У Асіповічах праходзіць традыцыйная выстава “Калядны калейдаскоп”
Гэта трэба бачыць!
На ёй прадстаўлена больш за 130 работ выхаванцаў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладной накіраванасці: “Аплікацыя саломкай”, “Бісерапляценне”, “Сувенір”, “Чараўніца”, “Вдохновение”, “Юны мастак” і іншыя. Па словах педагога дадатковай адукацыі, мастацкага кіраўніка ўзорнай студыі “ЦУД” Святланы Пацкевіч, для экспазіцыі былі адабраны лепшыя вырабы дзяцей, якія адлюстроўваюць калядна-навагоднюю тэматыку. Рабяты заўсёды з задавальненнем рыхтуюцца да штогадовага мерапрыемства. Разам з настаўнікамі думаюць над сюжэтамі, старанна падбіраюць патрэбны матэрыял, выкарыстоўваюць сучасныя тэхнікі. Тут можна ўбачыць лясных прыгажунь, герояў казак, навагодніх персанажаў, калядныя вянкі і шмат чаго яшчэ. Усе прадстаўленыя вырабы — сапраўдныя творы мастацтва. У кожнай прысутнічае душа майстра, цеплыня яго рук і любоў да зімніх свят. Выставу, якая працягнецца па 18 студзеня, наведваюць бацькі навучэнцаў, выхаванцы дзіцячых садкоў. Для жадаючых асвоіць тое ці іншае рамяство педагогі могуць правесці майстар-класы.