Как сортируют мусор на осиповичском полигоне твёрдых бытовых отходов
Усё — наша
Галоўная праблема ўтылізацыі асіповіцкага смецця — мнагакратная перагрузка гарадскога палігона цвёрдых камунальных адыходаў
Прыём адкідаў тут павінен быў прыпыніцца яшчэ ў 2014 годзе, аднак з-за адсутнасці сродкаў скончыць будоўлю новай пляцоўкі для захавання ЦКА не атрымалася і дагэтуль.
Размяшчэнне звышнарматыўнага аб’ёму смецця для УКП ЖКГ вялікі галаўны боль, аднак сёння хацелася б засяродзіць увагу на іншым: пры больш сур’ёзных адносінах землякоў да раздзельнага збору адыходаў смеццевая гара расла б не такімі хуткімі тэмпамі.
Нехта скажа: “Навошта напружвацца, калі ўсё роўна прыедзе адна машына і зваліць рассарціраванае ў агульную кучу”. З такой пазіцыяй цяжка спрачацца, бо недахоп спецтранспарту — адна з рэалій жыцця нашых камунальнікаў. Тым не менш пераканаўчы аргумент ёсць.
На палігоне дзейнічае брыгада сарціроўшчыкаў, чыя задача — вымаць з агульнай масы смецця максімальна магчымую колькасць шкла, пластыку, паперы, тэкстылю, металаў. Так што калі другасныя рэсурсы адразу патрапяць сюды ў асобных мяхах, збор іх стане хоць крыху лягчэйшым.
Дык чаму б не дапамагчы людзям, якія робяць важную для ўсіх справу? Тым болей што такая дапамога практычна не патрабуе часу і грошай.
І яшчэ — пра сезоннае смецце. Асіповіцкая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадвае, што яліны пасля заканчэння навагодніх свят трэба выносіць на кантэйнерныя пляцоўкі для далейшай перапрацоўкі і выкарыстання ў якасці паліва ці кампосту.
Дзмітрый САЎРЫЦКI. Фота аўтара.
d.savrickiy@gzt-akray.by