадую грошай. Калі чалавек сумленна працуе — трэба яму заплаціць, але калі лайдачыць, а яшчэ горш — выпівае ды прагульвае работу, то такому чалавеку няма за што плаціць”. Мы, механізатары, шчыравалі ад душы. Зіму тарфакрошку возім, затым сеем, убіраем, а ўвосень зноў аром і сеем. Працэс быў несупынны, і кожны дакладна ведаў сваю работу. А яшчэ ў нас быў строгі кантроль з боку спецыялістаў. Скажам, як пачнецца ўборачная, дык аграном з поля не сыходзіць. Дзень з намі праводзіць і сочыць, як убіраем. Ад нас патрабавалі якасць. Па полі камбайны хадзілі на першай паніжанай хуткасці, а калі хто спрабаваў прыбавіць, то гэта ўжо было парушэннем, за якое пазбаўлялі даплаты. Аграном не бегаў за намі, не сварыўся, а проста спакойна ставіў перад фактам, і гэтага было дастаткова, бо хто ж хацеў страчваць грошы?
— Для нашай вялікай сям’і, а ў нас чатыры дачкі і сын, кожная капейка была на ўліку, — працягвае Вера Канстанцінаўна, — таму муж стараўся, старалася і я. Не толькі даіла кароў, але і дзевяць гадоў гандлявала — падзарабляла. Каля дома ў нас стаяў ларок. Самым хадавым таварам была мука. Прывязуць з мелькамбіната машыну мукі, а яе ўручную трэба разгрузіць. Дзе самой прыходзілася гэта рабіць, дзе муж дапамагаў. Не ведаю, адкуль толькі тыя сілы браліся. А які напружаны графік быў на ферме! Дойка пачыналася ў 4 раніцы і доўжылася да 6 гадзін. Потым ішлі дадому і к 11 зноў на ферму, а дзяжурная даярка яшчэ раней. У 12 гадзін прыходзілі каровы з поля, мы іх расстаўлялі па месцах і пачыналі даіць. Заканчвалі дойку ў 15 гадзін і да вячэрняй дойкі, да 20 гадзін, былі свабодныя. За гэты час дома многа чаго паспявалі зрабіць. Асабіста я любіла хадзіць у ягады. Чарніцы раслі ў нас у лесе за Нязнаннем. Дарога няблізкая. Набярэш ягад, прывяжаш вяроўку да вядра, павесіш яго на спіну ды й ідзеш дадому. Многа чаго паспявалі за лета перарабіць. Адны буракі колькі часу аднімалі. У калгасе брала па 50 сотак кармавых і цукровых буракоў. Гэта ж трэба было іх спалоць, а потым восенню ўбраць. Добра, што дзеці дапамагалі. Я вось цяпер успамінаю мінулае, і мне здаецца, што хоць і цяжэй тады было, але нейкі парадак быў ва ўсім. Не памятаю, каб каровы ў нас калі галадалі. Кармоў было ўдосталь. Можа, таму, што людзі інакш адносіліся да работы і стараліся для калгаса, як для сябе. Толькі падумаць, у 80-я гады мінулага стагоддзя адных толькі паляводаў у нашай брыгадзе было 19 чалавек. Гэта ж такая рабочая сіла. Іншы раз сядзеш, перабярэш у памяці мінулае і скажаш сам сабе: не, мы жылі лепей. Гаравалі больш, але затое радаваліся кожнаму пражытаму дню. Знаходзілі час і на працу, і на адпачынак. Нават у клуб хадзілі. Гулялі дапазна, а назаўтра сонныя, але ішлі на работу. І не адбывалі дзень да вечара, а працавалі як след. Яшчэ гадоў трыццаць таму спадзяваліся толькі на свае сілы. А цяпер што? Амаль адны спажыўцы. А трэба так, каб зарплату ўсе атрымлівалі ад прадукцыі. І калі яна выходзіць невялікая, то вінаваціць трэба ў тым не каго-небудзь, а сябе. Можа, тады людзі задумаюцца і парадак ва ўсім будзе.
Вольга ЧУЧВАЛ
Фота аўтара